Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ільля Кузьняцоў: "Ганьба беларускаму суду!"


Сябра ГА «БАЖ» Ільля Кузьняцоў распавёў калегам падрабязна, як вёз у сваёй машыне параненага Андрэя Саньнікава і Ірыну Халіп 19 сьнежня мінулага года, як потым сустрэўся з Ірынай у ізалятары і як яго самога асудзілі на 15 сутак.

Ільля Кузняцоў: «Шчыра кажучы, на плошчы Незалежнасьці я проста згубіўся. Працаваў адразу з двума групамі журналістаў з нямецкага тэлеканалу ARD. Ну, і пакуль адных адвёз, другіх на той плошчы згубіў… Тэлефанаваў ім, але мабільныя не працавалі. Таму проста хадзіў і шукаў — аж пакуль не пачалі ўсіх біць.

Давялося ўцякаць, але бегчы было неяк няёмка, бо трэба было б пераскокваць праз дзяцей і бабуль, таму я паціху разам з усімі адступаў. І тут бачу, што па зямлі літаральна цягнуць Саньнікава, у якога была моцна параненая нага... Да гэтага я разоў 20 дамаўляўся з ім наконт інтэрвію, таму проста ня мог не прапанаваць падвезьці яго ў лякарню, бо мая машына была побач. Там ужо было не да журналістыкі… Гэта быў паранены чалавек.

Пасьпелі даехаць да плошчы Перамогі, і тут нас спынілі тры машыны ДАІ і адзін прэзыдэнцкі „Крайсьлер“. „Усім выйсьці з машыны!“ — ніякіх пытаньняў пра правы, дакумэнты…»

Гэта быў менавіта той момант затрыманьня, калі Ірына была на сувязі па тэлефоне з радыёстанцыяй «Эхо Москвы» і паведаміла пра сваё затрыманьне ў жывым эфіры. Ірына крычала, што яе выцягнулі з машыны, прыціснулі да яе, ударылі па твары і заламвалі рукі. Зь яе словаў вынікала, што Андрэй Саньнікаў ляжаў на зямлі.



Ільля Кузьняцоў пацьвярджае, што яго і яго пасажыраў выцягнулі з машыны сілай, прычым Андрэя Саньнікава спрабавалі прымусіць стаяць, хаця фізычна гэтага ня мог.



Ільля Кузняцоў: «Потым хтосьці моўчкі сеў за руль маёй машыны і проста зьехаў з Халіп і Саньнікавым, мяне і ахоўніка Саньнікава павезьлі ў іншай. Потым, калі я прасіў ключы ад машыны, каб перадаць жонцы, сьледчы як бы супакоіў: «Не хвалюйцеся, яна ў нас, пад Акрэсьціна, надзейна захоўваецца…».

На Акрэсьціна, куды мяне прывезьлі, мы зноўку сустрэліся з Ірынай Халіп (спачатку Ірыну сапраўды пэўны час трымалі ў гэтым ізалятары, - заўв. БАЖ). Стаялі каля сьцяны, калі прыйшоў нейкі раззлаваны «высокі чын» і запытаўся, ці ёсьць якія скаргі.

«Так, ёсьць! — выгукнула Іра. — У нашай краіне — дыктатура!…» І хвілінаў пяць у запале нешта казала таму дзядзьку. Ён слухаў моўчкі, не знайшоў, што адказаць, толькі кінуў: „У пісьмовым выглядзе…“

Потым быў допыт у сьледчага. Я распавёў яму ўсю гісторыю — як што было. Той толькі моўчкі запісваў. Потым даў мне той пратакол на подпіс. Чытаю: „Выкрыкваў лёзунгі, не рэагаваў…“ „А што гэта мае агульнага з маёй гісторыяй?“ — пытаю. У адказ мне сьледчы кажа, што я магу і не падпісваць таго пратаколу — усё роўна 15 сутак атрымаю. Тады мне гэта падалося жартам — спадзяваўся, што разьбяруцца і заўтра адпусьцяць на волю. Той пратакол так і не падпісаў…

Ноч правёў на Акрэсьціна ў халоднай камэры з тым самым ахоўнікам Саньнікава Леанідам. Раніцай павезьлі ў суд. І зноўку спадзяваўся, што зараз судзьдзя ва ўсім разьбярэцца і выпусьціць. Першыя сумневы зьявіліся, калі адвакатка сказала, што мы маем дзьве „лініі абароны“: альбо ва ўсім прызнацца — каб менш далі, альбо адстойваць сваё права як журналіста быць на акцыі. Але як прызнацца? У чым? Гэта мяне абурыла… Пакуль я разважаў, з кабінэту судзьдзі выйшла дзеўчына: „Усё прызнала — 10 сутак!“ Стала зразумела, што прызнаваць віну бессэнсоўна…

Судзьдзі распавёў тую ж самую гісторыю, што і сьледчаму. У адказ — 15 сутак… Раззлаваўся, выйшаў на калідор і як закрычаў: "Ганьба беларускаму суду!"… Як у тым савецкім фільме: „Свободу Юрию Деточкину!“…»


Тэкст узяты з сайту БАЖ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG