Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі праваабаронца: "Было выразна бачна, што Мядзьведзеў ведае беларускую сытуацыю і абураны"


Сяргей Крывенка
Сяргей Крывенка
Прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрый Мядзьведзеў даручыў кіраўніцтву Міністэрства замежных спраў улічваць у сваёй пазыцыі адносна падзеяў у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў меркаваньне праваабаронцаў.

Пра гэта ён заявіў на пасяджэньні Рады разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і правоў чалавека пры прэзыдэнце Расеі. Даручэньню папярэднічаў зварот праваабаронцаў да расейскага лідэра. З ініцыятарам звароту — Сяргеем Крывенкам размаўляе наш менскі карэспандэнт.

Зь Сяргеем Крывенкам я пазнаёміўся 4 студзеня 2011 году. У той дзень у Менску прайшла прэсавая канфэрэнцыя Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. На ёй спадар Крывенка, чалец прэзыдэнцкай Рады, публічна паабяцаў давесьці праўдзівую інфармацыю пра масавыя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў асабіста Дзьмітрыю Мядзьведзеву. І слова сваё стрымаў.

"Мне ў Менску перадалі дадзеныя, шмат чаго я сам бачыў, іншыя праваабарончыя арганізацыі перадалі інфармацыю. Я ўсё гэта аформіў у выглядзе запіскі і перадаў чальцам Рады. Мы ўвесь час абменьваемся інфармацыяй і на сустрэчах, і ў электронным рэжыме. І ўжо Рада вырашыла — падрыхтаваць заяву і накіраваць яе прэзыдэнту".

"Можа, хтосьці з чальцоў Рады быў супраць?"

"Супраць не было абсалютна нікога. Па выніках маёй паездкі, яшчэ аднаго ўдзельніка Рады — Валянціна Гефтэра ў Менск, матэрыялаў, якія бясконца дагэтуль ідуць ад міжнароднага камітэту зь Беларусі, была і напісана заява Рады. І вось гэты тэкст на паседжаньні быў перададзены прэзыдэнту непасрэдна ў рукі".

"Рэакцыя Дзьмітрыя Мядзьведзева на ваш зварот ужо вядомая — прэзыдэнт зьдзіўлены тым, што адбываецца ў Беларусі пасьля выбараў. Аднак да стэнаграмы паседжаньня не прыкладзеныя відэаматэрыялы. Наколькі на ваш погляд, паколькі вы былі побач, расейскі лідэр быў шчырым у сваіх выказваньнях, ці закранула яго па-сапраўднаму беларуская сытуацыя?"

"Вельмі закранула. Я зьвярнуў увагу на тое, як ён адразу зрэагаваў. Можа, у мяне будзе не зусім дакладнае цытаваньне, але агульны сэнс такі — вам, праваабаронцам, лягчэй у сваіх выказваньнях, словах. А я ўсё ж прэзыдэнт і таму мушу ўлічваць розныя іншыя фактары. Ён дакладна даў зразумець, што ня можа адрэагаваць на беларускія падзеі як звычайны чалавек. Але было выразна бачна, што ён ведае сытуацыю і таксама абураны ".

"Спадар Крывенка, ці будзеце вы працягваць назіраньне за становішчам у Беларусі і ці можна спадзявацца, што да прэзыдэнта Мядзьведзева трапіць і новая інфармацыя?"

"Канечне. Сустрэча з прэзыдэнтам — гэта як бы разавы сюжэт. Але ж у нас увесь час ідзе абмен інфармацыяй. Мы праз старшыню нашай Рады накіроўваем матэрыялы прэзыдэнту па розных тэмах. Так што кропка ў беларускай справе яшчэ не пастаўленая. Пакуль сытуацыя ня вернецца ў нармальнае рэчышча, усё гэта будзе працягвацца".

Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі стварылі больш за 20 няўрадавых арганізацыяў краін АБСЭ 27 сьнежня 2010 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG