Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мазырскі НПЗ: "Сядзім, як ля разьбітага карыта"


Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод перайшоў на мінімальную загрузку ўстановак перапрацоўкі нафты. Гэта зьвязана зь нястачай вуглевадароднай сыравіны для паўнавартаснай працы прадпрыемства.

Апавядае рабочы нафтаперагоннага заводу:

"Інфармацыя будзе заўтра, што будзе з нафтай — ці яна наагул будзе. Мы ведаем, што паехаў хтосьці з кіраўніцтва заводу дамаўляцца ў Маскву пра нафту. Гэта нам казаў дырэктар яшчэ на мінулым тыдні. У зьвязку з навагоднімі сьвятамі там перамовы ішлі нібыта запаволена, і вось зараз едзем на гэтыя перамовы. Казалі, што на заводзе цяпер перапрацоўваецца 16 тысяч тон нафты — такая мінімальная загрузка. Гэта дзеля таго, каб як мага больш працягнуць на тых запасах нафты, якія ёсьць на заводзе".

Сур'ёзныя праблемы з загрузкай магутнасьцяў беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў у Мазыры і Наваполацку пачаліся яшчэ ў мінулым годзе, калі Расея заявіла пра ўвядзеньне 100-адсоткавага мыта на пастаўку нафты ў Беларусь — за выключэньнем той часткі, якая ідзе на ўнутраныя патрэбы беларускіх спажыўцоў. У адказ беларускія ўлады зьнізілі імпарт вуглевадароднай сыравіны з Расеі.

Паводле некаторых зьвестак інфармацыйных агенцтваў, летась у студзені-лістападзе Беларусь закупіла ў Расеі 11,6 мільёна тон нафты, альбо на 41 адсотак меней, чым за такі ж пэрыяд у папярэднім годзе.

Адначасна Беларусь імпартавала 1,6 мільёна тон нафты з Вэнэсуэлы па сярэднім кошце 639 даляраў за тону — на 218 даляраў даражэй, чым можна было набыць у Расеі нават з улікам уведзенага мыта.

Вэнэсуэльскую нафту перапрацоўвалі пераважна ў Мазыры.

Аднак "нафтавая дапамога" з-за акіяну ўсё адно ня вырашыла праблему поўнай загрузкі беларускіх нафтаперагонных заводаў. Скарацілася перагонка нафты й скараціўся на 34,3 адсотка й экспарт беларускіх нафтапрадуктаў за мяжу.

Нягледзячы на згоду афіцыйнага Менску пералічваць мыта на нафту і нафтапрадукты ў расейскі бюджэт, абяцаная бязмытная расейская нафта сёлета на Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод пакуль яшчэ не паступала.

Адзін з адмыслоўцаў нафтаперапрацоўчага заводу ў Мазыры так камэнтуе сытуацыю:

"Тое, што агучвалася перад Новым годам з боку кіраўнікоў розных узроўняў наконт гожага падпісаньня дакумэнтаў на пастаўку нафты, на паверку аказалася проста размовай. Мінула ўжо амаль 20 дзён новага году, але нічога пэўнага ў нас тут не відаць. Сядзім, як ля разьбітага карыта, чакаючы, пакуль залатая рыбка нам што-небудзь падкіне. Тых запасаў нафты, якія ёсьць, на гэты тыдзень яшчэ хопіць. А далей — усё, будуць праблемы".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG