Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моц слова Алексіевіч, Клінава і Вольскага ў Бэрліне



8 лютага ў Бэрліне адбудзецца вялікая вечарына «Моц слова», прысьвечаная ролі беларускай культуры ў сучасным грамадзка-палітычным жыцьці Беларусі. На яе запрошаныя пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, мастак і літаратар Артур Клінаў і рок-музыка Лявон Вольскі.

Імпрэзу наладзілі некалькі культурніцкіх фондаў, якія зацікаўленыя ў дэмакратызацыі Беларусі. Адным зь непасрэдных арганізатараў стаў журналіст Інга Пец. Ён неаднаразова прыяжджаў у Беларусь і добра знаёмы з сучаснай беларускай культурай і яе асобамі. Спадар Пец так патлумачыў ідэю вечарыны:

“Мы хацелі зьвярнуць увагу на сытуацыю ў беларускай культуры, беларускай альтэрнатыўнай культуры. Беларуская культура адыгрывала вялікую ролю ў плянах апазыцыі. Таму мы запрасілі Лявона Вольскага, Артура Клінава і Сьвятлану Алексіевіч. Яны будуць у нас выступаць, будзе дыскусія пра тое, якую ролю беларуская культура мае ў цяперашняй сытуацыі ў Беларусі”.

У ліку арганізатараў імпрэзы выступае і Нямецкі ПЭН-цэнтар, які запрасіў на вечарыну сваіх калегаў з Аўстрыі. І гэта не выпадкова. Прадстаўнікі гэтых арганізацыяў мяркуюць выступіць у падтрымку сяброў Беларускага ПЭН-цэнтру, якія пасьля падзеяў 19 сьнежня ў Менску сталі палітзьняволенымі. Гэта доктар філялёгіі Аляксандар Фядута, пісьменьнік і палітык Павал Севярынец і ганаровы старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру паэт Уладзімер Някляеў.

Дарэчы, у 90-гадовай гісторыі існаваньня Міжнароднай арганізацыі па абароне правоў літаратараў, якой ёсьць ПЭН-цэнтар, гэта першы выпадак такога масавага гвалту над сябрамі нацыянальнага аддзяленьня арганізацыі. Таму да імпрэзы ў Бэрліне нямецкія і аўстрыйскія калегі падрыхтавалі адмысловы дакумэнт, кажа Інга Пэц.

“Мы будзем чытаць тэкст дакумэнту на гэтым мерапрыемстве”.

Вечарына беларускай культуры ў Бэрліне пачнецца 8 лютага а 20-й гадзіне ў тэатры Фольксбюнэ.

А ў Менску (вул. В. Харужай, 25/3) ў гэты самы вечар а 19-й Інстытут імя Гётэ ладзіць урачыстасьць з нагоды адкрыцьця нямецкай праграмы на XVIII Міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. У часе вечарыны будуць выступаць Катрын Шміт, Увэ Рада і іншыя нямецкія аўтары. Сустрэчы зь імі працягнуцца ў Менску 10 і 11 лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG