Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Біржавы збор на валюту ўзрастае ў 200 разоў


Ад 12 студзеня ўдзельнікі куплі-продажу замежнай валюты на Беларускай валютна-фондавай біржы мусяць плаціць камісійны збор у памеры 2% ад сумы зьдзелкі. Гэта ў 200 разоў болей, чым трацяць яны цяпер.

Паведамленьне пра рост камісійнага збору распаўсюдзіў Нацыянальны банк Беларусі. Менавіта ён — асноўны акцыянэр Беларускай валютна-фондавай біржы. Афіцыйнае тлумачэньне — неабходна выраўняць умовы для апэрацыяў з валютай на біржы і на пазабіржавым валютным рынку.

Станіслаў Багданкевіч — былы старшыня Нацыянальнага банку Беларусі — кажа, што такой лёгікі ён не разумее:

Станіслаў Багданкевіч
"Калі казаць пра канкурэнцыю паміж зьдзелкамі на біржы і на пазабіржавым рынку, то наадварот — чым ніжэйшая будзе цана на біржы, тым большы будзе аб'ём апэрацыяў. І гэта выгадна для біржы, для дзяржавы. Таму я не ўлоўліваю ўсё гэта".

Яшчэ адзін доктар навук, прафэсар Барыс Жаліба тлумачыць ініцыятыву Нацбанку жаданьнем зьменшыць попыт на валюту.

Барыс Жаліба
"Меркаваньне можа быць толькі адно — трэба абмежаваць попыт на валюту на біржы. І — усё. Такія высокія камісійныя могуць стаць падставай для таго, што хтосьці па валюту на біржу ня прыйдзе".

Пытаюся ў спадара Жалібы: а навошта неабходныя абмежаваньні? Прафэсар тлумачыць:

"Абвастраецца становішча з валютай. У апошнія месяцы попыт значна перавышаў прапанову. Як з боку юрыдычных асобаў, так і — асабліва — з боку насельніцтва. Пастаўлены рэкорды па так званай чыстай куплі валюты. Асабліва ў сьнежні і лістападзе. Дзяржаўныя рэзэрвы схуднелі, а ў пэрспэктыве ніякіх замежных крэдытаў не прадбачыцца. Таму і трэба абмежаваць попыт на валюту на біржы".

Станіслаў Багданкевіч тлумачыць недахоп валюты тым, што Беларусь больш купляе за мяжой, чым туды прадае. Цяпер Нацбанк спрабуе празь біржу зьменшыць закуп імпарту:

"Усё ляжыць у плоскасьці дэфіцыту гандлёвага балянсу. І Мясьніковічу, які прыйшоў да ўлады, трэба распрацоўваць праграму забесьпячэньня збалянсаванай эканомікі. Таму што мы ня можам жыць працяглы час у доўг, праядаючы штогод на 5—7 мільярдаў даляраў болей, чым зарабляем. Так жа доўга жыць немагчыма".

Былы кіраўнік Нацыянальнага банку кажа: новы прэм'ер крыху пакрытыкаваў пяцігадовую праграму разьвіцьця Беларусі:

"Ну, дык дзейнічай далей. Вазьмі нашага Раманчука, які праваліўся ў палітыцы, паказаў, што ў яго няма стрыжня. Пастаў яго кіраўніком дарадцаў па эканоміцы. Няхай падрыхтуюць комплексную канкрэтную праграму. Як кажуць, карты — у рукі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG