Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вышэйшы гаспадарчы суд пачынае разгляд скаргі "Аўтарадыё"


Сёньня ў Вышэйшым гаспадарчым судзе пачнецца разгляд скаргі генэральнага дырэктара "Аўтарадыё" Юрыя Базана да Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні, якая сваім загадам ад 11 студзеня анулявала права "Аўтарадыё" на выкарыстаньне радыёчастотаў.

12 студзеня на загад Рэспубліканскай камісіі па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні перадатчык "Аўтарадыё" быў выключаны, і радыёстанцыя спыніла перадаваньне. 17 студзеня кіраўніцтва "Аўтарадыё" падало скаргу ў Вышэйшы гаспадарчы суд. Суд прыняў пазоў да разгляду, і на 1 лютага прызначана першае падрыхтоўчае паседжаньне. Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан тлумачыць:

"Згодна з працэсуальным кодэксам, на падрыхтоўчым паседжаньні бакі будуць вывучаць пададзеныя дакумэнты, судзьдзя вывучае дакумэнты прадстаўнікоў, калі трэба, дадаткова, просяць яшчэ неабходныя дакумэнты і прызначаюць дату разгляду".

На паседжаньне запрашаюцца абодва бакі. Паколькі Рэспубліканская камісія не зьяўляецца юрыдычнай асобай (гэта орган кіраваньня, створаны пастановай Савету Міністраў у Міністэрстве інфармацыі), то ў судовым паседжаньні ў якасьці адказчыка будзе ўдзельнічаць прадстаўнік міністэрства.
Згодна з законам “Аб процідзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці” прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі можа толькі суд, а ня орган сувязі...


У лісьце Міністэрства інфармацыі абвінаваціла "Аўтарадыё" ў "невыкананьні заяўленай творчай канцэпцыі наземнага эфірнага тэлерадыёперадаваньня, а таксама ў невыкананьні патрабаваньняў закону "Аб сродках масавай інфармацыі", што выявілася ў распаўсюджваньні ў эфіры інфармацыі, якая зьмяшчае публічныя заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці".

Пры гэтым не пазначана, якую канкрэтна інфармацыю Мінынфарм прызнаў экстрэмісцкай. Юрыст, намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец лічыць, што гэта цалкам незаконна:

“Згодна з законам “Аб процідзеяньні экстрэмісцкай дзейнасьці” прызнаць матэрыялы экстрэмісцкімі можа толькі суд, а ня орган сувязі. Толькі суд, і толькі пасьля звароту ў яго Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. А ў нас такія рашэньні бярэ на сябе Рэспубліканская камісія па тэлебачаньні і радыёвяшчаньні”.

Генэральны дырэктар "Аўтарадыё" Юры Базан спадзяецца на аб'ектыўны разгляд справы Вышэйшым гаспадарчым судом:

"Нас абвінавацілі ў распаўсюдзе інфармацыі, а ніякіх доказаў няма, абвінавацілі ў парушэньні канцэпцыі, а доказаў таксама няма. Акрамя таго, там узьнікла яшчэ чыста юрыдычная калізія. Нарматыўны акт, на падставе якога камісія прымала рашэньне, ня можа быць прыменены ў дачыненьні да нас".

Згодна з Гаспадарча-працэсуальным кодэксам, разгляд справы ў Вышэйшым гаспадарчым судзе можа цягнуцца да двух месяцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG