Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ворсін пра рэзалюцыю Эўрапарлямэнту: "Ня мае значэньня, што яны там гавораць"


 Яўген Ворсін і Бруна Марці
Яўген Ворсін і Бруна Марці
Спартовыя чыноўнікі, адказныя за правядзеньне ў Менску хакейнага чэмпіянату сьвету 2014 году, 26 студзеня падпісалі кансультатыўную дамову з камэрцыйным партнэрам Міжнароднай фэдэрацыі хакею — швайцарскай кампаніяй "Infront". Між тым, няма ніякай гарантыі, што высілкі арганізатараў ня будуць марнымі і што гэты чэмпіянат у Менску адбудзецца.

На мінулым тыдні дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю па Беларусі. Сярод магчымых санкцыяў супраць кіраўніцтва краіны ўпершыню згадваецца спорт. У прыватнасьці, ёсьць прапанова забраць у Менску права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі і перанесьці чэмпіянат у іншае месца. Канчаткова ініцыятыву маюць аформіць ці адтэрмінаваць падчас сустрэчы 31 студзеня міністраў замежных спраў Эўразьвязу.

Між тым, беларускія чыноўнікі прысьпешваюць падрыхтоўку да чэмпіянату. На мінулым тыдні адмысловую нараду правёў віцэ-прэм'ер Анатоль Тозік; сёньня кіраўнік хакейнай фэдэрацыі Беларусі Яўген Ворсін замацаваў сваім подпісам выбар галоўнага кансультацыйнага партнэра — фірму "Infront".

На просьбу Радыё Свабода Яўген Ворсін, а таксама Бруна Марці — выканаўчы дырэктар па зімовых відах спорту кампаніі "Infront" — выказалі сваё стаўленьне адносна магчымых санкцыяў да Беларусі ў спорце. Гаворыць Яўген Ворсін:

Яўген Ворсін
"Я так лічу, што кожны павінен займацца сваімі справамі. Пытаньні Эўрапарлямэнту — гэта іхняя прэрагатыва, яны могуць разглядаць усё што заўгодна. Але са сваёй пазыцыі мы сёньня адказваем выключна за арганізацыю і правядзеньне ўласна чэмпіянату сьвету ў Беларусі. І я перакананы, што для нас ня мае ніякага значэньня, пра што яны там у сябе гавораць. Мы ведаем, што чэмпіянат сьвету пройдзе. І пройдзе пасьпяхова — у нас, у Беларусі, у горадзе Менску ў 2014 годзе. Усё гэта няпроста, але паверце: дзяржаўны кантроль, сталая ўвага да спаборніцтваў гарантуе, што ўжо да 2013 году ўсе пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй і правядзеньнем чэмпіянату сьвету, будуць вырашаныя".

Аналягічнай пазыцыі трымаецца і маркетынгавы партнэр Міжнароднай фэдэрацыі хакею Бруна Марці:

Бруна Марці
"У першую чаргу хачу адзначыць, што я не палітык. Я не прымаю ніякіх палітычных рашэньняў, але дакладна ведаю, што Міжнародная фэдэрацыя хакею дала права Беларусі, афіцыйна гарантавала права на правядзеньне чэмпіянату сьвету па хакеі ў 2014 годзе. І я ня бачу ніякіх перашкодаў — афіцыйных, юрыдычных ці якіх бы там ні было яшчэ — для таго, каб забраць у Беларусі права на правядзеньне дадзенага чэмпіянату. Я думаю, што тут мы павінны гаварыць выключна пра спартовы бок мерапрыемства, як мага больш пра спорт. І ў гэтым зьвязку я перакананы: з такой пазыцыі Беларусь — выдатнае, цудоўнае і найбольш адпаведнае месца для правядзеньня ўсясьветнага першынства-2014".

Беларусь атрымала права на правядзеньне хакейнага чэмпіянату ў 2009 годзе, пасьля чаго і без таго маштабнае хакейнае будаўніцтва яшчэ больш паскорылася — апроч двух вялікіх арэнаў у Менску, з такой нагоды мяркуецца збудаваць яшчэ паўсотні лядовых палацаў па ўсёй краіне. Як лічыць палітык і спартовы заўзятар Павал Знавец, ня вельмі шмат шанцаў, што Эўропа забярэ гэты чэмпіянат у Беларусі. І ўсё ж цікаўлюся: пры якім раскладзе справа можа дайсьці да спартовых санкцыяў?

Павал Знавец
"Калі будзе воля эўрачыноўнікаў, то дойдзе. Калі б была рэальная палітычная воля, то рэжым на працягу месяца можна зьмяніць. Нават проста з маўклівай згоды Масквы. Ці нават нязгоды. Але па шчырасьці, што тычыцца спартовых санкцыяў, то я вельмі сумняваюся. Таму нашы чыноўнікі і праводзяць нарады, дэманстратыўна абураюцца, бо ўпэўненыя: нічога ня будзе. І, на жаль, яны маюць рацыю. Баюся, што акрамя так званай балбатні "бла-бла", нічога ўрэшце ня прымуць. Толькі што пішуць рэзалюцыі, паперкі пустыя. Лукашэнка гуляючы іх "кідае", зьневажае, а яны на ўсё гэта моўчкі глядзяць. Капітал, канцэрны дыктуюць свае ўмовы. Яшчэ думаюць, што тут можна весьці справу і пляваць на тое, што зьбіваюць людзей, што жывем як пры Сталіне, напалоханыя ўсе. На жаль, сёньня маем тое, што маем, я зараз гляджу рэальна на гэтыя рэчы. Тое, што зашуганыя і нашы людзі, і зашуганыя эўрачыноўнікі — рэаліі".

Нагадаю, што ў пункце 16-м рэзалюцыі па Беларусі, ухваленай на мінулым тыдні дэпутатамі Эўрапарлямэнту, выказваецца меркаваньне: спартовыя мерапрыемствы, такія як чэмпіянат сьвету па хакеі ў 2014 годзе, ня могуць праводзіцца ў Беларусі, пакуль у гэтай краіне будуць заставацца палітвязьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG