Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Івашкевіч: Калі было б замежнае фінансаваньне, ЦВК меў бы здымаць кандыдата


Віктар Івашкевіч
Віктар Івашкевіч
Чарговая публікацыя газэты Адміністрацыі прэзыдэнта "Советская Белоруссия – Беларусь сегодня" прысьвечана дакумэнту "Стратэгія перамогі". Гэты дакумэнт нібыта склалі для замежных фундатараў кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і ягоная жонка Ірына Халіп.

Паводле “СБ”, Саньнікаў прасіў на кампанію крыху болей за 19 мільёнаў даляраў. З гэтай сумы беспасярэдне на выбарчую кампанію, як цьвердзіць газэта, было заплянавана амаль 10 мільёнаў даляраў.

Публікацыю мы папрасілі пракамэнтаваць давераную асобу экс-кандыдата ў прэзыдэнта Андрэя Саньнікава Віктара Івашкевіча:

“Напісаць яны маглі што заўгодна. Маглі лічбы зрабіць у 5-10 разоў большыя. Гэбэльсаўская хлусьня: чым больш маніш, тым большая спадзеўка, што ў гэтую ману павераць. Таму цяжка і камэнтаваць гэтыя матэрыялы – адкуль яны ўзятыя, хто гэта пісаў, якія спэцслужбы гэта пісалі. Таму што ў напісаных гэтых аналітычных запісках ёсьць нестыкоўкі з рэальнай сытуацыяй.
Незразумела, дзе ж тыя грошы, ці былі яны выдадзеныя, ці гэта толькі мары нейчыя...


Называецца Мілінкевіч як галоўны канкурэнт Саньнікава, а ён на выбары не пайшоў. Усё гэта неяк зроблена цяп-ляп. Сума называецца каля 20 мільёнаў даляраў, а падаецца ксэракопія нейкага дакумэнту фонду Маршала на 15 тысяч даляраў. Таксама незразумела, дзе ж тыя грошы, ці былі яны выдадзеныя, ці гэта толькі мары нейчыя. Карацей, прапаганда ёсьць прапаганда..."

Карэспандэнтка: "Вядома, што Андрэй Саньнікаў прадаў кватэру, каб мець грошы на выбарчую кампанію..."

Івашкевіч: "Гэта факт, і на гэтыя 60 тысяч даляраў кампанію і вялі. А таксама з таго, што людзі ахвяравалі на кампанію на заклік сайту “Хартыі”. Хто 20 даляраў, хто 100, а хто і некалькі тысяч даляраў давалі, гэта таксама ёсьць факт. Але пра нейкае замежнае фінансаваньне наагул размовы не ішло. Дарэчы, каб такое было, то кандыдата трэба было б здымаць з выбараў, бо такое фінансаваньне законам забаронена. Але чамусьці не здымалі кандыдата, калі былі нейкія дадзеныя, што ён атрымлівае фінансаваньне на выбарчую кампанію з-за мяжы.
Чамусьці не здымалі кандыдата, калі былі нейкія дадзеныя, што ён атрымлівае фінансаваньне на выбарчую кампанію з-за мяжы...


Тым больш задавалі пытаньне Ярмошынай падчас выбарчай кампаніі, і яна казала, што калі будзе вядома, што хтосьці атрымлівае падтрымку з-за мяжы, то яны будуць дзейнічаць жорстка і здымаць з кампаніі. Не здымалі, значыцца, ня мелі такой інфармацыі. А цяпер дэманструюць, што нібыта нейкія зьвесткі ў іх былі. Суцэльныя нестыкоўкі, гэта з сэрыі, што ў гаражы работніка беларускага тэлебачаньня раптам знаходзяць таемны схоў зброі нейкай паўстанцкай арміі. Ці з той сэрыі, як сьведкі-міліцыянты паказваюць, што чалавек крычаў “Далоў прэзыдэнта”, а высьвятляецца, што ён глуханямы”.

Аляксандар Лукашэнка загадаў апублікаваць матэрыялы спэцслужбаў, датычныя дзейнасьці ягоных апанэнтаў на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах.

Гэта трэцяя па ліку публікацыя. Папярэднія былі 14 і 15 студзеня.

У іх сьцьвярджалася, што спэцслужбы Польшчы і Нямеччыны рыхтавалі дзяржаўны пераварот у Беларусі. А таксама расказвалася пра кампанію "Гавары праўду" і былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева.

Прадстаўнікі Польшчы і Нямеччыны, а таксама палітыкі і грамадзкія дзеячы ў Беларусі, згаданыя ў публікацыях, зьняпраўдзілі надрукаванае.

Андрэй Саньнікаў, Ірына Халіп і Ўладзімер Някляеў знаходзяцца ў турме КДБ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG