Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cядоў: «Пасьля майго папярэдняга затрыманьня кіроўны рэжым абваліўся»


Валер Сядоў на акцыі салідарнасьці 19 студзеня ля Чырвонага касьцёлу.
Валер Сядоў на акцыі салідарнасьці 19 студзеня ля Чырвонага касьцёлу.
Пасьля 12 сутак арышту выйшаў на волю мянчук Валер Сядоў, які 19 студзеня прыйшоў да Чырвонага касьцёлу з абразом і партрэтам Мікалая Статкевіча ды публічна запатрабаваў суду над Аляксандрам Лукашэнкам.

Валер Сядоў вярнуўся ў вулічную палітыку праз 20 гадоў. У 1990 годзе ён некалькі месяцаў адбыў на Валадарцы пасьля удзелу ў антыкамуністычным шэсьці. За што трапіў у турму цяпер?

Гэта было 19 студзеня, празь месяц пасьля разгону мітынгу на плошчы Незалежнасьці. «Патрабую суду над Аляксандрам Лукашэнкам, якога не лічу прэзыдэнтам. Свабоду палітвязьням!» — выгукнуў Сядоў і праз 10 хвілін быў затрыманы супрацоўнікамі ў цывільным. Яшчэ Валер Сядоў пасьпеў паведаміць людзям, якія сабраліся ля касьцёлу, што месяц таму яго не было ў Менску і таму ён не прысутнічаў на мітынгу, але абураны дзеяньнямі міліцыі і пратэстуе на знак салідарнасьці з усімі вязьнямі. «Мяне 20 гадоў таму падтрымлівалі, і я іх падтрымліваю», — патлумачыў Сядоў свой учынак.

Прашу Валера Сядова параўнаць тую адсідку на Валадарцы зь цяперашняй — на Акрэсьціна. Што зьміналася?

«Дваццаць гадоў прайшло… Мой розум таксама вярнуўся ў тыя часы, і вось што я бачу. Калі той час у мяне асацыюецца з чырвоным колерам, то цяперашні час з карычневым. Але тады хоць была нейкая ідэя, хай і камуністычная, цяпер — ніякай ідэі. Супрацоўнікі, якія мяне бралі і вазілі па судах, ніякаму правадыру ня вераць. Яны бачаць ілжывасьць правадыра і апраўдваюць сябе, што проста робяць тое, што ім загадваюць, і таму ніякай адказнасьці за гэта ня мусяць несьці. І яшчэ было бачна па іх вачах, што пасьля зьмены ўлады яны будуць гэтак жа бегаць і хапаць тых, хто сёньня аддае загады хапаць нас».

У 1990-м годзе Валера Сядова трымалі ў карцэры ізалятару на Валадарскага. У халодным падвале, фактычна ў цемры, ён правёў некалькі дзясяткаў дзён. Кажа, што тады адчуваў стаўленьне да яго турэмшчыкаў як да «клясавага ворага». Ня дзіва, калі ўлічыць, што Валер Сядоў падчас антыкамуністычнага мітынгу на плошчы Незалежнасьці павесіў вяроўку на галаву помніка Леніну.

А што цяпер? Кажа, турэмшчыкі збольшага ставіліся да вязьняў нэўтральна: не зьневажалі, тым больш ня білі. Але судовая і турэмная сыстэмы за 20 гадоў ня сталі лепшымі. Наадварот — яны сталі больш рэпрэсіўнымі, перакананы былы вязень.

Мне суд не прысуджаў спаць на дошках, але давялося спаць. Мне суд не прысуджаў сядзець у цемры, але давялося.
«Мне суд не прысуджаў спаць на дошках, але давялося спаць. Мне суд не прысуджаў сядзець у цемры, але давялося. Суд не прысуджаў мяне да ізаляцыі ад інфармацыі звонку. Мне далі толькі адміністрацыйны арышт, а турэмшчыкі уклалі ў гэта сваю чорную душу. Са мной сядзеў адзін чалавек, якога да таго трымалі 7 сутак у халоднай адзіночцы. І толькі на восьмы дзень яго перакінулі да нас».

Яшчэ адно назіраньне Валера Сядова не на карысьць цяперашняй турэмнай сыстэмы. Меркаваньне пра тое, навошта гэтак часта і масава супраць палітычных актывістаў ужываюць адміністрацыйныя арышты.

«Прычына такіх масавых затрыманьняў — ня толькі каб зламаць актыўнасьць людзей. Яшчэ адна з прычын — ідзе вярбоўка „стукачоў“ і „агентаў уплыву“. Калі чалавек адмаўляецца падпісваць паперу аб супрацоўніцтве, то пачынаюць „ламаць“: пагражаюць пасадзіць у адмысловую камэру, дзе зробяць „пеўнем“, ці нават яшчэ што горшае. Раней такога ўсё ж не было. Гэта ўжо чысты фашызм».

Валер Сядоў выйшаў на волю прынамсі на 2 дні раней. Улада ўлічыла, што ў яго малое дзіця. І ўсё роўна былы актывіст перакананы: у турме кепска, але і на волі ня лепш:

«Краіна — той жа канцлягер, у яго межах можна перасоўвацца, але свабоды ў ім няма».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG