Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэдытаў набралі. Як аддаваць?


25-га студзеня ў Менску пачала працу місія Міжнароднага валютнага фонду. І афіцыйныя ўлады, і прадстаўніцтва фонду заяўляюць — гэты візыт не зьвязаны з новымі крэдытамі для Беларусі.

Сталы прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду ў Рэспубліцы Беларусь Натальля Калядзіна сказала сёньня "Свабодзе", што ў рамках дадзенай місіі пытаньні новага крэдытаваньня абмяркоўвацца ня будуць:

Натальля Калядзіна
"Што тычыцца асноўнай мэты прыезду місіі, то гэта працяг працы ў рамках агляду артыкулаў пагадненьня зь Міжнародным валютным фондам. Што гэта азначае, калі перакласьці гэтыя словы на простую мову? Гэта кансультацыі, якія праводзяцца штогод з усімі краінамі, што ўваходзяць у МВФ. Такая місія ўжо прыяжджала ў Менск у лістападзе 2010 году.

Але мы вырашылі, што патрэбна яшчэ адна такая місія. Навошта? Каб ацаніць уплыў новых дамоўленасьцяў з Расеяй па коштах нафты і газу. А таксама больш доўгатэрміновы ўплыў на беларускую эканоміку ў сувязі са стварэньнем Адзінай эканамічнай прасторы. Гэта і ёсьць асноўная мэта місіі. Гэта будзе адлюстравана ў скарэктаваным макраэканамічным прагнозе на 2011-ы год і да 2015 году. Новы макраэканамічны прагноз будзе выкарыстоўвацца для таго, каб правесьці зь беларускімі ўладамі кансультацыі па пытаньнях макраэканамічнай палітыкі".

Эканаміст Міхась Залескі лічыць: паўторны візыт экспэртаў МВФ у Беларусь не абмяжоўваецца заяўленымі мэтамі:

Міхась Залескі
"Яны паглядзелі, што Лукашэнка перад Калядамі паляцеў у Маскву і ўставіў сваю галаву ў маскоўскі хамут, як кажуць, па поўнай праграме. А цяпер яны бачаць, што ў Маскве зь яго вяроўкі віюць. І не даюць нафты амаль цэлы месяц. А таму яны думаюць: а як жа пры гэтым ён будзе разьлічвацца з намі? Вось і прыехалі паглядзець".

А вось яшчэ адзін экспэрт у галіне эканомікі — Сяргей Чалы ўпэўнены: у сьпісе вяртаньня пазычаных беларускімі ўладамі грошай Міжнародны валютны фонд будзе стаяць на самым прыярытэтным месцы, бо да крэдытаў МВФ звычайна зьвяртаюцца толькі тады, калі няма іншых крыніцаў фінансаваньня:

Сяргей Чалы
"То бок гэта такі крэдытор у самай апошняй інстанцыі. І калі вы няздольныя разьлічыцца па гэтым крэдыце, то вам застаецца забыцца пра сваю рэпутацыю пазычальніка на любым іншым рынку з усіх, якія толькі існуюць. Таму крэдыты МВФ — з усіх, якія толькі Беларусь набрала: расейскіх, вэнэсуэльскіх, кітайскіх ды іншых, уключна з эўрабондамі — як кажуць кроў з носу, але аддаваць патрэбна".

Цягам апошніх двух гадоў Беларусь атрымала ад МВФ крэдыт па праграме stand-by у памеры каля трох з паловай мільярдаў даляраў. Аднак на мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка заявіў, што "ніякіх зьнешніх дурацкіх пазыкаў пад вялікія працэнты быць не павінна. Трэба з гэтымі разьлічыцца".

Усяго ж беларускае кіраўніцтва набрала крэдытаў амаль на 25 мільярдаў даляраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG