Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Financial Times: Арабская хваля не закране постсавецкіх дзяржаваў


Паводле Ніла Баклі, камэнтатара і фэльетаніста Financial Times, народныя рэвалюцыі ў Тунісе і Эгіпце, хутчэй за ўсё, ня выклічуць ніякага водгуку на постсавецкай тэрыторыі і не падымуць новай хвалі "каляровых" рэвалюцый.

Прапануем вашай увазе пераклад фрагмэнту камэнтара Баклі, у якім аўтар абгрунтоўвае сваё цьверджаньне.

(...) Некаторыя ўжо пачалі рабіць сьмелыя прадказаньні. Радаслаў Сікорскі, міністар замежных справаў Польшчы, у гэтым месяцы перасьцярог Аляксандра Лукашэнку, прэзыдэнта Беларусі, які здушыў пратэст апазыцыі ў сьнежні: "Раней ці пазьней вы будзеце вымушаныя ўцякаць ад сваіх суграмадзянаў". (...)

Але ёсьць прычыны, каб засумнявацца ў тым, што грамадзяне былых савецкіх рэспублік выйдуць на вуліцы, каб пачаць новы раўнд "каляровых" рэвалюцый, сьведкамі якіх яны былі ў 2003-2005 гг.

Па-першае, "каляровыя" рэвалюцыі пакінулі неадназначную спадчыну. Ва Ўкраіне і Кіргізстане вынікі рэвалюцый былі фактычна ануляваныя, хоць пасьля другога паўстаньня летась Кіргізстан пачаў экспэрымэнтаваць з парлямэнцкай дэмакратыяй. Лідэр "рэвалюцыі ружаў" 2003 году ў Грузіі, прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі, зьбірае пахвалы за рэформы, але апанэнты абвінавачваюць яго ў кіраўніцтве жалезнай рукою.

Па-другое, аўтарытарныя лідэры савецкай эпохі часта цешацца папулярнасьцю ў народзе. Як Уладзімер Пуцін у Расеі, так Лукашэнка ды Назарбаеў, хутчэй за ўсё, карыстаюцца падтрымкай большасьці, хоць і не без дапамогі паслухмяных сродкаў масавай інфармацыі і спэцслужбаў, якія працуюць на тое, каб апазыцыя заставалася слабой і падзеленай.

Шмат каму зь беларусаў падабаецца стабільнасьць, нізкі ўзровень беспрацоўя і зносныя заробкі ды пэнсіі ў квазі-савецкай сыстэме спадара Лукашэнка. Але ён можа ўтрымаць яе толькі дзякуючы велізарным субсыдыям з Расеі, якая забясьпечвае танныя энэрганосьбіты і рынак для беларускіх тавараў. Даўгавечнасьць Лукашэнкі можа залежаць у найбольшай ступені ад таго, ці будзе працягвацца шчодрасьць Масквы.

У багатым на нафту Казахстане спадар Назарбаеў выкарыстаў свой адносна асьвечаны аўтарытарызм для ўмацаваньня пачуцьця нацыянальнай ідэнтычнасьці, якога раней амаль не існавала, і для правядзеньня рынкавых рэформаў, якія прыцягнулі 150 мільярдаў даляраў замежных інвэстыцый. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG