Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ супраць сьвятога Валянціна


Актывісты "Маладога фронту" сёньня спрабавалі зладзіць акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі з нагоды Дня сьвятога Валянціна. Яны накіравалі лідэрам арганізацыі, якія знаходзяцца ў турме пасьля падзеяў 19 сьнежня, а таксама ўсім палітычным вязьням "амэрыканкі" віншавальныя паштоўкі. Аднак да будынку КДБ удалося дайсьці толькі асобным актывістам "Маладога фронту".

Супрацоўнікі спэцслужбаў у цывільным сустракалі магчымых удзельнікаў акцыі і журналістаў далёка на падыходах да будынку КДБ і задоўга да прызначанага часу, не зважаючы на моцны мароз і вецер. У выніку зь віншавальнымі паштоўкамі да дзьвярэй, дзе прымаюць перадачы, здолела дабрацца толькі Ганна Шаруба, якая паведаміла "Свабодзе":

"Мы плянавалі перадаць сваім зьняволеным паплечнікам паштоўкі — віншаваньні з днём сьвятога Валянціна — плянавалі, што імпрэза будзе нешматлюдная. Аднак тут увесь будынак ачэплены, "ціхары" вакол, і той наш юнак, які меўся прынесьці "валянцінкі", паштоўкі ды іншыя сувэніры, пэўна, ня здолеў дайсьці. Паўгадзіны таму зь ім была тэлефонная сувязь, а зараз ён не адказвае. Не адказваюць на тэлефанаваньні і іншыя нашы актывісты — чалавек пяць — якія плянавалі прыйсьці сюды. Таму паспрабуем перадаць тыя некалькі паштовак, якія ёсьць".

Дапамагчы Ганне Шарубе перадаць віншавальныя паштоўкі палітвязьням узялася спадарыня Ніна, якая адмыслова прыйшла на акцыю, каб падтрымаць маладафронтаўцаў. Вось як яна пракамэнтавала падзеі Валянцінавага дня каля КДБ:
яшчэ на подступах вылоўлівалі, затрымлівалі маладых людзей, і яны так і не дайшлі ...

"Я ўчора была ў касьцёле, там даведалася, што будзе моладзевая акцыя, і вось прыйшла да будынку КДБ, каб падтрымаць. І што я назіраю: яшчэ на подступах вылоўлівалі, затрымлівалі маладых людзей, і яны так і не дайшлі да месца. Гэта антынародная дыктатура і ўлада, якая трымціць, баіцца і ненавідзіць людзей, якія любяць сваё".

Намесьнік старшыні "Маладога фронту" Мікола Дземідзенка быў затрыманы, калі выходзіў з дому, і на момант правядзеньня абвешчанай акцыі знаходзіўся ў пастарунку. Пасьля вызваленьня Мікола Дземідзенка паведаміў:

Мікола Дземідзенка
"Я выйшаў з кватэры, а на пляцоўцы мяне ўжо чакалі супрацоўнікі ў цывільным, якія адразу ж забралі ў мяне тэлефон. Калі выйшлі ў двор, то там стаяў аўтобус зь людзьмі ў цывільным і пяць супрацоўнікаў АМАПу. Мяне пасадзілі ў аўтобус і адвезьлі ў Маскоўскі РАУС. Там цягам дзьвюх гадзін мяне распытвалі пра крадзеж магнітолаў з аўтамабіляў, а затым адпусьцілі. Я прыехаў да будынку КДБ і яшчэ пасьпеў пабачыць там сваякоў Міхалевіча, Фядуты і Статкевіча, мы разам падпісалі нашы паштоўкі і дашлём іх праз паштамт".

Як паведаміў Мікола Дземідзенка, сёньня ад імя "Маладога фронту" ён таксама падаў заяўку ў Менгарвыканкам на правядзеньне вулічнай акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка. Акцыя мае быць пратэстнага характару, а яе правядзеньне падтрымліваюць большасьць моладзевых арганізацый. Паводле пададзенай заявы, акцыя "Маладога фронту" на Дзень Волі 25 сакавіка павінна пачацца а 18.00 на пляцы Волі з далейшым шэсьцем да плошчы Незалежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG