Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі палітвязьняў зьвярнуліся да Бэнэдыкта XVI


Ініцыятыва сваякоў беларускіх палітвязьняў "Вызваленьне" зьвярнулася да папы рымскага Бэнэдыкта XVI з просьбай падтрымаць малітвай невінаватых грамадзянаў, якія знаходзяцца за кратамі, і дапамагчы ў вызваленьні іх з турмаў.

У звароце гаворыцца, што ноч з 19 на 20 сьнежня стала для беларусаў "адным з самых страшных момантаў у найноўшай гісторыі".

"Пратэстуючы супраць фальсыфікацыі выбараў, на вуліцы беларускай сталіцы выйшлі больш за 50 тысяч чалавек, але ўлады пайшлі на беспрэцэдэнтныя па жорсткасьці рэпрэсіі, спрабуючы ўтрымаць уладу любой цаной. На працягу адной ночы пасьля выбараў былі зьбітыя і арыштаваныя больш за тысячу чалавек. Сёньня гэтыя людзі знаходзяцца ў беларускіх турмах... Сёньня гэтыя людзі сталі закладнікамі ўлады, як і астатнія 9,5 млн. беларусаў, што жывуць у краіне. Сёньня Беларусь агорнута цемрай. Працягваюцца арышты актывістаў, пагромы рэдакцый незалежных сайтаў і газэт, ператрусы на кватэрах. Улады шантажуюць палітзьняволеных іх маленькімі дзецьмі, якія засталіся на волі", — зазначаецца ў звароце.

Яго аўтары просяць папу рымскага сваёй малітвай падтрымаць беларусаў, якія знаходзяцца за кратамі, і выкарыстаць свой аўтарытэт для вызваленьня невінаватых з турмаў.

У інтэрвію БелаПАН Вольга Бандарэнка — жонка даверанай асобы кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Дзьмітрыя Бандарэнкі — паведаміла, што напярэдадні была беспасьпяховая спроба сустрэцца з апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупам Марцінам Відавічам, каб перадаць зварот Бэнэдыкту XVI. Жонка палітыка мае намер зноў паспрабаваць перадаць гэты ліст.

У інтэрвію БелаПАН першы сакратар апостальскай нунцыятуры ў Беларусі Крыспін Вітольд Дубель патлумачыў, што для сустрэчы з арцыбіскупам Марцінам Відавічам неабходна зьявіцца ў нунцыятуру і напісаць заяву з просьбай аб прыёме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG