Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Івана Гапонава: "Сынок, занатоўвай у турме свае думкі"


Маці палітвязьня Івана Гапонава Сабіра Атакішыева, расказала ў інтэрвію сайту праваабарончага цэнтру “Вясна” пра абставіны затрыманьня свайго сына.

– Я ведала, што ён ідзе туды, на плошчу – у нас размова была. Ня без гонару магу сказаць: хоць дзеці дарослыя ўжо, яны з мамай размаўляюць, дзеляцца думкамі, а Ваня – асабліва. Я ведала, што Ванечка ідзе на плошчу выказаць сваю нязгоду. І ў апошні момант я казала: "Ванечка, ты разумееш, што ты іншага грамадзянства?" У нас гэта пытаньне ўзьнімалася.

Я была зьдзіўлена, наколькі Ваня са сваім цьвярозым падыходам да розных рэчаў быў упэўнены, што гэта мірная акцыя. Я кажу: “Сынулечка, натоўп ёсьць натоўп, у якім бы ён выглядзе ня быў. Няхай гэта будзе масавае гуляньне нават – натоўп ёсьць натоўп”. Ён кажа: не, мама, масавасьць адыгрывае вельмі вялікую ролю.

Ён патэлефанаваў недзе ў пачатку 12-й ночы. Ён адразу сказаў (я не адразу зразумела, што такое аўтазак): “Мама, я ў аўтазаку. Тут вельмі жорстка, мяне арыштавалі”. Відаць, там быў адзін тэлефон на ўсіх...

Гэта было 19-га. 20-га мы абзвоньвалі ўсе нумары тэлефонаў, яго знайсьці не магла. 21-га сьнежня я зьвярнулася ў расейскае консульства, мне там далі "гарачы" нумар тэлефона і сказалі, што ў любым выпадку шукаць яго яны будуць. Раніцай 21-га мы ў інтэрнэце знайшлі ў сьпісах людзей менавіта з гэтага аўтазака. Сярод іх была дзяўчына, у якой быў мабільны тэлефон, і яна проста запісала ўсіх, хто знаходзіўся ў аўтазаку, і хуценька смс-кай адправіла. Фактычна, падпольны атрымаўся сьпіс. Так мы яго знайшлі.

Я зьвязалася з праваабаронцамі. Мне пацьвердзілі, што Ванечка знаходзіцца на Акрэсьціна…

Калі ён адбыў 10 сутак, пра гэта было сказана па тэлебачаньню. Круціўся ролік менавіта зь ім. І акцэнт быў менавіта на тое, што ўсё-ткі ён грамадзянін іншай краіны.

29-га сына адпусьцілі. Мы спрабавалі даведацца пра час, калі гэта будзе, каб прыехаць яго забраць. Не, ён прыехаў сам. І – літаральна пару гадзін, і ўсё… Натуральна, мяне як маму цікавіла, ці няма траўмаў, удараў... Але не было ніякіх удараў, сінякоў, ран – нічога. Адзінае, сказалася хранічная хвароба страўніка. А потым да нас прыйшлі з нашага мясцовага ўчастка… (Мы жывем у пасёлку Сьвіслач Пухавіцкага раёну). Запыталі, дзе Іван Гапонаў, сказалі, што пагаварыць трэба, нават не вядома, з нагоды чаго, прыйшло зь Менску такое распараджэньне. "Ды вы не хвалюйцеся, мы пагаворым і адпусьцім". Я на ўсялякі выпадак хуценька сунула яму свой тэлефон, памяняўшы сімкі.

Ён быў гадзіны тры ў гэтым пастарунку. Потым ператэлефанаваў і сказаў: “Мама, мяне забіраюць назад на Акрэсьціна. Яшчэ на трое сутак”. Я кажу: “На падставе чаго? Што? Як? Ты ж адсядзеў на Акрэсьціна 10 сутак!” Адказ быў такі: я, кажа, сам не зразумеў, але мне інкрымінуюць актыўны ўдзел. І там якраз яму паказалі кадар, дзе ён знаходзіцца на плошчы.

Ён зьехаў. Тут жа, літаральна ноччу, старэйшы сын напісаў ад свайго імя ліст у расейскае пасольства. Мы стэлефанаваліся з Ваніным татам, ён цяпер ва Ўкраіне, і ён таксама напісаў ліст у амбасаду. Раніцай, калі я патэлефанавала ўдакладніць адрас, каб напісаць пісьмовую заяву, у амбасадзе ўжо ведалі, хто я. Як толькі я сказала, што я мама Вані Гапонава, мне адказалі, што ўжо падключылі МЗС, ужо працуюць. У гэты ж вечар расейскае пасольства ўжо нанесла візыт да Ванечкі. Мне перадалі, што самаадчуваньне добрае, што ўсё нармальна, але настрой – ня вельмі... Асабіста я вельмі ўдзячная супрацоўнікам расейскай амбасады – і як за расейскага грамадзяніна, і проста па-чалавечы.

Я атрымліваю ад сына лісты. Вядома, разумею, што ёсьць цэнзура, і як раней, пагаварыць мы ня можам. У асноўным гэта жыцьцёвыя размовы. "У мяне ўсё добра, нічога не баліць, настрой добры. Але, зь іншага боку, як пісьменьнік я нарэшце магу ўбачыць жыцьцё ў іншым аспэкце... "

Са словаў адваката і работнікаў расейскай амбасады я ведаю, што ён быў у камэры 58, там 8 чалавек, з эканамічнымі абвінавачаньнямі. Потым яго перавялі ў камэру 77, убачыла, калі перадавала перадачу. Што за камэра, не ведаю. Нараканьняў на ўмовы ўтрыманьня не было. Мы адразу ж змаглі перадаць Вані цёплыя рэчы. Я хвалююся: ліст могуць прапусьціць на волю, калі ў ім напісана, што вельмі дрэнна?..

Калі ён прыйшоў дадому 29 сьнежня, наша сустрэча была сумбурнай, усе яму імкнуліся на радасьцях распавесьці нешта. Я спытала, як у камэры Акрэсьціна, бо чытаю такія “ужасьцікі” пра ўтрыманьне ў аўтазаках, а таксама – якое было стаўленьне да расейцаў. Мы, маўляў, чытаем пра гэта як чытачы, а ты – відавочца. Ён адказаў, што ўмовы ўтрыманьня вельмі жорсткія, нечалавечыя. Перад тым, як яго пасадзілі ў камэру, яны ў калідоры прастаялі лобам да сьцяны. Ёе кажа: “Мама, гэта ёсьць, гэта непазьбежна”. Я зразумела, што была цалкам далёкая ад усяго гэтага ...

Я выгадавала траіх дзяцей і вельмі ганаруся тым, што яны сёньня менавіта такія, якія ёсьць. Вось разгортваюцца падзеі, тыя, якія ёсьць, і я думаю: Ваня – малайчына! Не пабаяўся, пайшоў. Не таму пайшоў, што ўсе туды ідуць – не, ён канкрэтна ішоў выказаць сваю нязгоду. З тым, што на самай справе няма дэмакратыі, што па тэлевізіі фактычна распавядаюць толькі аб адным кандыдаце ў прэзыдэнты, што насамрэч няправільна, мякка кажучы…

Ваня ў гэтым жыцьці знайшоў сябе. Ён піша. Вядома, ён яшчэ не сфармаваўся як пісьменьнік, як паэт. Але ў яго гэта атрымліваецца. І я яму часта пішу ў лістах: сынок, пішы! Нават калі момант такі, што ты заленаваўся, не спыняйся. У цябе зараз ёсьць магчымасьць убачыць нешта іншае – усе думкі занатоўвай.

У гэтым годзе мы спадзяваліся, што Ваня паступіць на філфак і патрапіць на бюджэтнае аддзяленьне. Але не хапіла балаў усяго ледзь-ледзь… На платнае ісьці ён адмовіўся, хоча працаваць і выдаць сваю кнігу.

"Я нікога не забіваў, нічога ня краў, збройнага супраціву нікому не аказваў. Сумленьне маё чыстае. І мне застаецца толькі глядзець гэты “мультфільм” пра сваё жыцьцё..." Так напісаў 22-гадовы Іван Гапонаў у адным са сваіх лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG