Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падчас інаўгурацыі паслы ЭЗ дэманстратыўна выедуць у Вільню


Сёньня ў Менску адбудзецца інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі. Цырымонія пройдзе ў Палацы Рэспублікі. Адтуль яна будзе трансьлявацца па ўсіх каналах беларускага тэлебачаньня.

Інаўгурацыя — гэта афіцыйнае ўступленьне абранага кіраўніка на пасаду. Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сказаў "Свабодзе", што цырымонія разьлічана хвілін на 25—30:

"Спачатку старшыня Цэнтравыбаркаму абвяшчае, што ў выніку выбараў прэзыдэнтам абраны Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. І прапануе яму прынесьці прысягу. Ён прыносіць прысягу на Канстытуцыі. І затым падпісвае спэцыяльны акт аб прынясеньні прысягі. Старшыня ЦВК уручае прэзыдэнту пасьведчаньне прэзыдэнта. І на гэтым, па сутнасці, афіцыйны рытуал заканчваецца.

Вышэйшыя службовыя асобы, якія там будуць прысутнічаць, выступяць зь віншаваньнямі. У адказ прагучыць кароткая прамова прэзыдэнта. Гэта будзе яго зварот да тых, хто прысутнічае ў залі, і да ўсяго беларускага народу".

Запрашэньні кіраўнікам іншых дзяржаў на інаўгурацыю ў Беларусі не дасылаюцца. Калі б нехта зь іх пажадаў прыехаць, то яго ў Менску, зразумела, прынялі б. Аднак пра такіх ахвотных пакуль нічога не чуваць.

З больш-менш вядомых асобаў пра свой удзел у сёньняшнім мерапрыемстве заявілі толькі лідэр КПРФ Генадзь Зюганаў ды Іван Макушок — прэсавы сакратар дзяржсакратара так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі Паўла Барадзіна.

Традыцыйна на інаўгурацыі прысутнічаюць прадстаўнікі дыпляматычных місіяў, якія акрэдытаваныя ў Беларусі. Аднак сёньня іх будзе значна меней параўнальна зь мінулым разам — цяперашнюю цырымонію ігнаруюць амбасадары краін Эўразьвязу. Гэтую інфармацыю ўчора афіцыйна пацьвердзіла Мая Касьянчыч — прэсавы сакратар кіраўніка дыпляматыі Эўразьвязу Кэтрын Эштан. Паводле яе слоў, амбасадары і часовы павераны ў справах Эўразьвязу ў Беларусі ня возьмуць удзелу ў цырымоніі інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсій у дачыненьні да апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Узялі — і зьехалі. Кожны чалавек можа куды-небудзь зьехаць. У тым ліку — і амбасадар. Але калі пачынаеш усё гэта аналізаваць, супастаўляць з тым, што адбываецца ў Беларусі, то бачыш — гэта добра зроблены крок, каб паказаць, што яны ня хочуць пры гэтым быць
Былы беларускі дыплямат Міхаіл Бацян канстатуе:

"Узялі — і зьехалі. Кожны чалавек можа куды-небудзь зьехаць. У тым ліку — і амбасадар. Але калі пачынаеш усё гэта аналізаваць, супастаўляць з тым, што адбываецца ў Беларусі, то бачыш — гэта добра зроблены крок, каб паказаць, што яны ня хочуць пры гэтым быць".

Дарэчы, сёньня эўрапейскія дыпляматы будуць у Вільні, дзе пройдзе канфэрэнцыя з удзелам прадстаўнікоў вядучых міжнародных праваабарончых арганізацый. На ёй будзе абмяркоўвацца сытуацыя ў Беларусі.

Таксама ня будзе прысутнічаць на інаўгурацыі і часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Майкл Скэнлан.

У 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка цягнуў з інаўгурацыяй — цырымонія пераносілася двойчы. Хадзілі нават чуткі, што гэта магло быць зьвязана з пагаршэньнем здароўя Лукашэнкі. Прысягу і праграмную прамову тады ў вялікай залі Палаца Рэспублікі слухалі 2600 гасьцей. Цырымонія трансьлявалася ў жывым эфіры па ўсіх тэле- і радыёканалах. Тады ніводзін лідэр замежных дзяржаў на ўрачыстасьцях у Менску не прысутнічаў. Не было і афіцыйных прадстаўнікоў Крамля.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG