Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лекар: Някляева пазбавілі волі, але ня права на мэдычную дапамогу


З гледзішча беларускіх законаў і прэзыдэнт, і зэк маюць аднолькавае права на атрыманьне адэкватнай мэдычнай дапамогі. Мэтанакіраванае неаказаньне такой дапамогі трактуецца як замах на жыцьцё чалавека.

Экс-кандыдату дазволілі "завочную" мэдычную дапамогу


Паводле жонкі экс-кандыдата на прэзыдэнта Ўладзімера Някляева, яе мужу, якога днямі перавялі зь СІЗА КДБ пад хатні арышт, дазволеная завочная мэдычная дапамога — праз тэлефон. "Я магу тэлефанаваць лекару, апісваць стан яго здароўя, а ўжо доктар на падставе апісаньняў можа прапісваць тыя ці іншыя таблеткі".

Тым часам вядомыя менскія мэдычныя адмыслоўцы заяўляюць, што "лекар не павінен лячыць праз тэлефон, бо прызначыць належную тэрапію магчыма толькі на падставе элемэнтарнага скрынінгу".

Паэт і экс-кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў быў жорстка зьбіты 19 сьнежня. З дыягназам "чэрапна-мазгавая траўма" яго даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі. Але паводле ўказаньняў зьверху прызначанае яму лячэньне было тэрмінова прыпыненае, і хворага пад вартай даставілі ў СІЗА КДБ. Нялечаную ЧМТ ускладніла гіпэртанічная хвароба. Падчас зьняволеньня ў СІЗА Някляеў перанёс некалькі гіпэртанічных крызаў, у тым ліку са стратай прытомнасьці. Паводле афіцыйнай інфармацыі, лекары агледзелі арыштаванага, і ён атрымаў належную мэдычную дапамогу. Нічога небясьпечнага для яго здароўя ў СІЗА КДБ, як і ў шпіталі хуткай дапамогі, не знайшлі.
Сказаць, што быў крыз — гэта тое ж самае, што нічога не сказаць. Трэба ведаць яго аб’ектыўныя характарыстыкі.

Ці выдалі тыя, хто аказваў паэту мэдычную дапамогу ў СІЗА КДБ, даведку пра тое, як працякалі крызы, які быў ціск, якія прызначаліся прэпараты? Ці даваліся нейкія рэкамэндацыі, як лячыцца хвораму далей? — пытаемся мы ў жонкі Ўладзімера Вольгі.

Някляева
: "Вось гэтага нам ніхто не перадаў. Хоць і адвакаты прасілі пра гэта, сам Уладзімер, як я ведаю, пытаўся наконт гэтага. Там, як я зразумела, яму і лекі не заўсёды выдавалі. Цяпер ужо прыношу і пільную, каб ён піў. Цяпер я сама лекар. Тое, што ён дома, гэта ўсё ж лепш. І ў сэнсе прыёму лекаў, і ў сэнсе прасторы. Бо ў нас невялікі пакой, у якім мы жывём. А камэра была ўдвая меншая, ды былі яны там упяцёх. Таксама дома яму лепш псыхалягічна. Бо там былі допыты і моцны маральны ціск. Аднак увесь час думае пра тых, хто там застаўся. Расслабіцца яму не ўдаецца".

Свабода: "Наколькі можна зразумець, вы даяце мужу таблеткі, якія завочна прызначае лекар. Аднак гіпэртонікам часам трэба штосьці і ўкалоць, у тым ліку ў вену, таксама зрабіць кардыяграму. Ці гэтым будуць займацца тыя, хто пасяліўся ў вашым другім пакоі? Як цяпер рабіць гэтыя рэчы?"

Вольга: "Ну, ніяк. Я ня ведаю. Можа, калі што, "хуткую" дазволяць выклікаць. Я пыталася, ці можна доктара. А яны сказалі: нельга. Выглядае, што ніякі доктар да нас прыйсьці ня можа. Яны, праўда, сказалі, што я магу з доктарам пагаварыць, параіцца, аднак сам доктар паглядзець яго ня можа".

Доктар павінен бачыць рэфлексы хворага


Наколькі можа быць адэкватным такое лекаваньне? Ці не рызыкуюць мэдыкі, а тым больш хворы, калі яго лечаць усьляпую? Такія пытаньні я задаю менскаму кардыёлягу-рэаніматолягу Паўлу.
Зьняволеныя павінны атрымліваць такую ж дапамогу, як і ўсе астатнія.

Павал: "Лекар ня можа і не павінен даваць кансультацыяў праз тэлефон. Ён павінен бачыць рэфлексы хворага. Паслухаць дыханьне, памераць пульс, паглядзець вочы, зрэнкі, выявіць розныя нэўралягічныя сымптомы. Таксама жывот. Часам ціск бывае справай другаснай. У чалавека можа быць, напрыклад, ныркавая паталёгія, што выяўляецца ў падвышэньні ціску. Таму трэба аналізы рабіць. Элемэнтарныя скрынінгавыя абсьледаваньні. Плюс артэрыяльны ціск рэгулярна мераць, а на фоне яго трэба рабіць кардыяграму. З улікам ЧМТ таксама трэба глядзець дадаткова".

Свабода: "Інфармацыя пра перанесеныя крызы — яна штосьці кажа лекару ў сэнсе прызначэньня (зноў жа праз тэлефон) правільнага лячэньня?"

Павал: "Сказаць, што быў крыз — гэта тое ж самае, што нічога не сказаць. Трэба ведаць аб’ектыўныя характарыстыкі крызу. Калі ў чалавека такое здарылася, тады супрацоўнік мэдчасткі ізалятара мусіў зафіксаваць, які ў яго быў ціск, што ён адчуваў пры гэтым, ці задыхаўся, ці страчваў прытомнасьць. Такія зьвесткі ды назіраньні перадаюцца для далейшага лячэньня на месцы ў мэтах прызначэньня адэкватнай тэрапіі. Мэдычная дапамога павінна быць у любым выпадку, незалежна ад сытуацыі і месца, у якім знаходзіцца чалавек. На вайне, на волі ці ў няволі. Някляева пазбавілі волі, але ж яго не пазбавілі права на атрыманьне мэдычнай дапамогі. Прынамсі, нам, мэдыкам, такога не паведамлялі. Зьняволеныя павінны атрымліваць такую ж дапамогу, як і ўсе астатнія".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG