Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ператрусы, допыты, арышты: паўторная хваля


КДБ і міліцыя праз допыты, ператрусы і затрыманьні працягваюць перасьлед грамадзкіх і апазыцыйных актывістаў у рэгіёнах. Пацярпелыя заяўляюць, што сьледчыя паўторна праводзяць ператрусы і забіраюць носьбіты інфармацыі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Рэчы для сына ў «амэрыканцы» маці перасылае праз Галоўпаштамт

Алесь Кіркевіч
У аўторак стала вядома, што гарадзенскі актывіст Алесь Кіркевіч знаходзіцца ў Менску ў СІЗА КДБ як падазроны ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках падчас падзей на Плошчы.

Супрацоўнікі КДБ затрымалі кіраўніка гарадзенскай філіі «Маладога фронту» Алеся Кіркевіча ў мінулую пятніцу. Затрыманьне адбылося пасьля ператрусу ў кватэры, дзе жыве Алесь. Забралі кампутар, нататнікі, розныя матэрыялы, газэты. Пасьля хлопца выклікалі на допыт. Пры гэтым сьледчы параіў яму цёпла апрануцца. Стала вядома, што Алеся завязуць у Менск, у сьледчы ізалятар КДБ.

Да сёньняшняга дня ягоная маці, спадарыня Ларыса, ня ведала, у якасьці каго яго ўтрымліваюць у «амэрыканцы», хаця ўчора яна была ў Менску:

«Я была ў многіх людзей, але ніхто нічога канкрэтнага ня ведае. Але я даслала яму пасылку праз Галоўпаштамт, мне падказалі людзі, аказваецца, гэта можна рабіць. Паслала яму цёплыя рэчы, купіла харчоў, толькі вось ці дойдзе гэтая пасылка да яго…»

Сёньня праз адваката стала вядома, што Алесь Кіркевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ у якасьці падазронага паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу — актыўны ўдзел у масавых беспарадках. Алесь Кіркевіч ужо адбываў у Менску 10-суткавы арышт за ўдзел у акцыі салідарнасьці 24 сьнежня ля турмы на завулку Акрэсьціна ў Менску.

Сёньня ж у міліцыі апытвалі слонімскага актывіста Івана Бедку. Ён адбыў 15 сутак на Акрэсьціна за ўдзел у Плошчы, яго ўжо некалькі разоў дапытвалі ў КДБ, а зараз у міліцыі. У міліцыі, зь яго слоў, яго дапытвалі ў якасьці сьведкі, як кажа сам спадар Бедка, ізноў пра тое самае:

«Ізноў пыталіся: як туды трапіў, чаму, хто там выступаў, што казаў, да чаго заклікаў, што там рабілі, ці былі заклікі пакінуць плошчу, паколькі мерапрыемства несанкцыянаванае, і таму падобнае».

Іван Бедка спрабаваў высьветліць — навошта праводзяць чарговы допыт з тымі ж пытаньнямі, калі ён на іх ужо адказваў у КДБ? Міліцыянт, зь яго слоў, патлумачыў, што ў іх, маўляў, сваё сьледзтва, а ў нас сваё.

Уладзімер Шульжыцкі
Сёньня ж у міліцыю выклікалі смаргонскага актывіста Ўладзімера Шульжыцкага. Яго ўжо дапытвалі ў Менску, але сёньня на працу патэлефанаваў сьледчы і праз майстра перадаў, што яму трэба зьявіцца ў пастарунак у Маладэчне — па месцы працы.

Сам Уладзімер Шульжыцкі кажа, што раней да яго ўжо тэлефанавалі зь міліцыі, бо ягоны мабільны тэлефон 19 сьнежня быў зарэгістраваны побач з плошчай Незалежнасьці:

«Яны мне раней тэлефанавалі і сказалі, што мой мабільнік быў зарэгістраваны падчас падзей на Плошчы. Я тады патлумачыў, што мне нязручна ізноў ехаць у Менск, паколькі мяне толькі што там дапытвалі. Тады мне адказалі, што дапытаюць па месцы жыхарства, калі гэта яшчэ спатрэбіцца. Ну вось, відаць, спатрэбілася».

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Пракуратура прыняла да разгляду скаргу ўдзельніцы Плошчы

Разам з адвакатам Мая Абромчык з Ганцавічаў, якую зьбілі міліцыянты на Плошчы 19 сьнежня, зламаўшы пры гэтым ёй нагу, дала паказаньні ў пракуратуры. Цяпер вырашаецца пытаньне пра завядзеньне крымінальнай справы ў адносінах да супрацоўнікаў міліцыі.

19 сьнежня міліцыянты зьбілі Маю Абромчык, зламалі ёй нагу. Дзяўчына накіравала скаргу на дзеяньні міліцыі ў пракуратуру Маскоўскага раёну Менску. Напачатку пракуроры адмовіліся разглядаць скаргу, але пасьля таго як дзяўчына наняла адваката, справа зрушылася зь месца. Мая дала паказаньні і зьняла пабоі для судова-мэдычнай экспэртызы:

«Мяне выклікалі ў пракуратуру ў маёй справе. Сярод пытаньняў пракурора былі і такія: што я і мае сябры рабілі на Плошчы? Цікавіліся часам, калі адбылося зьбіцьцё. Разам з тым пракурор чамусьці запытаўся пра мэту майго наведваньня Плошчы 19 сьнежня. Я адказала, што мне было цікава паглядзець на падзеі. Усё гэта занатоўвалася».

Мая Абромчык, студэнтка гістарычнага факультэту БДУ, цяпер на бальнічным і знаходзіцца ў бацькоў у Ганцавічах. Яна кажа, што 7 лютага лекары будуць рабіць чарговы агляд. Магчыма, на зламанай назе трэба будзе рабіць апэрацыю. Разам з тым Мая чакае адказу з пракуратуры, якая павінна або завесьці справу аб неправамоцных дзеяньнях супрацоўнікаў праваахоўных органаў, або адмовіць у яе завядзеньні:

«Маёй скарзе напачатку не давалі ходу. Толькі пасьля таго як адвакат напісаў ў пракуратуру, мяне выклікалі і прызначылі мэдэкспэртызу. Пракурор паведаміў, што да 18 лютага мне павінен прыйсьці адказ пра тое, ці будзе заведзена справа, ці не».

У Івацэвічах мясцовы жыхар Уладзіслаў Мікалайчык, удзельнік Плошчы-2010 у Менску, атрымаў афіцыйныя дакумэнты аб адміністрацыйным папярэджаньні. Уладзіслаў кажа, што мясцовая адміністрацыя, супрацоўнікі сілавых органаў пагражалі, што могуць дэпартаваць яго зь Беларусі, паколькі ён мае расейскае грамадзянства:

«Я паставіў свой подпіс пад першым адміністрацыйным папярэджаньнем. Увогуле ў мяне склалася ўражаньне пра тое, што мясцовая адміністрацыя проста выконвала распараджэньне зьверху. Такое адчуваньне было, што ім самім гэта не патрэбна».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Працягваюцца выклікі на допыты ў КДБ

На Магілёўшчыне пасьля двух тыдняў адноснага спакою актывістаў апазыцыі зноў пачалі выклікаць на допыты ў КДБ.

Зьміцер Салаўёў
Дапыталі ў КДБ старшыню абласной арганізацыі партыі БНФ Зьмітра Салаўёва. Ён — удзельнік Плошчы. Падзеі на ёй актывіст здымаў на відэакамэру. 12 студзеня яе з запісам зьнятага, а таксама сыстэмным блёкам кампутара, электроннымі носьбітамі інфармацыі забралі падчас ператрусу ў кватэры супрацоўнікі КДБ. Пра Плошчу й распытваў Салаўёва сьледчы Андрэй Махуноў. Актывіст адзначае:

«З кампутарам была вельмі цікавая гісторыя. Яны знайшлі ў ім верш Янкі Купалы „На сход“ і запыталіся, каму ён належыць. Я шчыра прызнаўся, што Янку Купалу. У КДБ проста няма справы на тых, хто сядзіць у турме. Таму яны спрабуюць выцягнуць любую інфармацыю, каб хоць неяк зьляпіць гэтую справу. Лукашэнка ж прызначыў, што ў лютым месяцы павінен адбыцца яе судовы разгляд».

У КДБ Зьміцер Салаўёў хадзіў другі раз. 12 студзеня яго выклікалі, каб паведаміць, што ён пастаўлены ў спэцслужбе на прафіляктычны ўлік — за тое, што ў 2010 годзе ўдзельнічаў у несанкцыянаваных мерапрыемствах і арганізоўваў іх.

Крысьціна Шацікава
Сёньня ў КДБ пайшла і магілёўская праваабаронца з грамадзянскай кампаніі «Наш дом» Крысьціна Шацікава. Позву ёй прынесьлі дахаты. У сакавіку 2007 году пасьля допыту ў КДБ актывістку тры дні ўтрымлівалі ў псыхіятрычнай лякарні, каб не дапусьціць яе ўдзелу ў акцыі, прымеркаванай да Дня волі. Цяперашні візыт у спэцслужбу выклікаў у непаўналетніх сыноў актывісткі гістэрыку. Яны баяцца, што маці адтуль ня выйдзе.

Прабыла Крысьціна Шацікава ў КДБ чатыры гадзіны. Дапытваў яе опэрупаўнаважаны спэцслужбы Андрэй Рошчын. Пра допыт актывістка кажа:

«Там не было ніводнага пытаньня, якое б мела сэнс. То бок я ня ўбачыла працы, скіраванай на тое, каб знайсьці сапраўды злачынцаў. А ў прынцыпе чаго іх шукаць — яны й так вядомыя. Ён спрабаваў апраўдаць дзеяньні сваіх супрацоўнікаў нейкімі захадамі, якія ратуюць нашу краіну».

Тым часам, як стала вядома, ва ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці, якая адбылася ў Магілёве 30 студзеня, узьнікаюць праблемы. Да некаторых зь іх прыходзілі супрацоўнікі спэцслужбаў. Высьвятлялі, хто арганізатар. Камэнтаваць гутарку са спэцслужбоўцамі хлопцы адмаўляюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG