Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Контра: дачыненьні Беларусі з Эўразьвязам могуць кардынальна зьмяніцца


Фэрэнц Контра
Фэрэнц Контра
Кіраўнікі дыпляматычных місіяў краін Эўразьвязу, якія акрэдытаваныя ў Менску, накіравалі супольную ноту ў Міністэрства замежных спраў Беларусі. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Вугоршчыны Фэрэнц Контра. Эўрапейскія дыпляматы хочуць сустрэцца з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты, якія знаходзяцца пад арыштам.

Ад 1 студзеня Вугоршчына старшынюе ў Эўразьвязе. Амбасадар гэтай краіны Фэрэнц Контра падчас сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі расказаў пра сутнасьць ноты, скіраванай у МЗС:

"Мы выказалі нашу занепакоенасьць сытуацыяй. Папрасілі інфармацыю пра стан здароўя арыштаваных людзей. І папрасілі сустрэчу з былымі кандыдатамі ў прэзыдэнты, каб атрымаць інфармацыю пра стан іх здароўя перад тым, як у Брусэлі пройдзе абмеркаваньне беларускай тэмы".

Амбасадар Контра згадаў, што міністры замежных спраў многіх эўрапейскіх краін прапанавалі ўвесьці санкцыі супраць Беларусі. Журналісты спыталіся, ці ўвойдзе ў магчымыя санкцыі пашырэньне сьпісу неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу беларускіх чыноўнікаў і ці не рыхтуе ўжо такі сьпіс амбасада Вугоршчыны? Спадар Контра патлумачыў:

"Наша амбасада гэтым канкрэтна не займаецца. Сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў існуе. Ён на дадзены момант замарожаны. Натуральна, што гэты сьпіс ужо не адпавядае цяперашнім рэаліям. Таму гэты сьпіс, найверагодней, неабходна будзе абнавіць. Такая праца вядзецца. Але гэта будзе рашэньне міністраў замежных спраў краін Эўразьвязу. Ад іх залежыць, ці прымуць яны сьпіс і наколькі вялікі ён будзе".

Наколькі паводзіны беларускага кіраўніцтва могуць паўплываць на ўдзел краіны ў праграме "Ўсходняе партнэрства", спытаўся ў амбасадара Вугоршчыны карэспандэнт "Свабоды".

Амбасадар Контра сказаў: тут усё залежыць ад далейшых паводзінаў уладаў Беларусі:
Нам пакуль цяжка зразумець — чаму беларускае кіраўніцтва з трэскам зачыніла дзьверы? ...

"Выбары, якія не адпавядалі стандартам АБСЭ, а таксама разгром мірнай дэманстрацыі — былі нічым ня выкліканыя. Гэтыя крокі сталі для нас нечаканасьцю. Нам пакуль цяжка зразумець — чаму беларускае кіраўніцтва з трэскам зачыніла дзьверы? Усё будзе залежаць ад таго, як будзе разьвівацца сытуацыя ў Беларусі. Ці зьявяцца ў краіне новыя палітычныя вязьні? Калі так, то, я думаю, сытуацыя ў дачыненьнях Беларусь — Эўразьвяз кардынальна будзе мяняцца".

Я таксама спытаўся ў амбасадара Вугоршчыны, ці будзе запрошаны пасьля апошніх падзеяў кіраўнік Беларусі на саміт "Усходняга партнэрства", які пройдзе сёлета ў траўні ў Будапэшце? Амбасадар адказаў, што запрашэньні яшчэ нікому не пасылаліся:

"Калі глядзець на падзеі двух апошніх тыдняў, складаецца ўражаньне, што жаданьне супрацоўніцтва зь беларускага боку неяк зьмяншаецца. Альбо некаторыя людзі няправільна ацэньваюць сытуацыю. Альбо не разумеюць, што з Эўрапейскім Зьвязам нельга супрацоўнічаць на аснове розных прынцыпаў. Калі такія прынцыпы не паважаюцца, то цяжка казаць пра паглыбленьне супрацоўніцтва".

Амбасадар Вугоршчыны таксама дадаў, што калі Беларусь хоча паўнавартасна ўдзельнічаць ва "Ўсходнім партнэрстве", ёй трэба штосьці зьмяняць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG