Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці Саньнікава: «Знаходжуся ад яго за сто крокаў, а дапамагчы не магу»


Амаль месяц адвакаты ня бачылі былых кандыдатаў у прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, Мікалая Статкевіча і Ўладзімера Някляева. Большасьць іншых фігурантаў справы 19 сьнежня таксама ня могуць скарыстаць сваё права бачыцца з абаронцамі і нармальна ліставацца са сваякамі.

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзіміраўна зноў хварэе: пасьля ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь вязьнямі 19 сьнежня, якая адбылася каля Чырвонага касьцёла 19 студзеня, у жанчыны паднялася тэмпэратура. Але кажа, што больш непакоіць тое, што зноў няма ніякіх вестак ад сына Андрэя і нявесткі Ірыны Халіп. З 29 сьнежня да іх не дапускаюць адвакатаў, а кароткі ліст, які яна атрымала ад сына на мінулым тыдні, ня даў адказу на пытаньне, як пачуваецца Андрэй, пра якога паведамлялі, што ў яго на плошчы Незалежнасьці была параненая нага:

«Каб жа ён атрымаў мае лісты! Бо я пыталася пра ягонае здароўе, што з нагой. Я ведаю, што з нагой нешта было: ці то зламана, ці то выбіта. Калі яго адвакат адзіны раз бачыў, то казаў, што ён у дрэнным фізычным стане, на нагу ня мог абапірацца зусім. Але ён пра гэта нічога ня піша, і я нічога ня ведаю. Альбо сам ня хоча распавядаць, альбо яму сказалі, каб без падрабязнасьцяў, коратка. Але ліст кароткі, ляканічны: „Нармальна, здаровы“. А што на самой справе? Тут у мяне быў адзін журналіст, дык ён заўважыў, што дом, у якім я жыву, суседні з будынкам КДБ. Сапраўды так. Як падумаю, што я знаходжуся ад яго за сто крокаў, а дапамагчы не магу!» (Плача.)

Тацяна Севярынец
Маці аднаго зь лідэраў Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца Тацяна мае намер адмыслова прыехаць у Менск і дамагацца ад кіраўніцтва ізалятара КДБ адказу на пытаньне, чаму да яе сына не даходзяць лекі, якія яна раней перадавала:

«Перадавала на ўсялякі выпадак ад насмарку дарагія лекі — яны бралі. І тое, што яму непасрэдна патрэбна, таксама перадавала — бралі і 5 студзеня, і 17-га. Але калі я 17-га атрымала ліст ад 12-га, і ён просіць тыя лекі, якія я ўжо перадавала, я зразумела, што ён іх не атрымлівае. Таму гэты момант мяне больш за ўсё непакоіць».

Жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Алеся Міхалевіча Мілана ня можа забраць ягоную пасьцельную бялізну, каб памыць — дарэчы, як і сваякі большасьці іншых вязьняў. Парадак у «амэрыканцы» адносна пасьцельнай бялізны такі: каб сваякам аддалі бялізну на мыцьцё, вязень павінен напісаць адпаведную заяву. Але вось ужо амаль месяц заяваў няма, бо няма сувязі зь вязьнямі нават праз адвакатаў:

Мілана Міхалевіч
«Нічога ад яго не вяртаюць. І, адпаведна, не прымаюць ад нас чыстую бялізну, бо пры сабе яны маюць права мець толькі дзьве прасьціны і наўлечку. Вольга Някляева казала, што ёй адзіны раз гэта ўдалося, а нам дык ані разу. Вось спрабавала запісацца ў панядзелак — марна. Зараз усе ходзім з гэтымі прасьцінамі сюды-туды. Іх павінны прымаць па панядзелках, серадах і пятніцах, але не прымаюць».

Пэўная колькасьць фігурантаў справы 19-га сьнежня знаходзіцца за кратамі не ў «амэрыканцы», а ў менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага. У там сядзіць актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Павал Вінаградаў. Бацька Паўла Юры Вінаградаў, які жыве ў Беразіно, ужо атрымаў ад сына некалькі лістоў. Вось што зь іх вядома пра ўмовы, у якіх трымаюць актывіста, і пра дзейнасьць сьледчых:

«Умовы больш-менш. Быў у камэры, дзе 24 чалавекі, зараз у другой камэры, дзе 4 чалавекі. Два зь іх — нейкія былыя міліцыянты, і адзін расеец. Опэры прыходзяць рэгулярна і запужваюць, выклікаюць на гэтак званыя размовы. Калі без пратаколу. З адвакатам бачыўся. Будуць пісаць скаргу наконт відэаматэрыялаў, якія паказалі па ОНТ і БТ. Бо хлусьню там сказалі адносна Паўла: ні ў якіх экстрэмісцкіх групоўках ён ня быў, міліцыянтаў малатком ня біў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG