Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане МАЗ філіяй КамАЗу?


Расейская дзяржаўная карпарацыя "Ростехнологии" накіравала ўраду Беларусі прапанову аб'яднаць "КамАЗ" і Менскі аўтамабільны завод. Пра гэта сёньня паведаміў прэзыдэнт "Ростехнологий" Сяргей Чэмезаў, паведамляе РИА-Новости.

Паводле прапанаванай схемы пасьля аб'яднаньня кампаній расейскае прадпрыемства стане 100-адсоткавым уладальнікам "МАЗу", тады як беларускія ўлады атрымаюць у сваё распараджэньне толькі пэўны пакет акцый Камскага аўтазаводу. Паводле Чэмезава, гэта нават "наўрад ці будзе блякуючы пакет", аднак дакладную долю можна будзе назваць толькі пасьля ацэнкі "МАЗу" расейскім бокам.

У цяперашні час Менскі аўтазавод зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам. На ім вядзецца выпуск грузавых аўтамабіляў, шасі, прычэпаў і аўтобусаў. У сваю чаргу, амаль палова кампаніі "КамАЗ" (49,9%) належыць дзяржкарпарацыі "Ростехнологии", яшчэ 27,3% - кампаніі "Тройка Диалог". Акрамя таго, акцыянэрамі Камскага аўтазаводу зьяўляюцца Daimler (11%) і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця (4%).

Між тым "КамАЗ" апошнія гады перажывае пэўныя праблемы. Калі ў 2008 годзе завод прадаў 47.5 тысяч машын, то ў 2009 і 2010 гадах – менш чым па 30 тысяч штогод. У 2009 годзе завод прыпыняў вытворчасьць 9 разоў, ў жніўні 2010 году вытворчасьці была спыненая на месяц.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG