Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэ Глюксман: Арабскія рэвалюцыі не абавязкова прывядуць да дэмакратыі


Францускі філёзаф Андрэ Глюксман мяркуе, што народныя рэвалюцыі ў Тунісе і Эгіпце разбурылі два стэрэатыпы ў мысьленьні аб хадзе сусьветнай гісторыі. Адначасова Глюксман перасьцерагае, што падзеі ў гэтых дзьвюх краінах не абавязкова прывядуць да ўсталяваньня больш дэмакратычных палітычных сыстэмаў у іх. Прапануем вашай увазе пераклад фрагмэнтаў ягонага артыкулу ў Liberation.

(...) Давайце разгледзім гэтую неспадзяванку, якая пахіснула нашымі прадузятымі поглядамі на сьвет. Першая прадузятасьць: на зьмену гістарычнай палярызацыі двух блёкаў прыйшоў канфлікт "цывілізацый". Другая прадузятасьць, альтэрнатыўная: на зьмену "халоднай вайне" прыйшла рацыянальная эканоміка, якая паклала канец кровапралітнай гісторыі. Арабскае "выключэньне з правілаў" ясна прадэманстравала памылковасьць гэтых тэорый: нядаўнія падзеі нанесьлі жорсткі ўдар па нібы-згуртаванасьці такіх этнічных і рэлігійных блёкаў, як "арабскі" сьвет і "ісламская цывілізацыя". І колькі разоў мы паўтаралі, што свабода і дэмакратыя нічога ня значаць для арабаў, пакуль трывае палестынска-ізраільскі канфлікт? З пачатку студзеня ў Магрыбе і на Блізкім Усходзе больш не адчуваецца ранейшай пакоры лёсу. Што б там ні адбылося, давайце вітаць перамены "з сымпатыяй, якае мяжуе з энтузіязмам", як казаў Кант аб французскай рэвалюцыі, не ўхваляючы, зрэшты, яе пастаянных блуканьняў.

Працэс глябалізацыі, які пачаў свой трыюмфальны паход па ўсёй плянэце 30 гадоў таму, не абмяжоўваецца выключна эканомікай і фінансамі. Ён пераносіць празь межы вірус свабоды, які часам перамагае (узгадайце аксамітныя рэвалюцыі), а часам натыкаецца на жорсткі адпор з боку ваенна-палітычнага апарату (на плошчы Цяньаньмэнь у 1989 годзе ці ў Іране ў 2009 годзе). (...)

Свабода – рэч супярэчлівая, у ёй зьмяшчаецца "самая глыбокая прорва і самае высокае неба" (Шэлінг). Шлях Эўропы падказвае нам, што рэвалюцыя можа прывесьці да чаго заўгодна, як да рэспублікі і ўсеагульнага дабра, так і да тэрору, захопаў і войнаў. У той час як у Каіры ўлада губляе грунт пад нагамі, Тэгеран сьвяткуе 32-ю гадавіну рэвалюцыі фэстывалем шыбеніц і жорсткіх катаваньняў. Эгіпет – гэта не Іран эпохі Хамейні (крый Божа!), ленінская Расея ці Нямеччына часоў нацыянал-сацыялістычнай рэвалюцыі. Ён будзе тым, у што ператвораць яго моладзь, "Браты-мусульмане", завязлая ў разбродзе і сумневах армія, а таксама багатыя і беднякі, разьдзеленыя прорвай сусьветных памераў.

Мяркуйце самі: 40% насельнікаў Эгіпту галадае, а 30% – непісьменныя. Усё гэта, вядома, ускладняе ўсталяваньне дэмакратыі, але ня робіць яе немагчымай, бо інакш парыжанам так і не ўдалося б узяць Бастылію. Дадайце сюды яшчэ той факт, што 82% (па дадзеных на чэрвень 2010 году) эгіпецкіх мусульманаў падтрымліваюць увядзеньне шарыяту і каменаваньне няверных жонак, 77% нармальна ставяцца да адсяканьня рук злодзеям, а 84% выступаюць за сьмяротнае пакараньне для ўсіх вераадшчапенцаў. Такія вынікі відавочна зводзяць на нішто ўсе залішне аптымістычныя і наіўныя прагнозы на будучыню.

Рэвалюцыя і свабода не абавязкова маюць на ўвазе дэмакратыю, павагу да меншасьцяў, роўнасьць полаў і добрасуседзкія адносіны з іншымі народамі. Усё гэта яшчэ трэба заваяваць. Арабскія рэвалюцыі трэба вітаць, бо яны паклалі канец пакорлівай падпарадкаванасьці. Аднак ня будзем сьпяваць хваласьпевы: рызыкі і пагрозы відавочныя для ўсіх. Варта згадаць хоць бы ўласную гісторыю: будучыня застаецца непрадказальнай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG