Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя прафсаюзы крытыкуюць плян ураду


Андрэй Харкавец
Андрэй Харкавец
Міністэрства фінансаў Беларусі выступіла з прапановай скараціць колькасць занятых у бюджэтнай сфэры на 10-15%. Пра гэта 9 лютага заявіў міністар фінансаў Андрэй Харкавец. Ён прывёў такі аргумэнт: у адукацыі, культуры, ахове здароўя, сацыяльным абслугоўваньні занята 17,5% працоўных. А ў суседніх краінах гэты паказчык вагаецца ад 12,8% (у Латвіі) да 16,8% (у Расеі). У той жа час Беларусь па колькасьці міністэрстваў і ведамстваў, а таксама чыноўнікаў, бюракратычнага апарату значна абганяе суседзяў.

Паводле ацэнак Андрэя Харкаўца, прывядзеньне колькасьці занятых у бюджэтнай сфэры ў адпаведнасьць з рэальнымі патрэбамі эканомікі дазволіць скараціць расходы бюджэту на 2 трыльёны рублёў. Міністар лічыць неабходным усталяваць ліміт фінансаваньня для галіновых міністэрстваў і рэгіёнаў з улікам эканамічных магчымасцяў дзяржавы. На яго думку, «штаты арганізацый павінны падладжвацца пад магчымасьці бюджэту».

Былы прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Чыгір што да скарачэньня настаўнікаў ды іншых працаўнікоў бюджэтнай сфэры кажа:

«Куды ж настаўнікаў скарачаць? У настаўнікаў усё пралічана, колькі вучняў на настаўніка. Іншая справа, што чыноўнікаў у краіне занадта шмат. Занадта — пачынаючы з банкаў, зь міністэрстваў. Што, нам патрэбна такое Міністэрства эканомікі, якое ў нас ёсьць? Вядома, не. А куды ж настаўнікаў скарачаць? Там няма каго скарачаць!»

Кіраўнікі афіцыйных галіновых прафсаюзаў паведамленьнем пра такое істотнае скарачэньне спачатку былі агаломшаныя. Старшыня рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў адукацыі і навукі Аляксандар Бойка кажа, што колькасьць настаўнікаў, выхавальнікаў, выкладчыкаў ПТВ і ВНУ залежыць у першую чаргу не ад магчымасьцяў бюджэту, а ад дэмаграфічнай сытуацыі ў краіне:

«Я ня ведаю, каго ён мае на ўвазе. Настаўніка ж не скароціш, калі дзеці ёсьць. Можа, ён мае на ўвазе чыноўны люд? У нас жа праца і зарплата залежаць ад дэмаграфічнай сытуацыі ў першую чаргу. Таму тут трэба вельмі асьцярожна ставіцца. Праблема будзе з кожным годам нарастаць для настаўнікаў старэйшых клясаў, ПТВ. А калі яшчэ пойдзе скарачэньне, зьверху ініцыяванае, — дык трэба быць надзвычай асьцярожнымі».
Настаўніка ж не скароціш, калі дзеці ёсьць.


Старшыня Цэнтральнага прафсаюзу работнікаў культуры Натальля Агеева: «15% — так ужо „загнулі“, што далей няма куды загібаць… Мы, канечне ж, занепакоеныя. У людзей кантракты. Але звольніць чалавека проста так — складана. Павінны даваць выходныя дапамогі, прадастаўляць працоўныя месцы, Цэнтар занятасьці павінен трымаць на ўліку, і стаж павінен ісьці. Так што ня так проста скарачаць. Ня будзе ў нас масавага скарачэньня. Людзі нашы цярпець ня будуць. Народ у нас цярплівы, цямлівы, але ж да пары да часу…»

Незалежныя экспэрты ў адзін голас кажуць, што латаць дзіркі ў бюджэце пачынаюць ня з тых — трэба сакрачаць колькасьць міністэрстваў, кіроўны апарат, чынавенства. Дарэчы, пра магчымую трансфармацыю органаў кіраваньня казаў і новы прэм’ер Міхаіл Мясьніковіч. Прычым, як ён выказаўся, «з магчымым зьліцьцём тых міністэрстваў, якія ўжо выканалі свае функцыі».

Аляксандар Сасноў
Былы мінстар працы Аляксандар Сасноў: «У тым, што сказаў Мясьніковіч, што трэба скарачаць міністэрствы, я цалкам згодны. Але яны ня хочуць скарачаць галоўнае. Я б, напрыклад, скараціў на 100 тысяч колькасьць беларускіх міліцыянтаў. Вось гэта была б рэальная эканомія — больш за мільярд даляраў у год. А яны, відаць, пачнуць лекараў ды настаўнікаў скарачаць. Было 25 вучняў у клясе на настаўніка, а стане 35 — 40. Каму будзе лепей? Тых скарачаць трэба, хто гэта прыдумляе».

Дарэчы, Беларусь зьяўляецца лідэрам па колькасьці міністэрстваў: у краіне іх 26. Да таго ж, 12 дзяржаўных камітэтаў і дзярждэпартамэнтаў. Плюс амаль дзясятак канцэрнаў, ня кажучы ўжо пра шматлікія сілавыя структуры, праваахоўныя, судовыя органы, дэпутатаў.

Аляксандар Сасноў: «Я не магу сказаць, колькі міністэрстваў патрэбна — можа, больш, можа, менш. Самае галоўнае — каб эканомікай не кіравалі міністэрствы. Вось якія ланцугі трэба зьнішчаць — менавіта тыя міністэрствы і ведамствы, якія кіруюць вытворчасьцю».

Карэспандэнтка: «То бок, да прыкладу, Міністэрства прамысловасьці можа і ня быць?»

Сасноў: «А яно не патрэбна ўвогуле. Асабліва непатрэбныя вось гэтыя канцэрны дзяржаўныя, якія кіруюць рознымі галінамі вытворчасьці».

Міхаіл Чыгір
Міхаіл Чыгір: «Справа ж ня ў тым, колькі ў нас міністэрстваў. Можна зрабіць міністэрстваў і болей, чым у нас ёсьць, але ў міністэртвах менш чыноўнікаў. Вось паглядзіце, у Расеі Міністэрства сацразьвіцьця і аховы здароўя — узялі і разам аб’ядналі на вялікую краіну ў адно міністэрства. У нас два міністэрствы. І ня так важна, колькі чыноўнікаў на самым версе — вельмі важна, колькі чыноўнікаў унізе. Раней паўсюль былі райкамы партыі, цяпер іх няма, а райвыканкамы так разрасьліся, што ўсё адно месцаў не хапае, трэба новыя будынкі ўзводзіць».

Бюракратычны апарат з кожным годам павялічваецца. Да прыкладу, гадоў 5 таму ў многіх гарадах — Барысаве, Маладзечне, Слуцку, Салігорску — аб’ядналі гарвыканкамы і райвыканкамы. У выніку колькасьць чыноўнікаў мясцовай вэртыкалі не скарацілася, як задумвалася, а павялічылася. Яшчэ адзін прыклад: днямі новы віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік паведаміў дакладную лічбу: толькі ў апараце Савету Міністраў — 332 адказныя супрацоўнікі. Міхаіл Чыгір кажа, што ў 1994 — 96 гадах, калі ён быў прэм’ерам, штат апарату быў значна меншым.

«А ў нас жа ёсьць яшчэ адзін Савет Міністраў — гэта Адміністрацыя прэзыдэнта, якая дублюе ўсю працу, якую Савет Міністраў робіць. А ў банках што адбываецца? Гэта ж сьмеху варта. Дзяржаўны банк „Белаграбанк“ і былы ашчадбанк „Беларусбанк“, і паміж сабой такую вайну за кліента вядуць! Аграбанк пачынае крэдытаваць насельніцтва, ашчадбанк крэдытуе калгасы з саўгасамі… Пастваралі структуры, панабіралі з пракуратуры, міліцыі людзей, пабудавалі сабе офісы — а гэта потым усё ў працэнты кліентам».

У штаце Кіраўніцтва справамі прэзыдэнта працуе ўсяго 70 чалавек. А бюджэт яго летась склаў 245 мільярдаў беларускіх рублёў (82 мільёны даляраў у эквіваленце). Сёлета на Кіраўніцтва спраў закладзена 128 мільёнаў даляраў — амаль па 2 мільёны даляраў на працаўніка.

Акадэмія кіраваньня ў 2011 годзе «пацягне» на 3,8 мільёна даляраў, Апэратыўна-аналітычны цэнтар пры прэзыдэнце падаражэе з 4,2 мільёна даляраў летась да $5,4 мільёна ў 2011 годзе. Служба бясьпекі прэзыдэнта летась каштавала амаль столькі ж, колькі «забесьпячэньне дзейнасьці прэзыдэнта» — 10,2 мільёна даляраў. У 2011 годзе на яе ўтрыманьне выдаткоўваецца 15,7 мільёна даляраў.

Усясьветны фінансавы крызіс падштурхнуў многія дзяржавы да скарачэньня колькасьці чыноўнікаў. У Расеі, да прыкладу, прапанавана скараціць колькасьць фэдэральных дзяржслужбоўцаў на 20%, праўда, паэтапна.

Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч мае намер скараціць колькасьць чыноўнікаў ажно на 50%. У Нямеччыне навукоўцы налічылі 50 непатрэбных дзяржаўных ведамстваў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG