Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў — чацьвёрты беларускі намінант на літаратурнага Нобэля


Уладзімер Някляеў
Уладзімер Някляеў
Былы кандыдат на прэзыдэнта, які знаходзіцца пад хатнім арыштам, паэт Уладзімер Някляеў вылучаны на літаратурнага Нобэля. Такое рашэньне прыняў 17 лютага на сваім сходзе Беларускі ПЭН-цэнтар. Гэта ўжо чацьвёрты па ліку намінант ад Беларусі на самую прэстыжную ў сьвеце літаратурную прэмію.

Васіль Быкаў
у сьпісе беларускіх намінантаў на Нобэля быў першым. У 2001 годзе ягоную кандыдатуру вылучыў Польскi ПЭН-цэнтар, да польскіх літаратараў далучыліся беларускія сябры і калегі зь іншых краінаў.

Васіль Быкаў не пасьпеў атрымаць гэтае прэміі — самага знанага ў сьвеце зь беларускіх літаратараў ня стала праз два гады пасьля вылучэньня. Імя намінанта на Нобэля ў сьпісах можа фігураваць шмат гадоў (леташні ляўрэат пэруанец Марыё Варгас Льёса, да прыкладу, чакаў узнагароды дзесяць гадоў), але ганаруюцца ёю толькі жывыя.

У 2005-м на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі шэраг духоўных асобаў ініцыявалі вылучыць Рыгора Барадуліна. Кандыдатуру падтрымалі літаратары Беларусі, Украіны і іншых краінаў. Тая ініцыятыва ня скончылася посьпехам, але ў 2007-м народны паэт Беларусі быў паўторна вылучаны на Нобэлеўскую прэмію за зборнік паэзіі «Ксты».

Камітэт стакгольмскіх акадэмікаў не афішуе свае рашэньні па намінантах, але па некаторых неафіцыйных зьвестках імя Рыгора Барадуліна фігуруе ў сьпісах прэтэндэнтаў і цяпер.

Летась пра свой намер атрымаць літаратурнага Нобэля заявіў Георгі Марчук, яго вылучыў праўладны Саюз пісьменьнікаў Беларусі.

Што ж да сёньняшняга рашэньня Беларускага ПЭН-цэнтру, то ягоны старшыня Андрэй Хадановіч заявіў:

Андрэй Хадановіч
«Мы зьбіраемся абмяркоўваць ўсю працэдуру вылучэньня і стратэгію, з гэтым зьвязаную, на найбліжэйшай радзе. Нам сход даручыў як радзе выканаць гэта. Але я ўжо на сходзе падчас абмеркаваньня дазволіў сабе рэпліку на тэму не паўтараць памылак папярэдняга вылучэньня».

Маецца на ўвазе найперш якасьць перакладаў твораў намінанта на самыя распаўсюджаныя мовы сьвету. Для швэдзкіх акадэмікаў, апроч усяго іншага, мае значэньне імя перакладчыка і аўтарытэт выдавецтва, якое выпускае перакладзеную кнігу. Ніхто не прымае да ўвагі саматужна выдадзеныя кнігі на радзіме вылучанага пісьменьніка. Так што ў гэтым сэнсе працы Беларускаму ПЭН-цэнтру па прасоўваньні да мэты свайго кандыдата — непачаты край. Што праўда, апошнім часам у сьвеце ўжо ёсьць вядомыя перакладчыкі непасрэдна зь беларускай.

Дзьмітры Плакс
У Швэцыі, да прыкладу, вельмі шануюць пераклады Дзьмітра Плакса, які нам прызнаўся, што з задавальненьнем узяўся б за працу над прозай спадара Някляева, якая, на ягоную думку, выкліча большую, чым паэзія, цікавасьць у заходнім сьвеце. Што ж да шанцаў атрымаць беларусу гэтым разам Нобэля, то спадар Плакс сказаў:

«Ніхто ня ведае, чым насамрэч кіруецца ў сваім выбары Швэдзкая акадэмія, акрамя пэўных якасных крытэраў, пра якія таксама, як пра ўсё іншае, можна заўжды спрачацца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG