Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прад’яўляюць абвінавачаньні і пакідаюць у турме


Да чатырох экс-кандыдатаў у прэзыдэнты, якім абвінавачаньні за арганізацыю «масавых беспарадкаў» у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня былі выстаўленыя напярэдадні, сёньня дадаўся пяты — Аляксей Міхалевіч. Таксама прад’явілі абвінавачаньні старшыні АГП Анатолю Лябедзьку і палітолягу Аляксандру Фядуту. Раней, нагадаем, былі абвінавачаныя дэмакратычныя актывісты Павал Севярынец, Аляксандар Атрошчанкаў, Наста Палажанка, журналістка Ірына Халіп, былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі. Яшчэ два былыя кандыдаты — Рыгор Кастусёў і Дзьмітрый Вус — застаюцца ў статусе падазраваных і пад падпіскай аб нявыезьдзе.

Аляксею Міхалевічу сёньня прад’явілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня. Пра гэта паведаміў ягоны адвакат Алег Агееў. Гэта значыць, што, як і іншым абвінавачаным , палітыку пагражае ад 5 да 15 гадоў пазбаўленьня волі:

«Так, сёньня яму таксама прад’явілі абвінавачаньне, хоць было спадзяваньне, што яго ўсё ж адпусьцяць. Але ў выніку за што затрымліваўся, па тых жа артыкулах абвінавачаньне і выставілі — па першай і па другой частках кодэксу, па „масавых беспарадках“. У адпаведнасьці з Крымінальна-працэсуальным кодэксам мера стрыманьня абіраецца на два месяцы, але ж яна можа падаўжацца».

Аналягічныя абвінавачаньні сёньня выстаўленыя Аляксандру Фядуту і Анатолю Лябедзьку. Сьвятлана Лябедзька ўдакладніла, што муж пасьля гэтага спыніў галадоўку, пачатую яшчэ 20 сьнежня. А вось Мікола Статкевіч, як паведаміла ягоная адвакатка Тацяна Станкевіч, працягвае галадаваць, пратэстуючы такім чынам супраць брутальнага разгону акцыі.

Найбольш складаная сытуацыя — вакол лідэра кампаніі «Гавары праўду!» Ўладзімера Някляева. 29 сьнежня ў ізалятары КДБ у яго здарыўся гіпэртанічны крыз, што не перашкодзіла сьледчым працягнуць тэрмін утрыманьня. Вольга Някляева кажа, што будзе дабівацца пераводу мужа прынамсі ў бальнічную палату:

«Цяпер пішам заявы, каб хаця б перавялі яго ў шпіталь СІЗА. Адвакатка ўчора напісала, і родныя, дочкі таксама. Я падам заяву сёньня. Бо другога такога ўдару ён ня вытрымае. Гэта будзе проста забойства».
Другога такога ўдару ён ня вытрымае. Гэта будзе проста забойства.


Карэспандэнт: «Працяг тэрміну ўтрыманьня быў для вас чаканым ці ўсё ж на нейкі пераднавагодні цуд спадзяваліся?»

«Не, не спадзявалася. Яны зараз папросту замятаюць свае грахі. Напартачылі і цяпер шукаюць, хто за гэта адказваць будзе».

Без навагодняга цуду застанецца і трохгадовы Данік — сын Андрэя Саньнікава і журналісткі Ірыны Халіп. Гаворыць Уладзімер Халіп, бацька Ірыны:

«Учора адбыўся працяглы допыт, і ёй вынесена абвінавачаньне. Ірына зноў узятая пад варту, пакуль будзе доўжыцца сьледзтва, і спадзевы на тое, што яе выпусьцяць да малога сына на Новы год, пайшлі ў пясок. Цяпер ужо ніякіх спадзяваньняў ні на што няма. Канкрэтныя тэрміны пры гэтым не фігуравалі, але, пэўна, будуць трымаць, пакуль будзе ісьці сьледзтва. Ні пра якую гуманнасьць і думаць не выпадае, дый мяне папярэдзілі, што ня варта нічога чакаць».

Карэспандэнт: «З боку дзяржаўных апекуноў спробы забраць Даніка спыненыя?»

«Пакуль усё яшчэ ў падвешаным стане і невядома, як выруліцца ўся гэтая сытуацыя, куды яны яе павернуць. Нічога невядома».

У няпэўным стане і два былыя кандыдаты ў прэзыдэнты — Рыгор Кастусёў і Дзьмітрый Вус. Спадар Кастусёў кажа, што ў сытуацыі неакрэсьленасьці даводзіцца нэрвова рэагаваць на любое тэлефанаваньне. Пра агульны настрой кажа так:

«Настрой такі — у чаканьні. Пакуль што мой статус у якасьці падазраванага, як і было. Як патлумачыў адвакат, я пад рамкі тэрміну ў 10 сутак не падпадаю, калі мусяць апраўдаць ці вынесьці абвінавачаньне. Можа быць і 20 сутак, а можа, і месяц давядзецца жыць у такім статусе. Таму кожны званок зь невядомага нумара вымушае крышачку напружвацца. Сытуацыя не зусім добрая».
Кожны званок зь невядомага нумара вымушае крышачку напружвацца.


Да таго ж, як кажа Рыгор Кастусёў, нямала засмучае і тое, што ягоны сын Андрусь адбывае 15 сутак адміністратыўнага арышту і выйдзе на волю ўжо ў наступным годзе — 4 студзеня.

Сёньня з патрабаваньнем вызваліць усіх затрыманых да амбасады Беларусі ў Стакгольме прыйшлі прадстаўнікі беларускай дыяспары, грамадзкія дзеячы Швэцыі. Арганізатарка акцыі — Вольга Класкоўская, сястра былога міліцыянта Аляксандра Класкоўскага, якога спачатку зьбілі на плошчы Незалежнасьці ў Менску 19 сьнежня, а пасьля штурмам захапілі ва ўласнай кватэры. Учора, як расказала Вольга, Аляксандру таксама было прад’яўленае абвінавачаньне ў арганізацыі «масавых беспарадкаў»:

«Учора вельмі позна адвакатка Ірына Бурак нарэшце атрымала спатканьне з Сашам. Расказала, што больш-менш ён трымаецца, хоць па гэтым артыкуле пагражае ад 5 да 15 гадоў. Ён сапраўды ў складаным становішчы. Тое, што я зараз чытаю ў афіцыйных паведамленьнях, прэс-рэлізах міліцыі, — там адкрыта напісана: ён адмыслова „дыскрэдытаваў“ праваахоўныя органы. То бок сытуацыя вельмі спэцыфічная, паколькі праваахоўныя органы папросту ня могуць дараваць яму яго грамадзянскай пазыцыі, яго ўдзелу ў акцыі пратэсту… Адвакатка таксама сказала, што Саша перадаваў усім прывітаньне, дзякаваў за ўсё — за падтрымку, за салідарнасьць людзей».

Акцыя ля беларускага пасольства ў Стакгольме.

Усяго ў сьпісе падазраваных, якім могуць вынесьці ці ўжо прад’явілі абвінавачаньне ў арганізацыі масавых беспарадкаў, — 26 чалавек. Але гэтая колькасьць наўрад ці канчатковая: у міліцыі заявілі, што справы тых, хто цяпер адбывае арышт па артыкулах Адміністратыўнага кодэксу, могуць быць перакваліфікаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG