Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталя Тараса пахавалі побач з бацькам


Кнігі, фатаграфіі, асабістыя рэчы Віталя.
Кнігі, фатаграфіі, асабістыя рэчы Віталя.
Сёньня ў Менску пахавалі Віталя Тараса, шматгадовага аўтара Радыё Свабода, «Нашай нівы», пісьменьніка, публіцыста, сябра Беларускага ПЭН-цэнтру і Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Наш калега Віталь Тарас памёр 18 студзеня на 55-м годзе жыцьця. Сёньня зь ім разьвіталіся дзясяткі чалавек — родныя, сябры, калегі.

Вядомы перакладчык і выдавец Зьміцер Колас кажа, што са сьмерцю Віталя Тараса страціў свайго лепшага сябра:

«Гэта быў сябар усяго майго жыцьця, і я ніколі ня мог уявіць, што мы можам так раптоўна расстацца».

Спадар Колас кажа, што гадаваўся і сталеў разам зь Віталём, быў зь ім неразлучнай сяброўскай парай:

«Гэта было ў дзяцінстве, маладосьці, калі мы мелі больш часу бачыцца. Калі ж кожны заняўся сваёй справай, мы бачыліся ня так часта, але ў думках мы заўсёды былі разам. Ня ведаю, як Віталь, а я, робячы свае пераклады, заўсёды ўяўляў, як ён іх чытае».

Вэтэран беларускай журналістыкі Сяргей Ваганаў кажа, што калісьці з прыемнасьцю пачуў ад Віталя, што той вучыўся на ягоных артыкулах:

«Дарэчы, я сам таксама і прыслухоўваўся да яго і прыглядаўся, бо ён увасабляў сабою іншае пакаленьне, іншы ў чымсьці погляд на рэчаіснасьць… Вельмі шкада. Адмаўляюся верыць у нейкую справядлівасьць на гэтым сьвеце — так ударыць па такой вялікай, добрай сям’і…»

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў кажа, што асоба Віталя Тараса для яго непарыўна зьвязаная з асобай ягонага бацькі, літаратара Валянціна Тараса:

«Хачу сказаць, што ў Тараса-малодшага найлепшыя бацькавы якасьці яшчэ больш яскрава часам праяўляліся. Гэта такая глыбінная інтэлігентнасьць, адукаванасьць, аналітычны розум, сумленнасьць, здольнасьць заўсёды выслухаць апанэнта, неверагодная для нашых часоў чалавечая далікатнасьць… Мне здаецца, што тое, што цяпер робіцца ў Беларусі, гэтае дзікае поле, у якім мы цяпер апынуліся, таксама паскорыла сыход Віталя».

Барыс Пятровіч працаваў зь Віталём Тарасам у «ЛіМе» часоў уздыму гэтага выданьня:

«Зь ім прыемна было працаваць, зь ім прыемна было сябраваць… Такім маладым, шчырым, адкрытым, прафэсіяналам у самым лепшым сэнсе гэтага слова ён і застанецца ў маёй памяці».

Да самых апошніх дзён у «Нашай ніве» зьяўляліся публіцыстычныя артыкулы Віталя Тараса. Гаворыць шэф-рэдактар выданьня Андрэй Дынько:

«Мы павінны быць удзячныя Богу, што ён дазволіў Віталю зрабіць гэтак шмат за ягонае жыцьцё. Тое, што ён зрабіў, стане на стагодзьдзі ўзорам для беларускай журналістыкі. Тое, што ён зьдзейсьніў, ніколі не забудзецца, а таму, якім ён быў, мы будзем старацца быць адпаведнымі».

Яркім імем у беларускай журналістыцы, маральным эталёнам у прафэсіі назвала Віталя Тараса старшыня БАЖ Жана Літвіна:

«Віталік называў журналістыку самай чалавечнай прафэсіяй… Сёньня я не магу не сказаць і пра тую повязь, якая ёсьць у Віталя зь ягонымі бацькамі. Гэта Валянцін Яфімавіч Тарас і Рэгіна Дзьмітрыеўна Бакуновіч, гэта цэлая дынастыя, журналісцкая сям’я. Сёньня Антон Тарас ідзе па іхных шляхах».

Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла даслала свае спачуваньні ў рэдакцыю “Свабоды”:

“З сумам даведалася пра сьмерць Віталя Тараса. Мае спачуваньні яго сям’і – жонцы, сыну і маці. Так, цяжкі перажываем час”.



Віталя Тараса пахавалі на Паўночных могілках Менску, тамсама, дзе амаль год таму пахавалі ягонага бацьку Валянціна Тараса.

Спачуваньні Антону Тарасу ад Уладзімера Арлова.
Антон Тарас ля бацькавай труны.
Удава Віталя Алена Лукашэвіч і Ірына Быкава ля труны нябожчыка.

Дзясяткі вянкоў ад сяброў, калег і блізкіх.

Маці і сын Віталя Тараса Рэгіна Бакуновіч і Антон Тарас.
Вечка труны нясуць Зьміцер Колас (паперадзе) і Барыс Пятровіч.
Вянок ад Уладзімера Някляева, які знаходзіцца ў турме КДБ.
Віталёў крыж трымае Ірына Быкава, удава Васіля Быкава.
Труна на сяброўскіх плячах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG