Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Офіс АБСЭ чакае распараджэньняў зь Вены


На адрас уладаў Беларусі паступаюць новыя патрабаваньні адмяніць рашэньне аб закрыцьці офісу АБСЭ ў Менску. Літва, Нямеччына, Вялікая Брытанія ды іншыя дзяржавы заклікаюць беларускія ўлады не ісьці шляхам далейшай самаізаляцыі ад міжнароднай супольнасьці.

На пытаньне "Свабоды", чым сёньня займаюцца супрацоўнікі офісу, намесьнік кіраўніка офісу АБСЭ ў Менску Жандос Асанаў адказаў:

"Мы вырашылі пакуль устрымацца ад усялякіх камэнтароў. Мы чакаем інструкцыі ад нашага галоўнага офісу — сакратарыяту АБСЭ ў Вене. Мы чакаем арыенціроўкі зь Вены, таму што гэта новы выпадак. Мы ўпершыню зь ім сутыкаемся".

Раней спадар Асанаў казаў, што офіс з 1 студзеня 2011 году згортвае праектную дзейнасьць.

Аўдронюс Ажубаліс — міністар замежных спраў Літвы, краіны, якая ад 1 студзеня пачала старшыняваць у АБСЭ, — заклікаў беларускія ўлады перагледзець сваё рашэньне аб закрыцьці менскага офісу. Такія захады літоўскі палітоляг Арунас Моліс сёньня ў размове са "Свабодай" назваў правільнымі. Разам з тым экспэрт выказаў думку, што нельга ўскладаць вялікія спадзяваньні на АБСЭ, бо гэта аморфная і неаднародная міжнародная арганізацыя:

Аўдронюс Ажубаліс
"Калі Літва і знойдзе нейкі спосаб уплыву на Беларусь, то гэта будзе адбывацца не праз АБСЭ, а як суседняя дзяржава. І хаця Літва цяпер старшынюе ў АБСЭ, зразумела, што гэта ня самая эфэктыўная арганізацыя ў Эўропе".

Арунас Моліс лічыць: беларускім пытаньнем з большым эфэктам мог бы заняцца Эўрапейскі Зьвяз:

"Іншыя інструмэнты, якія можна скарыстаць у рамках Эўразьвязу (НАТО, мабыць, цяжэй), выглядаюць нашмат цікавейшымі за інструмэнты АБСЭ. Калі казаць пра рэальную дапамогу, рэальныя дзеяньні, рэальныя крокі, то, я думаю, Эўрапейскі Зьвяз — гэта зусім іншы маштаб".

Беларускі палітык Вінцук Вячорка шмат гадоў кантактаваў зь менскім офісам АБСЭ:

Вінцук Вячорка
"Які б ні быў мандат офісу, гэта значыць — фармальны, фактычны, навязаны Лукашэнкам, добраахвотна скарочаны самімі супрацоўнікамі офісу, — усё-ткі гэта вока і вуха адной з найстарэйшых эўрапейскіх інстытуцыяў. Яна стваралася ў свой час якраз для дасягненьня агульнага стандарту ў галіне правоў чалавека, дэмакратыі і дэмакратычных інстытутаў.

Гэты офіс у любы момант мог стаць пляцоўкай для сустрэчаў зь міжнароднымі гасьцямі — назіральнікамі, аналітыкамі, дыпляматамі — і пляцоўкай для важных унутрыбеларускіх падзеяў, зьвязаных зноў жа з замацаваньнем дэмакратыі. І таму ён муляў вока Лукашэнку. Я думаю, яшчэ з тых часоў, калі кіраўніком місіі быў Ганс-Георг Вік".

Нямеччына і Вялікая Брытанія таксама заклікалі Беларусь неадкладна перагледзець рашэньне аб спыненьні мандату офісу АБСЭ ў Менску. Яны заклікаюць беларускія ўлады не ісьці шляхам далейшай самаізаляцыі ад міжнароднай супольнасьці.

Офіс АБСЭ працаваў у Менску ад 1998 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG