Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Рэзалюцыя Эўрапарлямэнту самая жорсткая за апошнія гады"


20 студзеня Эўрапарлямэнт прыме рэзалюцыю па Беларусі. Увечары 19 студзеня на сэсіі Эўрапарлямэнта ў Страсбуры прайшлі дэбаты па сытуацыі ў краіне пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.

На абмеркаваньне былі вынесеныя 6 праектаў рэзалюцыі, падрыхтаваных рознымі фракцыямі. У выніку, паводле эўрапарлямэнтара Юстаса Палецкіса, ёсьць узгоднены праект.

ў прынцыпе тэкст узгоднены, за выключэньнем некаторых дэталяў. Я думаю, што гэтая рэзалюцыя якраз будзе прынятая бальшынёй
"Ёсьць узгодненая рэзалюцыя, былі нялёгкія і доўгія дыскусіі паміж галоўнымі групамі. І ў прынцыпе тэкст узгоднены, за выключэньнем некаторых дэталяў. Я думаю, што гэтая рэзалюцыя якраз будзе прынятая бальшынёй".

Самы жорсткі варыянт дакумэнта прапанавала прыняць найбольш уплывовая фракцыя Эўрапейскай народнай партыі. Яна заклікала Раду Эўразьвязу і Эўракамісію перагледзець палітыку адносна Беларусі, аднавіць візавыя абмежаваньні для шэрагу беларускіх чыноўнікаў, зьвесьці да "абсалютнага мінімуму" кантакты зь беларускімі ўладамі, а таксама замарозіць усю макрафінансавую дапамогу і ўдзел Беларусі ў праграме "Усходняе партнэрства".

Аўтары праекта прапанавалі прымяняць санкцыі датуль, пакуль ня будуць безумоўна вызваленыя прадстаўнікі палітычнай апазыцыі. Таксама Эўрапейская народная партыя заклікала ўлады Беларусі правесьці паўторныя прэзыдэнцкія выбары. А кіраўніцтву ЭЗ прапанавала падтрымаць разьвіцьцё дэмакратыі ў Беларусі шляхам павелічэньня фінансавай падтрымкі недзяржаўных мэдыяў, арганізацый і адукацыйных праектаў для студэнтаў.

Спадар Палецкіс адзначыў, што асобныя прапановы Эўрапейскай народнай партыі захаваліся ў канчатковым варыянце дакумэнта. У выніку, паводле Палецкіса, цяперашняя рэзалюцыя па Беларусі, параўнальна з тымі, якія прымаліся ў мінулыя гады, найбольш жорсткая і ўтрымлівае прапанову аб эканамічных санкцыях.

Галоўная мэта – дасягнуць вызваленьня зьняволеных, спыненьня налётаў на апазыцыю, на незалежныя грамадзкія аб'яднаньні, на прэсу
"Галоўная мэта – дасягнуць вызваленьня зьняволеных, спыненьня налётаў на апазыцыю, на незалежныя грамадзкія аб'яднаньні, на прэсу і гэтак далей. Гэта самае галоўнае. Адносна канкрэтных мераў – утрымліваюцца некаторыя перасьцярогі. Наколькі я разумею, яны будуць задзейнічаны толькі ў тым выпадку, калі афіцыйны Менск будзе ўпарціцца і ня будзе ніякага прагрэсу".

Падчас учорашніх дэбатаў вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па замежных справах і палітыцы бясьпекі Кэтрын Эштан заявіла, што падзеі ў Беларусі, якія адбыліся ўсьлед за выбарамі, "сталі шокам для ўсіх эўрапейцаў". Яна заклікала неадкладна вызваліць усіх затрыманых, у тым ліку ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты. Брытанскі дэпутат Рычард Хавіт заклікаў краіны Эўразьвязу ўзяць прыклад з Польшчы, якая ўжо ўвяла абмежаваньні на ўезд беларускіх чыноўнікаў.

Юстас Палецкіс адзначыў, што Эўрапарлямэнт дае рэкамэндацыі, а ўжо на саміце Рады Эўразьвязу напрыканцы студзеня будзе прынятае рашэньне з улікам сёньняшняй рэзалюцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG