Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пафала: “Выбары 19 сьнежня ў Беларусі ёсьць эўрапейскай трагедыяй”


Пра гэта кіраўнік ведамства канцлера Ангелы Мэркэль Рональд Пафала піша ў сваім артыкуле на старонках нямецкага штотыднёвіка “Focus”. Ён адзначае, што людзі, якія ў той дзень хацелі стаць на абарону свабоды і дэмакратыі, былі "зьбітыя параненыя і кінутыя ў турмы", а таксама патрабуе ўвядзеньня санкцый у дачыненьні да афіцыйнага Менску.

Паводле Пафалы, тое, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, абраў шлях гвалту, не знаходзіць ані разуменьня, ані апраўданьня.

"Нямеччына ў межах ЭЗ выкарыстае ўсе паўнамоцтвы і магчымасьці і ніколі ня зьмірыцца з тым, што ў цэнтры Эўропы брутальна абыходзяцца з правамі чалавека”, – падкрэсьлівае ў сваім артыкуле ў “Focus”давераная пэрсона канцлера Ангелы Мэркэль.

Як адзначае Пафала, менавіта таму Эўропа мусіць вярнуцца да ўвядзеньня санкцыяў супраць беларускага рэжыму.

31 студзеня міністры замежных спраў краін ЭЗ прымуць рашэньне адносна Беларусі. Кіраўнік ведамства нямецкага канцлера заклікаў кіраўніцтва ЭЗ і арганізацыяў кшталту Рады Эўропы і АБСЭ да адзінства ў дзеяньнях з тым, каб Лукашэнка вызваліў усіх палітзьняволеных.

"У якасьці першага кроку, мусіць быць гарантаваны неадкладны і бесперашкодны доступ да зьняволеных іх адвакатаў і членаў сям'яў, поўнае мэдычнае абслугоўваньне арыштаваных", – заявіў Рональд Пафала, які апошнім разам наведаў Менск летась у лістападзе і меў размовы з кандыдатамі ад апазыцыі на прэзыдэнцкіх выбарах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG