Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі ідзе кампанія за спрашчэньне візавага рэжыму ЭЗ для беларусаў


Швэдзкая ініцыятыва за дэмакратыю і правы чалавека Оstgruppen вядзе маштабную кампанію за спрашчэньне ўмоваў уезду беларусаў у краіны Эўразьвязу.

Оstgruppen — удзельнік кааліцыі Coalition for Europe undivided by visa barriers, якая аб'ядноўвае прыкладна 35 арганізацый.

Хана Судэрбаўм, адна зь ініцыятараў акцыі бясплатных віз для беларусаў, актыўны член Оstgruppen, мяркуе, што для пачатку можна было б паменшыць кошт віз, а ў пэрспэктыве наогул адмяніць аплату за іх.

"Я лічу, што зьняцьце візавага бар'еру паміж Беларусьсю і краінамі Эўразьвязу стала б больш адчувальнай, рэальнай падтрымкай грамадзянскай супольнасьці Беларусі, — сказала Судэрбаўм. — Гэта вельмі важна для разьвіцьця і падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі. Беларусы павінны мець паўнацэнную магчымасьць паўнацэнна перамяшчацца па Эўропе, сустракацца і знаёміцца з новымі людзьмі, глыбей пазнаваць іншыя эўрапейскія краіны, іх культуру, грамадзтва, традыцыі".

Ініцыятыва Оstgruppen ужо накіравала адпаведныя звароты да кіраўніцтва краін Эўразьвязу, таксама да акцыі актыўна падключылася швэдзкая прэса. "Я думаю, што ў недалёкай будучыні было б добра ў прынцыпе адмяніць любыя візы для беларусаў", — мяркуе Судэрбаўм.

Оstgruppen — адна з самых актыўных швэдзкіх арганізацый, якія займаюцца правамі чалавека ў Беларусі і падтрымкай грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Акрамя іншага, нядаўна ініцыятыва афіцыйна ўвайшла ў Камітэт па міжнародным кантролі за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

"Я ведаю, як цяжка цяпер грамадзянам Беларусі атрымаць візы ў краіны Эўразьвязу. На мой погляд, падобная тэндэнцыя ня вельмі добра ўплывае і на імідж ЭЗ у цэлым. Зьмякчэньне ўмоў уезду для беларусаў стала б сапраўдным жэстам салідарнасьці эўрапейскай супольнасьці ў дачыненьні да грамадзян Беларусі", — перакананая Хана Судэрбаўм.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG