Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская АГП засталася без кампутара


У офісе берасьцейскай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі супрацоўнікі КДБ правялі ператрус. Пастанова аб ператрусе была падпісаная яшчэ 1 лютага. Партыйцы засталіся без кампутара, які супрацоўнікі КДБ забралі для праверкі.

Сябра АГП Уладзімер Вуек адзначыў, што супрацоўнікі КДБ забралі сыстэмны блок кампутара, дзва ягоныя нататнікі, матэрыялы для газэты і налепкі, што засталіся ад прэзыдэнцкай кампаніі. Ператрус праводзіўся ў межах расьсьледаваньня па крымінальнай справе «аб масавых беспарадках» у Менску 19 сьнежня:

«Супрацоўнікі КДБ 10 студзеня правялі ператрус у маёй кватэры, падчас якога забралі на праверку мой ноўтбук. А сёньня ў пастанове аб ператрусе на офісе АГП было сказана, што выяўлена мая датычнасьць да падзеяў у Менску 19 сьнежня, на падставе гэтага і быў праведзены ператрус».

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП Мікалай Коўш кажа, што цяпер супрацоўнікі КДБ мусяць нейкім чынам даказаць, што масавыя беспарадкі ў Менску былі арганізаваныя прадстаўнікамі апазыцыі. Для гэтага і праводзяцца масавыя допыты, ператрусы:

«Гэта цэлая кампанія спэцслужбаў для таго, каб сфабрыкаваць крымінальную справу, даказаць вылучаныя абвінавачваньні. Таму цяпер і шукаюць арганізатараў у двухкосьсі, якіх жадаюць пакараць турэмным зьняволеньнем».

Мікалай Коўш кажа, што такім чынам ўлады імкнуцца запалохаць грамадзтва, але ці магчыма такім чынам зьнішчыць апазыцыю?

«Для гэтага нас патрэбна зьнішчыць фізычна. Бо людзей немагчыма прымусіць думаць інакш, немагчыма зьмяніць сьветапогляд».

Ператрус на офісе АГП цягнуўся каля дзьвюх гадзінаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG