Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана санкцый супраць «Белнафтахіму»


Эканамічныя санкцыі, уведзеныя ўрадам ЗША ў адказ на палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, непасрэдна тычацца дзьвюх філіяў канцэрну «Белнафтахім» — «Полацак Шкловалакно» і «Лідзкая Лякафарба».

ПОЛАЦАК


За беларускую прадукцыю амэрыканцы плацілі «дужа добра»

Старшыня суполкі Свабоднага прафсаюзу прадпрыемства «Полацак Шкловалакно» Віктар Стукаў нагадвае, што ЗША ўводзілі эканамічныя санкцыі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006-га году, калі былі зьняволеныя палітыкі, і, у прыватнасьці, Аляксандар Казулін. Тады санкцыі мелі ўплыў. І толькі пасьля вызваленьня палітвязьняў на эканамічныя санкцыі быў накладзены мараторый:

«Кожныя паўгода мараторый на гэтыя санкцыі працягвалі — і двум прадпрыемствам, у тым ліку нашаму, дазвалялі гандляваць з Амэрыкай. На гэты амэрыканскі рынак у нас ідзе ўсяго каля 7% прадукцыі, гэта тканіна рэдкіх уласьцівасьцяў, складанай вытворчасьці. Але дужа добра плацілі на гэтым рынку!»

Чарговы раз мараторый быў уведзены да траўня гэтага году, але аднаўленьне эканамічных санкцый стала адказам на разгон пасьлявыбарчых пратэстаў 19 сьнежня ў Менску і перасьлед грамадзянскіх актывістаў.

ААТ «Полацак Шкловалакно» давядзецца шукаць альтэрнатыву

На думку спадара Стукава, «Полацак Шкловалакно» будзе шукаць альтэрнатывы зачыненаму для прадпрыемства амэрыканскаму рынку збыту:

«Будзе забаронена амэрыканскім бізнэсмэнам купляць нашу прадукцыю менавіта ў нас. Але нашы могуць прадаваць яе, прыкладам, у Расею, каб ужо адтуль яна ішла на амэрыканскі рынак. Мінулым разам, калі санкцыі былі ў 2006-м годзе, рабочыя нічога асабліва не адчулі: у нас заробкі і так самыя нізкія ў канцэрне, ва ўсім „Белнафтахіме“. Ну, зразумела, што ўсё гэта зьвязана з выбарамі, і плён ад санкцый ёсьць: як іх тады ўвялі ў 2006-м годзе, дык палітзьняволеных, наколькі я памятаю, неўзабаве і выпусьцілі!»
Гэта ўсё залежыць не ад нас, а ад таго, якая будзе дзяржаўная палітыка ў Беларусі. А на яе мы паўплываць ня можам.

Старшыня суполкі Свободнага прафсаюзу Віктар Стукаў мяркуе, што простыя рабочыя прадпрыемства ад наступстваў санкцый асабліва не пацярпяць. Зь ім пагаджаецца яшчэ адзін работнік «Полацак Шкловалакно» Мікалай Шарах:

«Гэта важна не для рабочых — важна гэта хутчэй для службаў прадпрыемства. З такім прадпрыемствам, супраць якога прыпынены санкцыі, якія могуць у любы момант аднавіцца, ніхто ўсур’ёз не працуе. Таму й сур’ёзных кантрактаў з намі не заключаюць. Мы размаўлялі пра гэта і з адміністрацыяй, і высновы такія: гэта ўсё залежыць не ад нас, а ад таго, якая будзе дзяржаўная палітыка ў Беларусі. А на яе мы паўплываць ня можам».

«Эканамічныя санкцыі стрымліваюць разьвіцьцё вытворчасьці»

Мікола Шарах падкрэсьлівае, што эканамічныя санкцыі з боку ЗША былі ўведзеныя ня супраць прадпрыемстваў — «Лідзкая Лякафарба» і «Полацак Шкловалакно»: у дачыненьні да іх санкцыі часова прыпыняліся, а цяпер зноў адноўлены. Гэтыя санкцыі былі калісьці ўведзеныя супраць усяго канцэрну «Белнафтахім», куды ўваходзіць каля 50-ці прадпрыемстваў. Але што да полацкага, то эканамічныя санкцыі безумоўна стрымліваюць разьвіцьцё вытворчасьці, кажа Мікола Шарах:

«Як яны былі ўведзены ў 2006-м годзе пасьля тых прэзыдэнцкіх выбараў, дык заробак у нас проста ня рос. Нельга сказаць, каб ён зваліўся, але ня рос —і ўсё! Таму Полацак будзе цярпець за ўсіх, палачане будуць цярпець за ўсіх!»

Прафсаюзны актывіст дадае, што рабочыя «Полацак Шкловалакно» добра ўсьведамляюць, чаму былі адноўлены санкцыі. Наступствы мінулых выбараў на прадпрыемстве абмяркоўваюцца дагэтуль, многія рабочыя асуджаюць разгон акцыі 19-га сьнежня , зьняволеньне палітыкаў і перасьлед актывістаў. Таму тут прадбачылі , што пазыцыя ЗША будзе менавіта такая.

ЛІДА


«ЗША ня мае на мэце зьнішчыць прадпрыемства, але санкцыі — сыгнал для кіраўніцтва Беларусі»

Лідзкае прадпрыемства ААТ «Лякафарба», якое закранулі санкцыі, уваходзіць у канцэрн «Белнафтахім». І вось што паведаміла «Свабодзе» прэсавы сакратар канцэрну Марына Касьцючэнка:

«Тэлефануйце лепей на прадпрыемства, вам пракамэнтуюць канкрэтна па гэтым прадпрыемстве. Агульны камэнтар мы рыхтуем, яшчэ не гатовыя яго агучыць».

На «Лякафарбе» ў дырэктара сёньня адбывалася нарада. Дазваніцца ўдалося да намесьніка дырэктара па камэрцыйных пытаньнях Сяргея Кулакоўскага. Мы зьвярнуліся да яго з адным пытаньнем — ці сапраўды санкцыі адаб’юцца на працы прадпрыемства?

Кулакоўскі: «Рытарычнае пытаньне. Можа быць так, а можа быць не».

Незалежны экспэрт у пытаньнях нафтахімічнай галіны мяркуе, што санкцыі так ці інакш паўплываюць на працу «Лякафарбы», аднак у Лідзе сёньня выпускаюць вельмі запатрабаваную на зьнешніх рынках прадукцыю:

«Некалькі гадоў назад там быў рэалізаваны даволі буйны, больш за дваццаць мільёнаў даляраў, праект па стварэньні вытворчасьці фталевага ангідрыду.

Я ведаю, што пэўны дэфіцыт назіраўся на рынках менавіта што датычыць гэтай прадукцыі, таму я ня думаю, што будуць вельмі вялікія складанасьці ў рэалізацыі гэтай прадукцыі».

Аднак санкцыі — справа даволі сур’ёзная, мяркуе экспэрт:

«Я ня думаю, што тая краіна, якая гэтыя санкцыі ўвяла, мела на ўвазе зьнішчыць гэтае прадпрыемства. Гэта проста такі сыгнал, такі сур’ёзны, даволі істотны. Яны будуць вымушаныя рабіць захады, каб дывэрсыфікаваць экспарт гэтай прадукцыі. Я думаю, з часам такія магчымасьці знойдуць у любым выпадку».

Тым ня менш санкцыі змушаюць прадпрыемства займацца апэрацыямі, якія замаруджваюць яго разьвіцьцё. Відавочна, гэта адаб’ецца і на фінансавым становішчы «Лякафарбы», і на іміджы прадпрыемства наагул, мяркуе незалежны экспэрт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG