Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ заклікае правесьці міжнароднае расьсьледаваньне падзей 19 сьнежня


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
Партыя БНФ заклікае правесьці міжнароднае расьсьледаваньне, у тым ліку судовае, падзей 19 сьнежня ў Мінску. Адпаведнае патрабаваньне ўтрымліваецца ў заяве, прынятай 15 студзеня на пасяджэньні сойму партыі.

Партыя БНФ заклікае таксама міжнародныя структуры да «арганізацыі палітычнага, дыпляматычнага і эканамічнага ціску» на ўлады Беларусі з мэтай неадкладнага вызваленьня палітвязьняў і спыненьня рэпрэсій, — паведамляе БелаПАН.

Як адзначыў лідэр партыі Аляксей Янукевіч, да беларускіх уладаў павінны быць ужытыя, у прыватнасьці, візавыя санкцыі. Паводле яго інфармацыі, ужо рыхтуецца адпаведны сьпіс, у які ўключана некалькі соцень прозьвішчаў — старшыняў выбарчых камісій, судзьдзяў, ідэалягічных работнікаў і кіраўнікоў ВНУ.

Сойм партыі таксама патрабуе

• неадкладнага вызваленьня ўсіх затрыманых і арыштаваных па справе аб падзеях 19 сьнежня ў Менску;
• спыненьня масавых ператрусаў, затрыманьняў, крымінальнага і адміністрацыйнага перасьледу грамадзян;
• прыцягненьня да адказнасьці асоб, вінаватых у правакацыях і масавым зьбіцьці мірных грамадзян.

Аляксей Янукевіч таксама не выключае, што улады могуць пайсьці на ліквідацыю апазыцыйных палітычных партый. Паводле інфармацыі Янукевіча, цяпер у Адміністрацыі прэзыдэнта гэта пытаньне разглядаецца ў якасьці дыскусійнага.

Палітык паведаміў, што ў Міністэрстве юстыцыі пасьля выбараў цікавіліся, ці прымала Партыя БНФ рашэньне пра ўдзел у несанкцыянаваных вулічных мерапрыемствах. Акрамя таго, вялікая верагоднасьць, што ня будзе працягнутая дамова арэнды памяшканьня, дзе разьмяшчаецца цэнтральны офіс партыі.

«Магчыма, улады ня пойдуць на ліквідацыю апазыцыйных партый. Але ня выключана, што нам прыйдзецца дзейнічаць у новых нязручных умовах», — сказаў Янукевіч.

Палітык таксама лічыць, што рэпрэсіі з боку ўлады сьведчаць пра яе нестабільнасьць. «Сваімі жорсткімі дзеяньнямі ўлада імкнецца вярнуць сабе пачуцьцё ўпэўненасьці ў кантролі над сытуацыяй у краіне. Але, упэўнены, гэтым яна толькі набліжаецца да свайго краху», — сказаў Янукевіч.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG