Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч: Мы жывем і робім тое, што павінны рабіць


Госьця ”Начной Свабоды” – грамадзянская жонка экс-кандыдата Міколы Статкевіча Марына Адамовіч.

Соўсь: Што на гэты момант вядома новага пра Міколу Статкевіча? Што з перапіскай? Ці даходзяць вашыя лісты?

Адамовіч: Я даехала да хаты, зірнула ў паштовую скрынку, а там ажно два лісты. Лісты вельмі кароценькія, цыдулкі, што называецца. Але гэта яго лісты. Вядома, зь вялікім спазьненьнем у адным зь іх ён напісаў, што каляднае віншаваньне ад Ані, сваё дачкі, якое я яму перасылала як раз на Каляды. Другі ліст, мабыць, напісаны ўсьлед за паведамленьнем, што ён атрымаў ліст ад мяне. Піша, каб я пра яго не хвалявалася, яму там дазволена садавіну есьці, і просіць, калі будзе мажлівасьць, прынесьці якіх яблыкаў, сродак для мыцьця посуду ў халоднай вадзе з сурвэткай. "Калі перадачы ня будуць браць – не расстройвайся, тут кормяць дастаткова, нават бурачок даюць". Мікола доўгі час спрабаваў мяне прывучыць есьці бурачкі як вельмі карысную ежу. Галоўная просьба – беражы сябе. Больш нічога. Тое, што напісана пра бурачкі, пісаў, безумоўна, Мікола.

Соўсь: Выбарчая кампанія Міколы Статкевіча была яркай, ягоныя выступы былі рэзкія, жорсткія. Аддай, што скраў, аддай нам выбары. Мікола – вопытны палітык, былы палітвязень, ён ведаў, што гэта яму не даруюць. Вы размаўлялі зь ім падчас выбарчай кампаніі пра тое, што будзе пасьля выбараў? Што ён гаварыў?

Адамовіч: Мікола казаў, што не плянуе будучыні пасьля 19-га. Чалавек павінен зрабіць тое, што павінен зрабіць. Гэта адзін зь ягоных жыцьцёвых прынцыпаў. Безумоўна, спадзявацца на тое, што рэжым уздрыгне і абрынецца ў адну хвіліну, было вельмі цяжка. Але ўсе гэтыя рэчы Мікола гаварыў і публічна. Што выбараў няма, што асноўная задача была – разбурыць балаганчык, фарс, які ў нас усё яшчэ называецца выбарамі. Мы не плянавалі ніякія дзеяньні на выпадак пасадкі, такія рэчы не абмяркоўваюцца. Мы проста жывем і робім тое, што павінны рабіць, тое, што адпавядае нашым перакананьням.

Соўсь: Як вы ацэньваеце візавыя санкцыі, якія ўвёў Эўразьвяз супраць беларускай намэнклятуры? Ці дастатковыя яны?

Адамовіч: Я не палітык. Я, вядома, тую хвалю салідарнасьці, якая існуе ў сьвеце, успрымаю з вялізарнай удзячнасьцю і спадзяюся, што яна дапаможа. Але мой суб'ектыўны, можа жаночы, погляд на гэта, што візавыя санкцыі – мала для таго, каб нейкім чынам паказаць гэтай псэўда-ўладзе яе месца ў гэтым.Я не падзяляю пункту гледжаньня, што эканамічныя санкцыі ўдараць найперш па беларускаму народу. Сваю частку эканамічных санкцый мы атрымоўваем кожны дзень. З кожнай новай жыроўкай, з кожным новым павышэньнем коштаў.

Слухаць гутарку цалкам:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG