Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі саджаць за патрабаваньне позвы на допыт


У дадатак да арыштаваных паводле падазрэньняў ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 сьнежня за кратамі апынаюцца людзі, якія адмовіліся ісьці на допыты ў міліцыю без афіцыйнай позвы.

Менчука Дзьмітрыя Буланава паўторна арыштавалі пасьля таго, як ён ужо адбыў адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу 19 сьнежня. Дзьмітрый Буланаў адмовіўся ісьці на допыт без афіцыйнай позвы. Тады да яго прыехалі міліцыянты, паведаміла "Свабодзе" праваабаронца Наста Лойка:

"Учора зранку да яго прыехалі супрацоўнікі міліцыі, сказалі, што калі ён не ідзе сам, значыць, вінаваты. Яго забралі і адвезьлі ў сьледчую ўправу на вуліцы Сапёраў. Там ён доўга чакаў сьледчага, і нават атрымалася зь ім пагутарыць праз тэлефон. А потым яму вынесьлі пастанову аб тым, што ён падазраваны ў справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня, а мерай стрыманьня абралі затрыманьне на 3 дні. Яго трымаюць на Акрэсьціна. Вядома, што ў ягонай маці не прынялі перадачу, спаслаўшыся на тэхнічныя праблемы. Будзем чакаць гэтых трох сутак, але ёсьць верагоднасьць таго, што ён застанецца пад вартай і пасьля".

Зьвестак пра тое, што да кагосьці з экс-кандыдатаў у прэзыдэнты выклікалі адвакатаў, дагэтуль няма. Лісты ад іх таксама не даходзяць. Такім чынам, пра Ўладзімера Някляева, Андрэя Саньнікава, Міколу Статкевіча нічога не вядома ўжо болей за два тыдні. Алесю Міхалевічу тры дні таму далі магчымасьць пазваніць жонцы. Цяпер пра Міхалевіча вядома толькі, што ён зноў у ізалятары КДБ, але адваката на допыты зь ягоным удзелам не выклікаюць.

А вось допыты чальцоў перадвыбарчых штабоў кандыдатаў і грамадзкіх актывістаў, арыштаваных адначасова з кандыдатамі, ідуць і ў апошнія дні. Бацька Насты Палажанкі з "Маладога фронту" Ўладзімер Палажанка распавёў "Свабодзе":

"Сёньня я бачыўся з адвакатам. Учора быў допыт Насты, і адвакат яе бачыла. Па-ранейшаму яны могуць бачыцца толькі падчас сьледчых дзеяньняў. Вы ведаеце, што адвакат атрымала папярэджаньне за быццам бы разгалошваньне тайны сьледзтва і дае вельмі малую інфармацыю. Адзінае, што яна сказала, што Наста трымаецца добра, упэўнена, нават жартуе. Гэта ўсё мне падказвае, што яе не зламалі".

4 студзеня апошні раз дапыталі давераную асобу Ўладзімера Някляева палітоляга Аляксандра Фядуту. Вядома, што ў Аляксандра Фядуты праблемы са здароўем, яму тэрмінова неабходныя лекі. Марына Фядута паведаміла пра тое, як пачуваецца яе муж.

"Відаць, не было асабліва калі распытваць пра тое, як ішоў допыт. Адвакат сказала толькі, што выглядае нармальна. Лекі яму я ўсе перадала, прасіла ж, каб яны дайшлі. Спадзяюся, лекі яму перадаюць і ён іх прымае паводле той схемы, якую яму прапісаў лекар".

Таксама 4 студзеня дапыталі Ўладзімера Кобеца, кіраўніка выбарчага штабу Андрэя Саньнікава. Жонка вязьня Ўльяна сказала, што атрымала ад мужа на словах прывітаньне сваякам. Ёй вядома, што муж трымаецца бадзёра. "Газэт ён дакладна не атрымлівае, але спадзяюся, што, можа, хоць паштоўка з надрукаваным віншавальным тэкстам да яго дайшла, каб падняць настрой у такі складаны час", — кажа Ўльяна Кобец. Я спытаў, ці сустракаецца яна са сваякамі іншых вязьняў з гэтак званага камітэту сваякоў "Вызваленьне". "Канечне, сустракаюся. Як сказана ў вядомым фільме — "месца і час сустрэчы зьмяніць нельга".

Часьцей за ўсё сваякі сустракаюцца ў вэстыбюлі КДБ, стоячы ў чарзе на перадачу. Таксама бывае, што кантактуюць праз тэлефон, каб падтрымаць адзін аднаго:

"Бачымся, размаўляем. Настрой розны. Вось учора Воля Бандарэнка казала, што размаўляла з жонкай Класкоўскага, былога міліцыянта. Пасьля ўсяго яна зьехала да маці. Адпаведна — яна адна, ёй вельмі цяжка, і калі Вольга зь ёй пагаварыла, то, магчыма, ёй стане лягчэй. Ведаеце, калі агульнае гора, дык лягчэй, калі хто ёсьць побач. Мы падтрымліваем адзін аднаго, спадзяемся на лепшае, што гэта ўсё хутка скончыцца. Спрабуем не адчайвацца".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG