7 лютага аб 11-й гадзіне пачнецца паседжаньне Нацыянальнага камітэту Аб'яднанай грамадзянскай партыі. Некаторыя сябры гэтай партыі, згадваючы камуністычныя часы, ужо называюць яго абмеркаваньнем пэрсанальнай справы былога кандыдата ў прэзыдэнты Яраслава Раманчука. Яны цьвердзяць, што заява экс-кандыдата 20 сьнежня падзяліла стаўленьне да яго партыйцаў.
У кіраўніцтве Аб'яднанай грамадзянскай партыі тры чалавекі. Старшыня Анатоль Лябедзька дагэтуль знаходзіцца за кратамі "амэрыканкі". Яго часова замяніў ганаровы старшыня – Станіслаў Багданкевіч. На сваіх месцах два намесьнікі – Леў Марголін і Яраслаў Раманчук.
Што ж будуць сёньня абмяркоўваць партыйцы? – пытаюся Льва Марголіна:
"У парадку дня – тры пытаньні: аб выніках выбарчай прэзыдэнцкай кампаніі; аб становішчы ўнутры партыі і аб задачах на бліжэйшы пэрыяд".
Пытаюся суразмоўцу, ці ўзьнікне, на яго думку, падчас дыскусіі пытаньне пра паводзіны кандыдата ў прэзыдэнты ад АГП?
"Канечне, ўзьнікне. Спэцыяльна мы яго ў парадак дня не ставім. Але ж гэтай тэмы не пазьбегнуць".
На пытаньне, ці ёсьць у яго асабістае стаўленьне да паводзінаў Яраслава Раманчука Леў Марголін адказаў так:
"Яно, вядома, ёсьць. Але я не хацеў бы яго агучваць, каб ніякага ціску на іншых не аказваць. Мы як раз хочам шчыра і адкрыта паразмаўляць. І прыйсьці да кансэнсусу. Трэба паслухаць Яраслава. Са мной ён сустракаўся, але з большасьцю актыву – не. Таму мне не хацелася б нешта казаць пакуль што".
А вось адзін з вэтэранаў АГП Віктар Карняенка лічыць: Раманчук заслугоўвае выключэньня з партыі:
"У гэтай сытуацыі трэба ўсё ўлічваць. І я таксама ўсё ўлічваю – і тое, што на Яраслава быў ціск, і ўсё астатняе. Я думаю, што яму ня месца ў АГП. Ён ня толькі падвёў нашу арганізацыю, але яшчэ і вельмі моцна сапсаваў імідж гэтай арганізацыі, калі даў характарыстыкі іншым кандыдатам. Мне здаецца, што гэта вельмі сур'ёзная памылка, за якую трэба адказваць".
Дарэчы, даклад па першаму пытаньню будзе рабіць сам Яраслаў Раманчук. З гэтай нагоды ён сказаў "Свабодзе":
"У мяне будзе даклад пра тое, як прайшла кампанія, як я яе ацэньваю. Таксама ў мяне ёсьць бачаньне, як мусіць будавацца партыя, як яе можна капіталізаваць на тых дасягненьнях, што былі падчас кампаніі. Ёсьць таксама рэкамэндацыі, як павінны дзейнічаць рэгіянальныя і цэнтральныя арганізацыі, калі старшыня партыі знаходзіцца ў турме. Я асабіста лічу, што сёньня немэтазгодна ставіць пытаньне пра старшыню партыі, таму што адзіны старшыня, які ёсьць і які ім будзе, гэта Анатоль Лябедзька".
Я спытаў былога кандыдата ў прэзыдэнты, ці гатовы ён да таго, што на паседжаньні паставяць пытаньне аб выключэньні яго з шэрагаў партыі?
"Паглядзім, як сябры Нацкаму будуць рэагаваць. Будзем абгрунтоўваць усе прапановы, усе пытаньні дэмакратычна. Будзем галасаваць, у нас жа дэмакратыя".