Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Білі дубінкамі, дабівалі нагамі, не зважаючы — дзяўчына перад імі ці стары чалавек"


Падчас брутальнага разгону акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня многія людзі былі зьбіты, пакалечаны, паранены. "Амапаўцы" не спыняліся, нават калі бачылі перад сабой дзяўчат, жанчын, старых, падлеткаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Зьбівалі так, што зламалі нагу

Падчас разгону дэманстрантаў на Плошчы ў Менску 19 сьнежня "амапаўцы" жорстка зьбілі Маю Абрамчык, студэнтку гістарычнага факультэту БДУ. У шпіталі мэдыкі канстатавалі, што ў яе зламаная нага.

Мая Абрамчык, жыхарка Ганцавічаў, што на Берасьцейшчыне, не была непасрэдна на самой Плошчы Незалежнасьці. Разам зь сябрам яна прысутнічала на мітынгу ў хвасьце натоўпу. Калі пачаўся разгон, захопленая людзьмі дзяўчына апынулася зь сябрам каля Валадаркі. Узгадваць пра гэта ёй вельмі непрыемна:

"Да нас падбеглі трое "амапаўцаў" і пачалі зьбіваць майго хлопца. Я закрычала, каб яны перасталі. Тады да мяне падышоў адзін зь міліцыянтаў і ўдарыў два разы па назе. Я ўпала, мяне пачалі зьбіваць на зямлі. У аўтазак я не магла ісьці, на руках мяне нёс мой сябар".

Мэдычную дапамогу дзяўчыне аказалі толькі празь некалькі гадзін. Цяпер студэнтка на бальнічным, што з далейшым навучаньнем — пакуль невядома, кажа Мая:

"Даставілі мяне ў шпіталь не адразу, толькі праз гадзіны дзьве з паловай — тры. Не люблю пра гэта ўзгадваць. Што да навучаньня, то пакуль я на бальнічным. Ня ведаю, як будзе далей, але мне ніхто нічога не казаў пра навучаньне, пра магчымыя праблемы".

Сябра АГП зь Берасьця Марата Несьцярэнку міліцыянты затрымалі на Плошчы ў той момант, калі ён разам зь іншымі людзьмі выцягваў з-пад ног амапаўцаў дзяўчыну. Міліцыянты не зважалі, што нехта падаў, крычаў, трапляў пад ногі натоўпу, кажа Марат:
Міліцыянты ж білі нагамі, кіямі, сваімі шчытамі і закідвалі людзей у аўтазакі ...

"Людзі проста ляцелі пад ногі. Падалі дзяўчаты, падлеткі, міліцыянты не зважалі на іх. Мы стараліся выцягваць і ратаваць людзей, адводзіць іх з натоўпу. Міліцыянты ж білі нагамі, кіямі, сваімі шчытамі і закідвалі людзей у аўтазакі. Ніхто з дэманстрантаў не чакаў такога павароту. Я меркаваў, што будзе доўгае стаяньне на Плошчы, а калі і будуць канфлікты з супрацоўнікамі міліцыі — то толькі слоўныя, а не такі брутальны разгон і зьбіцьцё".


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Найбольш пацярпелі жанчыны

Многія сьведчаць, што найбольш пацярпелі падчас разгону Плошчы жанчыны. Амапаўцы зьбівалі іх больш жорстка, чым мужчын.

Праваабаронцу з кампаніі "Наш дом" Крысьціну Шацікаву зьбілі каля Ленінскага аддзелу міліцыі Менску. Туды яе прывезьлі разам з трыма дзясяткамі затрыманых на Плошчы.

Крысьціна Шацікава
"Усіх вывелі з аўтобуса, а мяне пакінулі, каб біць, бо я ўсю дарогу зьбірала дадзеныя людзей і перадала іх праваабаронцам праз тэлефон. У РАЎС мяне завялі галавой уніз з рукамі, закручанымі назад. Калі нас трымалі ў аўтазаку, дзяўчаты прымярзалі да жалеза. Ім жа яшчэ раджаць, а іх білі й марозілі".

У аддзеле міліцыянты зьбіваць жанчыну не пераставалі нават пры каляжанках, якіх гэта агаломшыла:

"Калі мяне міліцынт Пазьняк (Віталій Анатолевіч) пачаў біць, то мне ў гэты момант ужо выклікалі супрацоўніцу міліцыі, якая мелася агляд праводзіць. У яе трэсьліся рукі, яна няправільна перапісвала мае рэчы. Яна дужа баялася, што раптам яна ўзгадае, што яе ня гэтаму вучылі ў школе міліцыі".

Мінулі тры тыдні. Забыцца пра падзеі на Плошчы й пасьля яе Крысьціна Шацікава ня можа, бо не дае здароўе. Паправіць яго ня можа. Увесь гэты час яна пад наглядам мэдыкаў.

Асіповіцкі актывіст-"гаварыпраўдавец" Ігар Сімбіроў быў сярод тых, хто суправаджаў разам зь Някляевым мікрааўтобус з гукаўзмацняльнай апаратурай. Зьбівалі людзей невядомыя ў чорнай уніформе, згадвае ён:

"Мяне адцягнулі, пару разоў саданулі нагой. Адзін наступіў на мяне нагой і сказаў: "Ня рыпайся". Зьбіцьцё скончылася пасьля таго, як нехта, хто імі кіраваў, сказаў, што апаратуры ў аўтобусе няма — усе сыходзім. Потым крык: "Някляеў непрытомны". Мы падхапілі яго й панесьлі ў офіс. Пазьней прыехалі тры "хуткія", і туды загружалі людзей".

Затрымалі Ігара Сімбірова ў офісе "Гавары праўду" ўжо пасьля разгону Плошчы. У Маскоўскім аддзеле міліцыі склалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэньня, зь якога, паводле актывіста, вынікала, што яго арыштавалі перад Домам ураду. Затрыманых зьбівалі і ў міліцыі:
Усіх паставілі тварам да сьцяны, і адзін проста хадзіў і біў, куды прыйдзецца ...

"Усіх паставілі тварам да сьцяны, і адзін проста хадзіў і біў, куды прыйдзецца. Калі чалавек падаў, то было такое "Ўстаць", і дадаваў яшчэ нагой. Павезьлі ў суд, як скаціну. У месца, дзе сядзяць два чалавекі, набівалі шэсьць. Людзі гублялі прытомнасьць. Там адзін амапавец захацеў у прыбіральню, а другі яму кажа: "Што ты стрымліваесься. Залезь на дах і пасцы на іх". У Жодзінскай турме зьбівалі ў кожным калідоры".


ВІЦЕБШЧЫНА

"Білі менавіта па галовах"

Жыхар Віцебску Аляксандар прасіў не называць ягонага прозьвішча: яму ўдалося пазьбегнуць затрыманьня на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Аднак, кажа хлопец, ад міліцэйскіх дубінак і ботаў схавацца не атрымалася. І ён згадвае, што вакол яго было шмат людзей з крывёю на галовах:

"Міліцэйскай дубінкай можна расьсячы галаву, брыво — ды што заўгодна! Яна дужа цьвёрдая. І спэцназаўцы імкнуліся патрапіць менавіта па галовах, менавіта па галовах і білі. Я бачыў, як спачатку зьбіваў людзей АМАП, а потым падцягнуліся адмысловыя вайсковыя падразьдзяленьні і людзей пачалі дабіваць ужо нагамі. Прычым не зважаючы — дзяўчына там ці стары чалавек…"

Спадарыня Валянціна — ужо пэнсіянэрка, яна прыехала ў Менск з аднаго з райцэнтраў Віцебскай вобласьці:

"Я нават уявіць сабе такога не магла! Калі я апынулася ў натоўпе перад трыбунай, то было дужа цесна. АМАП са шчытамі такім бакавым крокам рушыў на людзей. Я была памкнулася зь імі размаўляць, але бачу, што яны нічога ня чуюць у гэтых сваіх "забралах"… А яны гэтымі сваімі шчытамі мяне ўціснулі ў натоўп. Добра, там упасьці не было як. Яны мяне штурхнулі, і я ўпала проста на людзей. Вядома, я так пратрымалася нядоўга, мне адразу стала дрэнна. Я прысела на нейкі бардзюрчык, а ўвесь натоўп прайшоў паўзь мяне. Нейкі АМАПавец падскочыў, схапіў мяне за рукаў, але я сказала, што ісьці не магу — калі хочаце, дык нясіце!"

Пашанцавала спадарыні Валянціне, як яна лічыць, толькі таму, што да яе падскочыў не шараговец, а нейкі начальнік — ён быў без шчыта і без дубінкі. І відавочна не хацеў несьці жанчыну да "аўтазака". Але на вачох у спадарыні, пакуль яна, зьнямогшыся, сядзела на ўскрайку плошчы, жорстка зьбівалі іншых:

"Я ўжо сядзела і толькі назірала. Гэта была жудасная і нават фантастычная карціна! Толькі й відаць было, як узьлятаюць дубінкі над натоўпам. Натоўп — суцэльная чорная сьцяна, і палкі-палкі, зьверху ўніз мільгацяць-мільгацяць, апускаюцца на галовы. А перада мной — хлопчык. Ён і слаба апрануты быў, такая куртачка лёгенькая… І яго пачалі зьбіваць нагамі. І мне так яго шкада, і няёмка, што я не магла падскочыць ды абараніць, бо ногі ня слухаліся… Яго зьбівалі чаравікамі такімі цяжкімі, страшнымі… Каго там было біць! Дзіця горкае! І потым я бачыла, як яго вялі людзі — ён ня мог ісьці сам".

Спадарыня Валянціна шкадуе, што ня здолела дапамагчы ні гэтаму хлопцу, ні іншым — каго зьбівалі. А ўспаміны пра дубінкі над галовамі людзей не адпускаюць яе й дагэтуль.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


"У іх вачах быў відзён страх, і яны махалі з усяе сілы дубінкамі налева і направа…"

Удзельнікі Плошчы з Гарадзеншчыны ўзгадваюць, што з-за страху АМАПаўцы нават ня бачылі, што перад імі былі маладыя дзяўчаты і жанчыны… Лекар у СІЗА казаў затрыманым наўпрост, што не абавязаны іх лячыць, а жанчынам, якія разносілі яду, было таксама забаронена гаварыць з тымі, хто ў камэры.

Юры Істомін
Кіраўнік Гарадзенскай абласной арганізацыі АГП Юры Істомін, узгадваючы Плошчу, распавядае, што бачыў страх у вачах АМАПаўцаў, калі тыя без разбору, як ашалелыя, лупцавалі дубінкамі ўсіх, хто толькі перад імі стаяў, нягледзячы нават на крыкі дзяўчат і жанчын.

Пазьней, у аўтазаку, са слоў Юры Істоміна, стала відаць, хто і як ад гэтага ашалелага страху пацярпеў.

Істомін: "Пасьля таго як у аўтазакі пазакідвалі людзей, стала відаць, што вельмі шмат зь іх з траўмамі: з расьсечанымі галовамі, паламанымі рукамі і нагамі. І потым, калі нас ужо пачалі выводзіць, некаторыя папросту не маглі ўстаць, яны не маглі падняцца пасьля амапаўскіх дубінак".

Спадар Істомін распавядае, што ў першыя два дні людзям практычна не аказвалася ніякай мэдычнай дапамогі. Асабліва ўразілі адносіны лекара, які там працаваў.

Істомін: "У самым ІВС мне запомнілася фраза лекара: я што, абавязаны вас тут усіх лячыць? Ён практычна не аказваў першай дапамогі людзям, якія пацярпелі".

Слонімскі актывіст Іван Бедка распавядае, што сядзелі ў так званых "стаканах" — камэрах, якія разьлічаныя на двух чалавек, — па чатыры. У такой камэры можна было толькі стаяць, нават не прысядзеш. Зь ім быў выкладчык адной з сталічных ВНУ, у яго была цалкам счарнелая нага, але ніхто не зьвяртаў на гэта ўвагі.

Іван Бедка асабліва ўзгадвае, як іх заганялі на Плошчы ў аўтазакі.

Хто паволі ішоў — лупілі адразу палкамі ...
Бедка:
"Хто паволі ішоў — лупілі адразу палкамі. Адной дзяўчыне перабілі нагу: лупілі, каб уставала, а яна не магла, бо нага была перабітая".

Спадар Бедка ўзгадвае, што два дні не давалі ні піць, ні есьці, не казалі нават, колькі часу.

Яшчэ адзін слонімскі актывіст, Барыс Кучынскі, які таксама пацярпеў ад АМАПаўскіх дубінак, больш распавядае не пра свой боль, а пра тое, як цярпелі маладыя людзі, асабліва дзяўчаты і жанчыны. Ён узгадвае, што ў аўтазаку везьлі больш за 60 чалавек — не было магчымасьці нават нармальна ўздыхнуць.

А ўтрыманьне ў камэры, зь яго слоў, нагадвала поўную ізаляцыю ад сьвету. Уразіла тое, як быў вышкалены пэрсанал СІЗА ў адносінах да іх.

Кучынскі: "Мы пытаемся — колькі часу? Нам адказваюць: вам не паложана ведаць. Нават жанчыны, якія развозілі нам тую бурду паесьці, і тое на нашы пытаньні адказвалі: нам забаронена з вамі размаўляць…"

ГОМЕЛЬШЧЫНА


"Ён баіцца ўсіх нас"

19 сьнежня ў Менску на масавай дэманстрацыі пратэсту супраць фальшаваньня вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў была жанчына з Гомельшчыны. Яна таксама пацярпела ад дзеяньняў спэцпадразьдзяленьня ў чорным. Яна сьведчыць:

"Мы выйшлі са штабу Някляева й сталі гуртавацца ў калёну. Калёна была надзвычай такая зладжаная. Людзі ішлі па раёнах, ішлі са сьцягамі. Ніякай там арматуры, нейкіх прыстасаваньняў для бойкі не было. Пасярэдзіне гэтай калёны ішла машына — у ёй былі намёты й гукаўзмацняльная тэхніка.

Я спачатку ішла сьледам за гэтай машынай. Потым збочыла на край дарогі.

І тут пачалася нейкая страляніна. Яны ўсе ў чорным пачалі шпурляць сьвятлогукавыя гранаты ці пэтарды. Яны ўсіх нас паклалі тварам у сьнег і патрабавалі, каб галовы мы не падымалі. Хтосьці зь іх прабег па мне й яшчэ моцна пнуў па назе — было балюча ўставаць.

Пасьля гэтага хто куды падаліся — адны назад у штаб, а мы пайшлі сваім ходам на Кастрычніцкую плошчу. Там ужо другая калёна, якую вёў Рымашэўскі, падыходзіла.

Там шмат людзей было. Мне падаецца, больш за 40 тысяч людзей было. Праспэкт Скарыны (Незалежнасьці) быў запруджаны. Людзі ішлі, гукалі лёзунгі, патрабавалі новых выбараў без Лукашэнкі.
яны заклікалі людзей, каб усё было мірна, каб ніхто ня біў і не правакаваў міліцыянтаў ...

Кандыдаты вялі на перамовы ў Дом ураду, у Цэнтравыбаркам. Ніякіх там заклікаў да парушэньня парадку кандыдаты не агучвалі. Наадварот, яны заклікалі людзей, каб усё было мірна, каб ніхто ня біў і не правакаваў міліцыянтаў.

Усе патрабавалі перамоваў. Я хацела бліжэй падысьці, але мяне не пусьцілі. Бо там ужо выскачыў з парлямэнту першы ланцуг АМАПу. Яны выбеглі, і мы ды іншыя групы людзей сталі адыходзіць. Было ўжо зразумела, што ноч стаяць на плошчы яны не дадуць і ўвогуле зараз будзе нешта страшэннае. Там і пачаўся такі жах.

Асабіста я ня вельмі пацярпела — ну, баліць у мяне сьпіна. Але ж тыя, хто на Акрэсьціна, — яны зьбітыя. Іншыя ў шпіталях. Кандыдаты ў прэзыдэнты — сядзяць у турме, давераныя асобы — сядзяць у турме. Гэта — свабодныя выбары? Гэта што ўвогуле такое? Вось гэта страшэнна!

Плошча — яна ўжо адбылася. І выходзіць туды было трэба. І я лічу, што ўсе тыя людзі, якія туды пайшлі, — гэта лепшыя людзі краіны.

Выбары сфальшаваныя, Лукашэнка на іх не перамог. Ён спалохаўся, ён баіцца. Ён баіцца грамадзянскага супраціву, ён баіцца народу. Ён баіцца ўсіх нас!

І калі мы ўсе да канца зразумеем, што ён баіцца нас, а ня мы яго, вось тады, магчыма, ён і сыйдзе".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG