Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — на лыжах, апанэнты — на нарах


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Пакуль альтэрнатыўныя кандыдаты ў прэзыдэнты застаюцца ў турмах ці загойваюць раны пасьля выбарчай кампаніі, Аляксандар Лукашэнка, якога ЦВК абвясьціў прэзыдэнтам, выбраўся ў адпачынак. Гэты тыдзень ён са сваім бліжэйшым атачэньнем і 6-гадовым сынам Мікалаем бавіць час на расейскім курорце Сочы.

Штодзённая інтэрнэт-газэта sochi-24.ru піша, што кіраўнік Беларусі ўзяў кароткатэрміновы адпачынак, падчас якога праверыць ход рэалізацыі праекту ўзьвядзеньня ў гарналыжным цэнтры "Красная паляна" біятлённага комплексу, лыжаролернай трасы і гатэлю. Аднак, як кажа галоўны рэдактар выданьня Вадзім Карчагін, Лукашэнка практычна не спускаецца з гор, таму, чым ён займаецца, публіцы невядома:

"Трэба сказаць, што толькі крыху больш за год нашае выданьне функцыянуе, але ні цягам гэтага пэрыяду, ні раней ніякіх публічных зьяўленьняў Лукашэнкі ў Сочы не назіралася".
бацька і сын дэманстравалі кляс на крутой трасе ў зоне "F" ...

Пры гэтым іншы сочынскі інфармацыйны рэсурс maks-portal.ru паведамляе: у выходныя Аляксандар Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем паўтары гадзіны каталіся на схілах горна-турыстычнага цэнтру канцэрну "Газпрам". Як падаюць відавочцы, бацька і сын дэманстравалі кляс на крутой трасе ў зоне "F". Лукашэнкава атачэньне вылучалася на тле астатняй публікі ярка-аранжавай амуніцыяй.

Падазраваны ў арганізацыі масавых беспарадкаў экс-кандыдат у прэзыдэнты Рыгор Кастусёў падобныя паводзіны земляка называе амаральнымі. І на ўсялякі выпадак нагадвае: пяць канкурэнтаў Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах, як і некалькі дзясяткаў іншых дэмакратычных актывістаў, літаральна ні за што могуць атрымаць па 15 гадоў турмы, і забаўляцца ў такіх умовах — не па-людзку:

Рыгор Кастусёў
"Зразумела, што згодна зь беларускім заканадаўствам і кодэксам аб працы кожны чалавек мае права на адпачынак. Але ў дадзены момант, калі склалася такая пасьлявыбарчая сытуацыя, Лукашэнку ня варта было б ехаць адпачываць, пакуль ня скончыліся разборы па справах арыштаваных. Трэба канчаткова адпусьціць людзей, а тады ўжо са спакойным сумленьнем ехаць адпачываць. А зараз такі адпачынак выглядае пірам падчас чумы. Або нават выклікам. Таму я адмоўна стаўлюся да такіх забаваў прэзыдэнта".

У Сочы Лукашэнка стабільна наведваецца тры апошнія гады. Можна меркаваць, што пасьля аднаўленьня мараторыю на наведваньне Лукашэнкам і ягоным бліжэйшым атачэньнем Эўразьвязу і ЗША гэта будзе рэдкай магчымасьцю пакатацца не пад Лагойскам, а ў сапраўдных гарах. Згодна зь міждзяржаўнымі пагадненьнямі Расея перадала ва ўласнасьць Беларусі паўтара дзясятка гектараў зямлі ў пасёлку Красная паляна Адлераўскага раёну Краснадарскага краю, а беларусы расейцам — аналягічную колькасьць у Менску і вобласьці. Таму ў Краснай паляне Лукашэнка і пачувае сябе на правах гаспадара.

Між тым яшчэ нядаўна геаграфія ягоных паездак была нашмат шырэйшая. Год таму нечакана для эўрапейскай супольнасьці Лукашэнка зьявіўся ў швайцарскіх Альпах, дзе тыдзень сумяшчаў карыснае зь нібыта "дзелавымі перамовамі". Празь месяц, у сакавіку, перадысьлякаваўся на гарналыжную базу Капаоніка ў Сэрбіі, а адтуль — на армянскі курорт Цахкадзор. Таксама Лукашэнка пасьпеў пакатацца на лыжах падчас паездак у Казахстан і Расею.

Палітык Павал Знавец, сам вялікі аматар спорту, лічыць, што беларускі кіраўнік апынуўся ў досыць двухсэнсоўнай сытуацыі. Стасункі з Крамлём застаюцца нацягнутымі, Захад перад ім дзьверы зачыніў канчаткова, а ў выніку беларускі лідэр атрымаў своеасаблівы карт-блянш, каб чыніць некантраляваную сваволю на практычна ізаляванай тэрыторыі:

Павал Знавец
"Лукашэнка, па сутнасьці, апынуўся ў пастцы. І ў Маскву здацца ня можа, бо там ён нікому не патрэбны, і на Захад калгаснага Банапарта пускаць неяк непрыстойна. І вось ён у пастцы. Але што ў такой сытуацыі застаецца? Застаецца толькі мацаваць ізаляцыю. І вось ён у гэтым пляне скануе сытуацыю, закручвае гайкі далей, палохае грамадзтва. Адным словам, заганяе назад джына ў бутэльку. Бо толькі трошкі выпусьціў пару дэмакратыі, а зараз зноў назад усё заганяе, усіх запалохвае. А таму яму і начхаць на нейкія маральныя прынцыпы".

Нагадаем, што ў апошні дзень студзеня Рада Эўразьвязу на ўзроўні кіраўнікоў МЗС забараніла 157 беларускім чыноўнікам, у тым ліку Аляксандру Лукашэнку і двум ягоным старэйшым сынам, наведваць краіны аб'яднанай Эўропы. Аналягічны сьпіс ухвалілі і Злучаныя Штаты. Цяпер у Лукашэнкі застаецца небагатая альтэрнатыва для падарожжаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG