Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чалавек-танк”


Ельцын выглядаў разгубленым.

Ён шукаў вачыма каго-небудзь, хто мог бы патлумачыць прычыны тых рэплік, што выкрыкваліся з розных канцоў залі, а, можа быць, і спыніць дэпутатаў, што беглі да трыбуны.

Але мы (здаецца, побач быў Алег Трусаў і Пётра Садоўскі) ужо стаялі перад Ельцыным, і ён неяк па-дзіцячаму, нібыта апраўдваючыся, сказаў:

-- А что? Что-то не так? Да? Извините…

Памятаю, Ельцын двойчы папрасіў прабачэньня, і вымавіў гэта так шчыра, што асабіста ў мяне адпала ахвота ўступаць у дыскусію. Ці, тым больш, стасківаць яго з трыбуны, як ў жніўні мы зрабілі з першым сакратаром ЦК Малафевым.

Ельцын усьміхнуўся, разьвёў рукамі, і ў мяне чамусьці адклалася ў памяці, што ў яго не хапае двух пальцаў – здаецца, на левай руцэ.

У той дзень, за некалькі гадзінаў да сустрэчы кіраўнікоў трох дзяржаваў у Віскулях, Ельцын прыйшоў у Вярхоўны Савет сустрэцца з народнымі дэпутатамі Беларусі. Заля была поўная – акрамя парлямэнтарыяў, прыйшлі і члены ўраду, шмат было журналістаў. У часе выступу Ельцын падараваў Вярхоўнаму Савету выяву Белага дому – каля якога , ў дні жнівеньскага путчу, на танку чытаў свае Указы пра непрызнаньне ГКЧП, а затым перадаў старшыні ВС Беларусі копію “Ахоўнай граматы Воршы 1664 году” і назваў яе сымбалем вызваленьня беларусаў расейскімі войскамі.

Дарадцы забыліся патлумачыць прэзыдэнту Расеі, што ў сярэдзіне сямнаццатага стагодзьдзя беларусы змагаліся з маскоўцамі (у тым ліку і пад Воршай), і што ў той час войскі з усходу зьнішчылі палову беларускага насельніцтва.

А можа быць, падаецца мне цяпер, тое было зроблена адмыслова.

Праз дзень у Віскулях Барыс Ельцын разам з Леанідам Краўчуком і Станіславам Шушкевічам падпісаў дакумэнт аб спыненьні існаваньня СССР – фармальна канстатаваўшы распад савецкай імпэрыі, якую ўжо не маглі ўтрымаць нават танкі.

Магчыма, гэта быў апошні прыкметны (і сапраўды гістарычны) крок таго Ельцына, які ўспрымаўся мільёнамі як сымбаль непазьбежнай свабоды – як казаў пра яго Быкаў, “адкрыты апазыцыянэр камуністычнага цемрашальства”. Далей ужо быў адкат –ад словаў “бярыце сувэрэнітэту столькі, колькі зможаце панесьці” – калі ўводзіліся войскі ў Грозны, ад ідэяў сваіх паплечнікаў па Міжрэгіянальнай дэпутацкай групе Андрэя Сахарава, Юрыя Афанасьева, Галіны Старавойтавай, калі на пасаду прэм’ера, а потым і пераемніка вылучыў афіцэра спэцслужбаў. Менавіта з Ельцыным падпісаў Лукашэнка “ інтэграцыйныя” пагадненьні, а затым і ”саюзную дамову”, якую ў 1999 годзе ў інтэрвію Свабодзе Васіль Быкаў назваў “генацыдам беларускай нацыі”.

Асабіста мне падаецца, што гісторыя Расеі (ды й ня толькі Расеі) магла б пайсьці па-іншаму, калі б у першыя дні пасьля жнівеньскага путчу 1991 году Ельцын зьліквідаваў КДБ. Не зьмяніў абрэвіятуру, а менавіта зьліквідаваў, як зрабілі ўсходнія немцы са “штазі” ці чэхі з “СТБ”. І пазьней правёў суд (магчыма, міжнародны) над камунізмам.

Але гэта – са сфэры меркаваньняў.

У сваім знакамітым выступе 25 жніўня 1991 года, які паўплываў на прыняцьце дэпутатамі незалежнасьці, Зянон Пазьняк прыпужаў камуністаў Ельцыным, назваўшы яго -- “чалавек-танк”.

І ў маёй памяці Ельцын – гэта не той разгублены чалавек, якога я бачыў у мэтры ад сябе ў Авальнай залі, а фігура на танку перад Белым домам на фотаздымку, што зафіксаваў самы вялікі дзень расейскай гісторыі.

Зрэшты, “чалаек-танк” – гучыць лепей, чым “чалавек-павук”.

Але яшчэ лепей гучыць – проста чалавек.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG