Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сучасныя Грунвальдзкія кронікі: Мсьціслаў


Прызнаюся, гэта вандроўка павінна была стаць першай у рамках мінулагодняга міні-праекту «Падарожжаў «Свабоды» — «Сучасныя Грунвальдзкія кронікі», прымеркаванага да 600-годьдзя сечы. Бо ж менавіта мсьціслаўскія харугвы беларусаў адыгралі найбольш значную ролю ў перамозе над тэўтонамі. Аднак сёньня нялёгка дабрацца да амаль 12-тысячнага, самага нашага ўсходняга горада — ад якога ўсяго 10 км да расейскай мытні ў Каськове і ўдвая больш да бліжэйшай станцыі на беларускай чыгунцы.


Але з маім добраахвотным гідам, галоўным мясцовым апазыцыянэрам, 69-гадовым былым інжынэрам-мэханікам, спадаром Іванам Казарэзавым спачатку загаварылі пра балючае надзённае: днямі за праваабарончую дзейнасьць мой праваднік атрымаў 5 базавых велічыняў штрафу, які расцэньвае як «зьвядзеньне рахункаў улады» зь ім. Гэтаму шчуплаватаму, але ўчэпістаму ды жваваму мужчыну, як тут кажуць, справа да ўсяго. З упартасьцю Дон-Кіхота кідаецца на ўладныя амбразуры. Хоць, зноў жа, прызнае, што ад гэтага больш цярпіць сам…


Казарэзаў: «На Радуніцу сабраў подпісы, каб аднавіць каплічку ў Міхайлаве, роднай вёсцы ля Мсьціслава. А склад ламалі — зь яго можна было зрабіць яе. 3 траўня запрасілі на сельскі савет. Прыехаў — вісіць замок, „уехала ў райвыканкам“. Я паехаў па сена — старшыня знайшла двух чалавек недалёкіх. „Лазьні нам ня трэба“ — ня вывучылі, што капліцы. І нічога няма на тым месцы. 2 гады, як будавалі сьвідравіну абезжалезьваньня — пастаяла і завалілася. Вазілі туды сьмецьце з усяго гораду. Я напісаў заяву ў ахову прыроды. Заходжу — там загадчык камунальнай гаспадаркі Кіслоў. Кажу — Мікалаевіч, я ж за цябе працую, там жа ўчасткі з гародамі, перш чым навязаць цяля, сьмецьце прыбіраю. Не пасьпеў прыйсьці дахаты, машына іх стаяла. І на выканкаме 5 базавых усунулі за парушэньне ўтрыманьня маёй грузавой машыны ля дамавой тэрыторыі — адпомсьціў! 175 тысяч пэнсіянэру! І што я ні хадзіў, нікому нічога не даказаў. Узялі пасеялі азімыя на маім участку, не паставіўшы ў вядомасьць, каб я не касіў і не карыстаўся — у той час як 21 участак там прысядзібны зарос бур’янамі і дрэвамі. І сэнатар наш Караед не абараніла — так і заплаціў!»

Блізкасьць да Расеі вызначае сфэру жыцьцёвых інтарэсаў ды тэмы размоў тутэйшых людзей. 47-гадовы кіроўца Юры са скрухай узгадаў:

Юры: «У 90-х са Мсьціслава хлеб вазілі на роварах у Расею, а яна ўся па сьмятанку сюды прыяжджала…»


У хаце спадара Івана нас сустрэла мажная, але такая ж, як ён сам, увішная гаспадыня — былая настаўніца, спадарыня Валянціна. За гарбатай працягнулі тэму.

Карэспандэнт: «Блізкасьць Расеі ў савецкія часы мела свой нэгатыў — скуплялі ўсё, што можна. А цяпер наадварот?»

Казарэзаў: «Мяса адтуль прыватнікі купляюць і прадаюць на кірмашы. У Расеі кілбаса, будаўнічыя матэрыялы таньнейшыя…»

Казарэзава: «Дык хіба ў нас няма сваіх перапрацоўшчыкаў — яна б не каштавала столькі грошай! Кілбасы недаступныя для пэнсіянэраў — доктарская 13 тысяч, палеская 18. Пайшла аднойчы ў краму, дык старэнькая просіць пшана. А як пачула лічбу, завярнулася і пайшла — ужо і на пшано няма, бо за камунальныя паслугі заплаціць ці вопратку купіць — і на нішто няма. Жыльлё пабудаваць — крэдыты каму даюцца, каму не. Дачка працуе настаўніцай за 600, двое дзетак. Хочацца ж, каб апранутыя былі, як належна, дапаможнікі, кампутары. А муж кіроўцам у водаканале, вучыцца ў Горацкай акадэміі — таксама ж трэба на разьезды, жыльлё там. І ці ж змогуць яны гэты крэдыт выплаціць?! Стаялі на чарзе, але палічылі, што фінансавыя магчымасьці не дазваляюць. Я вам скажу чэсна — я за Лукашэнку не галасавала. Я помню, як ён абяцаў вярнуць нашы ўклады. Каб іх аддаў, навошта тыя прыбаўкі да пэнсіі — жылі б спакойна і ні ў кога нічога не прасілі. Канечне, многія выразы яго ня красяць як галаву рэспублікі. І старыя ўжо гавораць — ну навошта сварыцца з гэтай Расеяй, трэба дамаўляцца. Паглядзім на Пуціна зь Мядзьведзевым — як яны працуюць, усё круціцца…»

У адной з крамаў уголас расказвала пра сямейнае жыцьцё сьветлавалосая, мілавідная кабета. Па выхадзе знаёмлюся з 39-гадовай Людмілай.

Карэспандэнт: «Ты хацела, каб твае дзеці жылі ў Мсьціславе?»

Людміла: «Не-а, працы няма, жыльля. Дачка завочна вучыцца, а 300 тысяч у райзнаку палучала галоўным эканамістам. Я прыбіральшчыцай атрымлівала столькі ж…»

Праходжу ля найбуйнейшай тут навучальнай установы — Мсьціслаўскага будаўнічага каледжа, дзе рыхтуецца за паўтысячы будучых сталяроў, цесьляроў, кранаўшчыкоў, муляраў. Заўважаю купку хлапцоў, што выйшлі пасмаліць на пераменцы. Цікаўлюся, што яны ведаюць пра свае далейшыя пэрспэктывы.


Хлопцы: «Усе цесьляры, дзе разьмеркаваньне — ня ведаем…»

Карэспандэнт: «А заробак які будзе?»

Хлопцы: «Мільён-другі на будоўлі ў Беларусі, навошта на іншую дзяржаву працаваць?»

Патлумачу апошнюю фразу. Мноства мясцовых вымушана зьяжджаць гастарбайтэрамі ў Расею. Мне паказалі на хату спадарыні Галіны Леўкінай, чый муж днямі зьехаў будаўніком. Кабета пагадзілася пагутарыць.


Леўкіна: «Кожны раз на новыя будоўлі, куды паклічуць. Зьяжджае на 2 тыдні, на месяц — тысяч 5–6 расейскіх прывозіць. Няшмат — там жа за кватэру, сілкаваньне плаціць. Дом на мне, а я не працую — крэдыту не далі на газ мільёнаў 5–6. А прыедзе — дзіцёнка апрануць, па рахунках заплаціць. А тут проста няма дзе працаваць — атрымліваў 300 тысяч на рамонтным участку без выхадных…»

* * *
У савецкія часы найбуйнейшым прадпрыемствам Мсьціслава быў цагляны завод, дзе выраблялася штогод да 3 млн. цаглін. Зараз там мяне сустрэла пустая пляцоўка з адзінокім самазвалам. На прахадной — майстар Мікалай Аляшэнка. Пачуўшы, адкуль я, спужана сказаў, што пра палітыку не гаворыць. Якраз-ткі сказаў пра галоўнае — маўляў, дзяржаўным цяпер завод застанецца давеку.

Аляшэнка: «На цагляным зараз 15 чалавек, робім 600 тысяч цаглін, мільён выходзіць. 10 год таму пад 100 чалавек працавала. Сушылкі былі — цэгла ацяплялася, а цяпер пад сонцам сушым. У 90-х развалілася, калі бардак пачаўся. Пэрспэктывы г…о. Дапрацоўваецца ўсё…»

Усе ў горадзе мне раілі наведаць замежнае прадпрыемства «Рос-мадэрн», што на месцы былой швейнай фабрыкі. Бярэ ў арэнду адзін з цэхаў, узьнікла 2 гады таму. Уладальнік — расейскі прадпрымальнік. Напачатку шылі традыцыйныя ільняныя вырабы — абрусы, спальную бялізну. Цяпер перайшлі выключна на спэцадзеньне — кажухі, гімнасьцёркі, порткі колеру хакі. Я разглядаю іх разам з галоўнай бухгальтаркай, спадарыняй Крэнжыеўскай. Дарэчы, Галіна Цімафееўна кінула дзеля «Рос-мадэрну» працу ў «вэртыкалі».


Крэнжыеўская: «Прадукцыя з 2009 асноўная пайшла. Аб’ёмы былі і па 30, і па 40 млн. у месяц. Заробак спачатку невялікі быў — і 200, і 300 тысяч. Цяпер атрымліваюць ад 600 да мільёна. З 8 да 5 папрацавалі — субота-нядзеля выхадныя. Працуем зараз толькі для Расеі — шыем спэцадзеньне. Збыт гарантаваны, сыравіну пастаўляюць…»

Карэспандэнт: «Якая выгада расейцам ісьці ў Беларусь? У нас жа падаткі вялікія…»

Крэнжыеўская: «У нас таньнейшая працоўная сіла, а для Расеі мы ж адпускаем без падаткаў на дабаўленую вартасьць. Для нас добра — там не затрымліваюць разьлікі. Мы паставілі — праз 7-10 дзён грошыкі ў нас ужо есьць. Таму наша становішча палепшылася. І на будучыню наша кіраўніцтва дамовілася — у іх ад тысячы і вышэй на іх грошы ідуць нашы вырабы. Каб мы шылі для Мсьціслава, мы б такіх аб’ёмаў не знайшлі. Людзі патрабуюцца — далі пазыку для разьвіцьця вытворчасьці. Паводле бізнэс-пляну трэба 56 чалавек, у нас пакуль 23. Няма спэцыялістаў, каб жылі ў Мсьціславе…»

Нарэшце накіроўваемся са спадаром Казарэзавым да старажытнага замчышча. Да юбілею ўлады падмацавалі драўляныя платы на земляным муры, зрабілі, дзе трэба, беларускамоўныя мэмарыяльныя дошкі. Але славутыя мясьціны застаюцца пустэльнымі…


Карэспандэнт: «Я так разумею, сучасных мсьціслаўцаў нашчадкамі грунвальдцаў назваць не выпадае?»

Казарэзаў: «Так, і мала хто памятае пра гэта…»

Узгадваю аповед пра падзеі 1410 году доктара навук, знаўцу вайсковай гісторыі Юрыя Бохана.

«Мсьціслаў моцна быў зьвязаны з Грунвальдам. Гэта найбольш легендарныя палкі ў першай фазе бітвы, апісаныя польскім храністам Янам Длугашам. Войскі былі пабудаваныя лініямі — у польскім тры, у ВКЛ дзьве. Войска нямецкае будавалася клінамі, якія ў час бою складалі адну лінію. Калі нейкая харугва выбівалася, адводзілася з кліна. Бітва пачалася атакай першай лініі правага крыла саюзьнікаў. Смаленскія палкі знаходзіліся на левым флянгу гэтага крыла — на сутыку польскага войска і войска ВКЛ. У першую гадзіну, пад націскам пераважнай колькасьці крыжакоў, першая лінія пачала адступаць — і наўцёкі. Тры смаленскія харугвы мсьціслаўскага князя Лінгвэна Сымона выстаялі і дачакаліся падыходу другой лініі. Яны фактычна не дазволілі крыжакам пераламаць ход бітвы. Калі б яны ня выстаялі, крыжакі маглі выйсьці ў флянг польскаму войску і канчаткова разьбіць саюзьнікаў… Засталіся толькі земляныя ўмацаваньні замчышча ў Мсьціславе, але яны таксама ўражваюць сваімі памерамі. Гэта адзін з найбольш умацаваных самой прыродай замкаў на тэрыторыі Беларусі…»


Перад ад’ездам дзялюся ўражаньнямі ў гасьціннай хаце Івана Аляксеевіча ды Валянціны Мікалаеўны Казарэзавых. Гаспадароў прарывае на ўспаміны, якія шмат што тлумачаць у іх жыцьці.

Казарэзаў: «Мае бацькі з былой Чарнігаўскай губэрні. Некалькі сем’яў у часы Сталыпіна — ён даў крэдыты — купілі зямлю памешчыка Міхайлава і назвалі вёску Міхайлава: 5 сем’яў купілі 100 га. Прыйшлі бальшавікі, раскулачылі. Казарэзава папярэдзілі, і зьехаў на ўласным кані ў Оршу…»

Казарэзава: «Дзеда таксама папярэдзілі — сягоньня па цябе прыйдуць. У яго на той час было чацьвёра маленькіх дзяцей. Узялі іх, клумачкі, крыху ежы — і ў Караганду. Там недзе ў падвале ўладкаваліся — вільготна, дзед захварэў. Выехалі ў Маскву, там на вакзале і памёр. І бабуля кажа — дзяцей карміць няма чым, што рабіць? А самаму маленькаму 2 гады. Падышоў мужчына і сказаў — калі ня хочаш, каб яны памерлі, кінь іх, схавайся дзе-небудзь, тады іх падбяруць у дзіцячы дом. Трох хлопчыкаў пакінулі і з-за вугла глядзелі, як іх забіралі. Тады маці лавіла беспрызорнікаў у дзіцячыя дамы, старэйшых хлопчыкаў знайшла. Прыйшоў камэндант — „тады высяляйся з інтэрнату“. А бабуля ўзяла тапор — „бачыў тыгрыцу злую, дык калі ня хочаш, каб галава зьляцела — убірайся!“ У майго прадзеда ўсё, што нажыў, у дзеда ўсё камуністы забралі. А тое, што бацькі нажылі, у часы перабудовы дэвальвавалася, і за ўсё купіла тры боханы хлеба — ішла і ня бачыла перад сабой сьвету. Мы самі прызвычаіліся зарабляць, чым можам. Вось таму я за Аляксандра Рыгоравіча не галасавала. Я веру ў Бога, сілу духу беларусаў і, каб жыць па законе, было б усё добра…»
Падарожжы Свабоды
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG