Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бацька Міколы Статкевіча атрымаў паштоўку ад сына


Віктар Статкевіч
Віктар Статкевіч
У аўторак бацьку былога кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча Віктару Статкевічу, які жыве ў Баранавічах, прыйшла паштоўка ад сына зь СІЗА КДБ. 19 студзеня бацьку палітвязьня Віктару Паўлавічу спаўняецца 85 гадоў.

«Вельмі рады, што атрымаў вестачку. Але пра сябе ён ні аднаго слова не напісаў. „Дарагі тата! Віншую з Днём народзінаў. Жадаю здароўя, моцы і сіл. Беражы сябе. Моцна цябе люблю“. Пра сябе — ніводнага слова. Толькі „Тата, даруй, што я ня змог разам з табой адзначыць твой дзень народзінаў“. Вось і ўсё...»

Віктар Паўлавіч кажа, што шмат перажыў у жыцьці. У вайну 16-гадовым хлопцам дапамагаў партызанам пілаваць слупы, каб пашкодзіць сувязь немцам, калі тыя ўжо адступалі. За гэта ён ледзьве не паплаціўся жыцьцём, яго выратаваў бацька:

«Немцы мяне схапілі, адзін зь іх выхапіў пісталет і выстраліў. Але бацька пасьпеў закрыць мяне сабой. Апошняй куляй немец забіў майго бацьку, а я застаўся жывы... Фашысты мяне не дабілі. З таго часу я нічога не баюся.
Нават фашысты так ня зьдзекваліся зь людзей, як цяпер.
Але нават фашысты так ня зьдзекваліся зь людзей, як цяпер. За што я хадзіў тыя слупы пілаваць? Я плачу кожны дзень, кожны дзень...»

Бацька Міколы Статкевіча вельмі перажывае за малодшага сына, ведае, што той трымае галадоўку. А характар у сына ўпарты, і проста так галадоўку ён ня спыніць. Віктар Паўлавіч — удавец, жыве ў Баранавічах адзін. Старэйшы сын — ва Ўкраіне, унучкі — у Нямеччыне, малодшы сын — за кратамі. Віктар Паўлавіч распавёў, што атрымлівае зараз вельмі шмат лістоў са словамі падтрымкі ад розных людзей, нават зусім незнаёмых.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG