Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэакцыя ў Менску на рэзалюцыю ў Страсбуры

абноўлена

Эўрапарлямэнт 20 студзеня выступіў за санкцыі адносна беларускіх уладаў і заклікаў да новых прэзыдэнцкіх выбараў. Рэакцыя на рэзалюцыю Эўрапарлямэнту ў Менску: уладаў, апазыцыі, экспэртаў.




Вялічка: "Гэта адкіне Беларусь назад"


Уладзімер Вялічка
У трынаццатым пункце рэзалюцыі па Беларусі Эўрапарлямэнт "Заклікае Раду разглядзець магчымасьць прыпыненьня ўдзелу Беларусі ва Ўсходнім партнэрстве на саміце Ўсходняга партнэрства ў Будапэшце, калі да гэтага ня будзе прымальнага тлумачэньня і значнага паляпшэньня сытуацыі ў Беларусі, пры гэтым прыпыненьне не распаўсюджваецца на няўрадавыя арганізацыі і грамадзянскую супольнасьць"

Сьпікер Форуму грамадзянскай супольнасьці Ўсходняга партнэрства Ўладзіслаў Вялічка мяркуе, што такі падыход патрэбна было зафіксаваць у рэзалюцыі:

"Ён сапраўды разводзіць ролі беларускай дзяржавы і беларускай грамадзянскай супольнасьці ў гэтым працэсе. Аднак патрэбна разумець, што гэта нічога добрага для нашай краіны не нясе. Калі так здарыцца, што паляпшэньняў у Беларусі не адбудзецца і калі будзе прынятае рашэньне аб выключэньні краіны з дзяржаўнага вымярэньня, гэта адкіне Беларусь назад у працэсе ўзаемадзеяньня з Эўропай. А грамадзянская супольнасьць не ў стане гэтага кампэнсаваць. А па-другое, пакуль цяжка прагназаваць, як да гэтага паставяцца іншыя краіны Ўсходняга партнэрства.

Так што гэты пункт рэзалюцыі адпавядае сучаснай сытуацыі. Але трэнд, на жаль, вядзе ў нэгатыў".


Заіка: Эўропа будзе спакойна езьдзіць на беларускім бэнзіне


Леанід Заіка
Эканамічныя санкцыі, да якіх заклікае Эўрапарлямэнт у рэзалюцыі па Беларусі, кіраўнік аналітычнага цэнтру "Стратэгія" Леанід Заіка лічыць мала адчувальнымі:

"Самыя моцныя санкцыі, якіх трэба было б асьцерагацца, — гэта спыненьне куплі нафтапрадуктаў. Тут ні слова няма. То бок Эўропа будзе спакойна езьдзіць на беларускім бэнзіне, плаціць за гэта 12 мільярдаў даляраў штогод, і не патрэбныя ніякія інвэстыцыі. Эўрапарлямэнт зрабіў тое, што ён умее рабіць. Для іх гэта здаецца — вялікія санкцыі. Для Крамля гэта амаль што нічога. А для Беларусі гэта цярпіма. Таму вялікага эканамічнага нэгатыўнага разьвіцьця падзеяў я не чакаю. Хутчэй за ўсё, гэтае асуджэньне мае маральна-палітычныя якасьці. Гэта насамрэч важна для палітыкі".


Экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі: рэзалюцыя "цалкам задавальняльная"


Віталь Рымашэўскі
"Вельмі добра, што ёсьць разуменьне неабходнасьці ўлічваць расейскі фактар. Але папярэджваю, што не хацелася б, каб размовы пра Беларусь вяліся з Расеяй без удзелу беларусаў, дэмакратычнай супольнасьці. Каб наш лёс не вырашалі бяз нас. Вось гэтага дапусьціць нельга".

Ён адзначыў, што адзіная цьвёрдая маральная пазыцыя ЭЗ патрэбная, хоць яна і запозьненая.

"Добра, каб такая цьвёрдая пазыцыя была да 19 сьнежня, тады, магчыма, нам удалося б прадухіліць многія рэчы, якія цяпер адбываюцца. Але лепш позна, чым ніколі".


Касьцян: Станем жалезнай сьцяной!


Сяргей Касьцян
Прынятая ў чацьвер рэзалюцыя Эўрапарлямэнта па Беларусі прымусіць беларусаў згуртавацца, лічыць пралукашэўнкаўскі палітык старшыня Беларускага славянскага камітэта Сяргей Касьцян, якому з лістапада 2006 года быў забаронены ўезд у Эўразьвяз.

"Гэта рашэньне Эўрапарлямэнта толькі прымусіць нас згуртавацца, стаць жалезнай сьцяной і займацца стваральнай працай",– заявіў Касьцян агенцтву "Інтэрфакс", камэнтуючы рэзалюцыю Эўрапарлямэнта, у якой заклікаецца да правядзеньня ў Беларусі новых прэзыдэнцкіх выбараў.


Янукевіч: гэта вельмі сур'ёзны званок для беларускіх уладаў


Аляксей Янукевіч
"Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту па Беларусі — гэта вельмі сур'ёзны званок для беларускіх уладаў, для тых, хто разьлічваў, што атрымаецца гэтую тэму максымальна зьмякчыць і згладзіць", — пра гэта заявіў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

"Бязь нейкіх рэальных крокаў далейшае супрацоўніцтва з Эўропай — і палітычнае, і эканамічнае — будзе немагчымае. Без рэальных крокаў па дэмакратызацыі, па вызваленьні палітвязьняў. І вельмі добра, што падкрэсьліваецца неабходнасьць правядзеньня насамрэч свабодных і справядлівых выбараў".

Паводле спадара Янукевіча, прыняцьцё рэзалюцыі — гэта важны крок. Ён лічыць, што яе прыняцьцё паспрыяе хутчэйшаму вяртаньню Беларусі на дэмакратычны шлях разьвіцьця.

"Безумоўна, роля Расеі важная ў гэтай сытуацыі. У выпадку моцных абмежаваньняў на кантакты эканамічныя і палітычныя зь Беларусьсю Расея можа і будзе скарыстоўваць гэта на сваю карысьць, не на карысьць дэмакратычнай супольнасьці. Таму мне хацелася б бачыць заклік аказваць ціск і на ўлады Беларусі, і на ўлады Расеі, каб яны не выкарыстоўвалі гэтую сытуацыю на сваю карысьць, а на карысьць дэмакратычных пераўтварэньняў".


Мечыслаў Грыб: "Узяць лом Эўропа няздольная"


Мечаслаў Грыб
Былы старшыня беларускага парлямэнту Мечыслаў Грыб мяркуе, што санкцыі да ўладаў Беларусі, якія сёньня прапанаваў Эўрапейскі парлямэнт, могуць не даць адпаведнага эфэкту:

"Мне падаецца, што Эўропа і сёньня няздольная вельмі актыўна паўплываць на ўлады Беларусі. Гэта зусім іншыя людзі, у іх абсалютна іншы мэнталітэт параўнальна з беларускімі чыноўнікамі. І яны ніколі ня могуць пайсьці на грубыя і дёрзкія крокі, якія дазваляе сабе беларуская ўлада. Як кажуць, супраць лому няма прыёму, акрамя другога лому. Але ўзяць такі лом Эўропа, як я думаю, няздольная".

Разам з гэты былы сьпікер адзначае, што дагэтуль той жа Эўрапейскі парлямэнт ніколі не прымаў такіх жорсткіх рэзалюцыяў:

"Але гэта пакуль толькі прапановы. Паглядзім, колькі іх трапіць у канчатковы дакумэнт 31 студзеня".


Лукашэнка абяцае самыя жорсткія санкцыі на адрас Эўразьвяза


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандр Лукашэнка даручыў ураду падрыхтаваць жорсткія захады ў адказ на магчымае ўвядзеньне Эўразьвязам санкцыяў у дачыненьні да кіраўніцтва Беларусі.

"Даручэньне ўраду адно: у выпадку калі хто-небудзь паспрабуе ўвесьці супраць краіны эканамічныя або іншыя санкцыі, мы павінны неадкладна адрэагаваць, падрыхтаваць меры ў адказ, аж да самых жорсткіх",– цытуе "Інтрэфакс" заяву Лукашэнкі на нарадзе па некаторых ўнутрыпалітычных пытаньнях.

Карняенка: новыя выбары можна абвесьціць праз тры месяцы


Віктар Карняенка
У першым пункце рэзалюцыі па Беларусі Эўрапарлямэнт "заклікае да новых выбараў", якія б былі праведзеныя адпаведна дэмакратычных стандартаў АБСЭ.

Каардынатар кампаніі "За свабодныя і справядлівыя выбары 2010" Віктар Карняенка з гэтай нагоды заявіў "Свабодзе":

"Каб правесьці такія выбары, неабходна забясьпечыць тры рэчы. Прычым, ня толькі заканадаўча. Першая – гарантаваць прадстаўніцтва апазыцыйных структур у камісіях. Другая – забясьпечыць працэдурна падлік галасоў на заканадаўчым узроўні. Сёньня камісіі не лічаць галасы, вынікі абвяшчае старшыня. Трэцяя – забясьпечыць мэханізм аспрэчваньня тых рашэньняў, якія не задавальняюць той ці іншы бок. Сёньня мэханізму аспрэчваньня рашэньняў улад не існуе".

Віктар Карняенка сказаў, што ўсе гэтыя ўмовы былі своечасова перададзеныя ў Цэнтарвыбаркам. Паводле ягоных меркаваньняў, новыя выбары прэзыдэнта краіны можна было б абвесьціць ужо праз тры месяцы.



Беларускі МЗС чакае 31 студзеня


Андрэй Савіных
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Андрэй Савіных на просьбу "Свабоды" пракамэнтаваць сёньняшнюю рэзалюцыю Эўрапейскага парлямэнту адказаў, што канчатковае рашэньне па Беларусі будзе прынятае толькі 31 студзеня. І прымаць яго будуць міністры замежных спраў краін Эўразьвязу:

"Цяпер робіцца шмат заяваў па дадзеным пытаньні. Мы іх уважліва аналізуем, прымаем да ведама, зьвяртаем увагу на кантэкст і зьмест. Тым ня менш афіцыйная пазыцыя Рэспублікі Беларусь будзе выказаная толькі па выніках гэтага працэсу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG