Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволеным шукаюць адвакатаў, сьведкаў выклікаюць на допыты


Мілана Міхалевіч знайшла новага адваката для абароны свайго мужа, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча, зьняволенага ў турме КДБ. У Менску і Наваградку супрацоўнікі КДБ працягвалі допыты.

Міністэрства юстыцыі афіцыйна пацьвердзіла, што адвакаты Алег Агееў, Тацяна Агеева, Уладзімер Тоўсьцік і Тамара Гараева пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій. Тоўсьцік і Гараева – былыя адвакаты Ірыны Халіп, якая знаходзіцца пад сьледзтвам і хатнім арыштам у сувязі з падзеямі 19 сьнежня ў Менску. Алег Агееў – былы адвакат Алеся Міхалевіча, а Тацяна Агеева – маці адваката.

У размове з карэспандэнтам "Свабоды" Алег Агееў сказаў, што цяпер ня зможа займацца адвакацкай дзейнасьцю. Ён адмовіўся камэнтаваць рашэньне мінюсту.

Жонка Алеся Міхалевіча Мілана, сказала, што спадар Агееў "вельмі сумленны чалавек, прафэсіянал сваёй справы". Аднак яна вымушаная была шукаць новага адваката. І нарэшце сёньня гэта ўдалося. Аднак назваць яго імя спадарыня Мілана адмовілася.

"Мы шукалі адваката з аўторка. Проста вельмі мала людзей засталося, мала свабодных адвакатаў. Вы ведаеце, колькі чалавек праходзіць па справе. Ну вось сёньня падпісалі дамову з адвакатам з той жа кансультацыі".

Мілана распавяла, што пасьля допыту ў панядзелак, пакуль ніякіх навінаў не было.

У Менску сёньня на допыт у КДБ у якасьці сьведкі па справе аб масавых беспарадках, у другі раз выклікалі намесьніка старшыні “Маладога фронту” Мікалая Дземідзенку.

Допыт пачаўся ў 15 гадзінаў і скончыўся каля восьмай вечара. Тэлефоны Мікалая не адказвалі. Мінулы раз яго дапытвалі пра дзейнасьць Маладога фронту і яго лідэраў, схілялі да дачы паказаньняў супраць сваіх паплечнікаў.

Маладафронтаўцамі цікавіліся сёньня і пад час допыту ў Наваградку. Там у 11 гадзін у мясцовае КДБ выклікалі ў якасьці сьведкі па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня ў Менску пастара пратэстанцкай царквы "Новае пакаленьне" Ўладзімера Качагура.

"Нас выклікалі і назвалі тры прозьвішчы,супраць якіх мы павінны былі сьведчыць. Гэта Наста Палажанка, Алесь Кіркевіч з Горадні і Ўладзімер Яроменак. Усе маладафронтаўцы. Яны спыталі ведаеце ці не ведаеце. Я кажу, хлопцы гэта не мае сэнсу, я з вамі такім чынам размаўляць не буду".

Пастар пайшоў у КДБ разам са сваім афіцыйным прадстаўніком, таксама сябрам царквы Сяргеем Ваўчком. Але спадара Ваўчка таксама выклікалі на допыт на 14 гадзін і супрацоўнікі КДБ адмовіліся дапытваць спадара Качагура ў прысутнасьці Ваўчка, бо той, маўляў, праходзіць сьведкам па гэтай жа справе. Калі супрацоўнікі КДБ даведаліся, што спадар Ваўчок прыйдзе на допыт са сваім прадстаўніком пастарам Уладзімерам Качагурам, яны тут жа папрасілі напісаць, чаму і ён нібыта "адмаўляецца ад паказаньняў". Спадар Качагур распавёў:

"На гэтым допыце начальнік КДБ спытаў, а што ж такога дрэннага вам зрабіла наша ўлада? Вы пастар, вы сьвятар. Ну напрыклад, забілі Захаранку, Ганчара, Красоўскага... Ведаеце, ён нават пабляднеў. На мяне глядзіць і са злым такім выглядам кажа, а што вас асабіста гэта закранула? Я кажу, мяне так. А што вас не закранула? Ён кажа, гэта было даўно і дзе доказы? Адкуль вы ведаеце. А я кажу, а вы што кнігу "Расстрэльная каманда" вы не чыталі"?

На 18 лютага ў Наваградку ў КДБ выклікаюць яшчэ двух сяброў царквы "Новае пакаленьне" Дар'ю Бахар і Юрыя Казака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG