Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азараў патлумачыў недалучэньне Кіева да міжнароднай заявы па Беларусі


Польскі прэм’ер-міністар Дональд Туск і яго ўкраінскі калега Мікола Азараў на прэсавай канфэрэнцыі пасьля саміту «Вышаградскай чацьвёркі»
Такую заяву з асуджэньнем парушэньня правоў чалавека ў Беларусі зрабілі сёньня на саміце «Вышаградскай чацьвёркі» ў Браціславе кіраўнікі ўрадаў Нямеччыны, Аўстрыі, Польшчы, Славаччыны, Вугоршчыны і Чэхіі. Украінская дэлегацыя, якая таксама ўдзельнічала ў сустрэчы, да гэтай заявы не далучылася.

У размове з журналістамі прэм’ер-міністар Украіны Мікола Азараў патлумачыў:

«Такія дакумэнты ствараюцца не за пяць хвілін. А Ўкраіна атрымала тэкст гэтага пагадненьня сёньня раніцай. Ёсьць адпаведная працэдура разгляду такіх заяў, калі краіна падпісваецца пад пэўнай заявай».

Пры гэтым украінскі прэм’ер таксама адзначыў, што Ўкраіна з улікам яе добрых стасункаў зь Беларусьсю можа іншымі сродкамі паўплываць на сытуацыю з правамі чалавека ў гэтай краіне.

«Беларусь, па-першае, — краіна, зь якой у нас усе межы адкрытыя, існуе дагавор аб свабодным гандлі, мы найбліжэйшыя суседзі, і тое, што адбываецца ў Беларусі, ня можа нас не хваляваць. Гэты клопат, улічваючы ацэнкі , якія цяпер даюцца эўрапейскімі краінамі, мы можам данесьці да кіраўніцтва Беларусі іншымі спосабамі, і гэта мы, дарэчы, і робім», — адзначыў Азараў.

Паводле словаў Азарава, Украіна лічыць, што дыялёг зможа прынесьці больш карысьці, чым падпісаны дакумэнт, які ўкраінскі бок ня меў магчымасьці дэталёва вывучыць.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG