Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд разглядае пазоў "Аўтарадыё" ў закрытым рэжыме


У Вышэйшым гаспадарчым судзе сёньня пачалося слуханьне пазоваў менскай радыёстанцыі "Аўтарадыё" да Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні і Міністэрства інфармацыі Беларусі.

Радыёстанцыя просіць суд прызнаць несапраўднымі рашэньне камісіі аб спыненьні вяшчаньня "Аўтарадыё" і папярэджаньне Мінінфарму.

Меркавалася, што слуханьні будуць адкрытымі, і 11 лютага ля будынка суду сабралася каля дзясятка журналістаў. Аднак у апошні момант галоўнаму рэдактару "Аўтарадыё" Юрыю Базану паведамілі, што сёньняшняе пасяджэньне пройдзе ў закрытым рэжыме, бо на ім будуць разглядацца толькі працэсуальныя пытаньні.

Вяшчаньне "Аўтарыдё" было спынена 12 студзеня паводле рашэнья Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні. Паводле афіцыйнай фармулёўкі, прычынай стала распаўсюджваньне ў эфіры радыёстанцыі інфармацыі, "якая зьмяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці". Аналягічная прычына была ўказана ў папярэджаньні Мінінфарму.

1 лютага ў Вышэйшым гаспадарчым судзе прайшло падрыхтоўчае пасяджэньне па пазовах, падчас якога судзьдзя разгледзеў пададзеныя бакамі дакумэнты. У прыватнасьці, з боку Мінінфарму быў прадстаўлены водзыў на абедзьве пазоўныя заявы.

Як паведаміў Юрый Базан, "самае вострае пытаньне, паднятае ў гэтым водгуку, тычыцца распаўсюджваньня радыёстанцыяй заклікаў да экстрэмісцкай дзейнасьці". Рэдактар растлумачыў: маецца на ўвазе фраза экс-кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава аб тым, што "лёс краіны вырашаецца не на кухні, а на плошчы", якая прагучала ў эфіры "Аўтарадыё" ў пэрыяд перадвыбарнай кампаніі.

Базан падкрэсьліў, што, паводле Закона аб друку, закрыцьцё СМІ магчымае толькі ў судовым парадку.

***

"Аўтарадыё-Менск" было зарэгістравана ў 1992 годзе. Гэта першая ў Беларусі радыёстанцыя, якая пачала вяшчаньне пасьля распаду СССР. Да 1 студзеня 1995 году станцыя працавала толькі на частаце 67.7 УКХ, пасьля чаго мела перапынак у вяшчаньні да лета 1999 году. Затым "Аўтарадыё" аднавіла вяшчаньне на той жа частаце ў новым фармаце — "20 хвілін". 4 сьнежня 2001 году была афіцыйна запушчана паралельная частата 105.1 FM. "Аўтарадыё" зьяўляецца адзінай у Беларусі прыватнай радыёстанцыяй, якая мае ўласныя FM-перадатчыкі і антэну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG