Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Някляева адваката пускаюць, да Халіп — не


Адвакат Ганна Бахціна дамагаецца сустрэчы са сваёй падабароннай, журналісткай Ірынай Халіп. Адвакат экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева днямі атрымала такую сустрэчу. Журналістку Натальлю Радзіну ў Кобрыне наведваюць беларускія і замежныя журналісты.

Ад першага дня сваёй працы ў якасьці абаронцы журналісткі Ірыны Халіп адвакат Ганна Бахціна пачала дамагацца сустрэчы са сваёй падабароннай, якая застаецца пад хатнім арыштам. Пакуль гэта не ўдаецца, паведаміў "Свабодзе" бацька Ірыны Ўладзімер Халіп:

Уладзімер Халіп
"Яна спрабуе дамагчыся сустрэчы з Ірынай, падала адпаведныя паперы, але пакуль іх разгледзяць, узгодняць і гэтак далей — магчыма, і адмовяць — хутчэй за ўсё. Будзем глядзець, што тады, а пакуль нічога не было. Ірына пачувае сябе добра, яна трымаецца. Чытае ў асноўным. А Данік пачынае ня верыць ва ўсе нашы вэрсіі пра тое, што мама і тата кудысьці ад'яжджалі, і кажа, што гэтыя людзі павінны прывезьці і тату".

Доўгі час са сваім падабаронным — кандыдатам на прэзыдэнта Ўладзімерам Някляевым, таксама зьняволеным у хатніх умовах — не магла сустрэцца адвакат Тамара Сідарэнка. Днямі такая сустрэча адбылася, была магчымасьць прысутнічаць і падчас апошняга допыту спадара Някляева ў панядзелак, 7 лютага, кажа Тамара Сідарэнка:

Тамара Сідарэнка
"Паколькі ён пад хатнім арыштам, то зараз для нас гэта зьнятае пытаньне: у кожную хвіліну мы можам прыйсьці і наведаць нашага падабароннага. Двойчы мы яго наведвалі і кантактавалі без чыёй-небудзь прысутнасьці, бо маем права на бесьперашкодныя і канфідэнцыйныя зносіны. Таксама ўчора падчас допыту Ўладзімера Някляева я прысутнічала і бачыла яго. Натуральна, што нічога мы там не абмяркоўвалі. Магчыма, што на гэтым тыдні паводле пытаньняў, якія ўзьнікаюць, мы пабачымся ізноў".

Як паведаміла Тамара Сідарэнка, ня выключана, што час папярэдняга расьсьледаваньня для яе падабароннага будзе працягнуты на тэрмін, пазьнейшы за 19 лютага.

Журналістка Натальля Радзіна, высланая зь Менску пад падпіску аб нявыезьдзе з Кобрыня, сустрэч са сьледчымі і мясцовымі міліцыянтамі гэтымі днямі ня мае. Затое не прапускаюць магчымасьці наведаць абвінавачаную калегі-журналісты, кажа Натальля Радзіна:

Натальля Радзіна
"Учора былі журналісты з польскай "Газэты выборчай", днём раней — актывісты зь Берасьця, журналісты "Брэсцкага кур'ера", зь Менску журналісты зьбіраюцца прыяжджаць. Таму дзьверы не зачыняюцца, госьці — цудоўныя людзі, я вельмі ўдзячная, што яны прыяжджаюць. Перадусім, вядома, каб адведаць, а таксама дзеля інтэрвію — як жывецца ў высылцы беларускаму журналісту".

Натальля Радзіна таксама паведаміла, што пачала адчуваць сябе горш у зьвязку з аслабленым імунітэтам. Яна захварэла на грып.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG