Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Акрэсьціна за беларускую мову білі нагамі»


Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску.
Спэцпрымальнік-разьмеркавальнік на завулку Акрэсьціна ў Менску.
На волю выходзіць усё болей затрыманых у сувязі з падзеямі на плошчы Незалежнасьці 19 сьнежня. Але першая вялікая хваля вызваленьняў чакаецца 29 сьнежня.

З ізалятара на Акрэсьціна выйшаў маладафронтавец Дзяніс Лазар, якога затрымалі яшчэ 18 сьнежня разам са Зьмітром Дашкевічам і Эдуардам Лобавым. Паводле гарадзкога ўпраўленьня міліцыі, актывістаў абвінавацілі ў крымінальным злачынстве — нібыта яны з хуліганскіх памкненьняў зьбілі чалавека. Дзяніс Лазар распавёў, што ў турме зь ім нават не праводзілі вочнай стаўкі, а з матэрыяламі справы сьледчы пачаў знаёміцца праз 5 дзён пасьля затрыманьня падазраваных. Яшчэ Дзяніс Лазар паведаміў, што на нейкі час яго пасадзілі ў адну камэру са Зьмітром Дашкевічам. «Нібыта выпадкова», — кажа пра гэта актывіст. З размовы з Дашкевічам Дзяніс Лазар зрабіў выснову, што той «не разгубіўся і гатовы да любых падзей». Зь Дзяніса Лазара ўсе падазрэньні былі зьнятыя.

Першая вялікая хваля вызваленьняў удзельнікаў акцыі 19 сьнежня пройдзе 29 сьнежня позна ўвечары. Некалькі дзясяткаў вязьняў выйдуць з ізалятара на Акрэсьціна, яшчэ некалькі дзесяткаў будуць вызваленыя зь Менскага раённага ізалятара, дзе трымаюць затрыманых дзяўчат і жанчын, а таксама з Жодзінскага СІЗА. Пра яго зьвестак найменей, кажа праваабаронца Наста Лойка.

«У ізалятары Менскага раёну такую інфармацыю даюць лёгка, на Акрэсьціна некаторым удаецца самім даведацца, зазірнуўшы ў кнігу ўліку, дзе пазначаны час затрыманьня.
У Жодзіне даваць зьвесткі зусім адмаўляюцца.
А ў Жодзіне даваць зьвесткі зусім адмаўляюцца. Паколькі мы ня ведаем часу затрыманьня, які пісалі некаторым вязьням, і па якой схеме будуць вызваляць, то могуць узьнікнуць праблемы, калі людзей будуць вызваляць бліжэй па поўначы. Ведаю, што з Акрэсьціна будуць вызваляць, пачынаючы з 9 вечара, а з Менскага раённага ізалятара, пачынаючы з 10 прыблізна. Прынамсі а 10.30 будуць вызваляць маю сяброўку, гэтак сказаў дзяжурны. Але ў Жодзіна такую інфармацыю адмовіліся паведамляць у прынцыпе. Мы ведаем, што мясцовыя праваабаронцы зьвярнуліся да пракурора з просьбай, каб такую інфармацыю агучылі. Бо вельмі важна сустрэць там людзей, у тым ліку, каб ім дапамагчы адтуль вярнуцца дадому. Але пакуль Жодзінскі ізалятар ігнаруе гэтыя просьбы».

З Жодзінскага ізалятара выйшаў Макар, якога затрымалі 19 сьнежня каля Цэнтравыбаркаму ў самым пачатку разгону мітынгу. Аўтобус, у які запхнулі маладога чалавека, неўзабаве аказаўся поўным людзей. Макар згадвае, што шмат людзей было з траўмамі: пабітымі галовамі, зламанымі пальцамі. Ім, як маглі, аказвалі дапамогу іншыя затрыманыя, а рэальную мэдычную дапамогу прапанавалі толькі праз 7 гадзінаў. Самыя цяжкія ўспаміны ў Макара нават не пра плошчу, а пра першыя гадзіны ў ізалятары на Акрэсьціна. Спачатку іх некалькі гадзінаў трымалі стоячы ў халодных калідорах, а каго і на марозе. Пры гэтым абражалі, лаяліся і нават білі. Яшчэ горшае пачалося, калі сталі складаць пратаколы.
Хлопчык адказваў па-беларуску, дык яго міліцыянт з размаху нагой гэтак ударыў у грудзі, што той адляцеў на 2 мэтры.


«Пачалі дапытваць, біць і пагражаць. Прыкладам, хлопчык адказваў па-беларуску, дык яго міліцыянт з размаху нагой гэтак ударыў у грудзі, што той адляцеў на 2 мэтры, стукнуўся аб сьцены і ложак. Яго пачалі таптаць нагамі, а потым глядзяць, што мы бачым гэта, і тады міліцыянт кажа: выведзіце іх. Нас вывелі ў калідор з камэры, а яго пачалі зноў біць. Назіраць за гэтым было вельмі і вельмі балюча».

У Жодзінскім сьледчым ізалятары, куды Макар трапіў пасьля суду, большасьць затрыманых таксама адразу зьбівалі. Праўда, як згадвае малады чалавек, некаторыя ахоўнікі ставіліся да іх нармальна: нават давалі паслухаць прымач. Яшчэ адно з назіраньняў Макара: у камэры зь ім сядзелі два хлопцы, якіх затрымалі на вакзале: тыя запэўнівалі, што не былі на мітынгу і нават галасавалі за Лукашэнку. Да 19 сьнежня гэтыя хлопцы ніколі б не паверылі, што такое абыходжаньне з затрыманымі магчыма ў Беларусі. «Зараз будзем усім знаёмым пра гэта распавядаць», — казалі гэтыя сукамэрнікі Макара. Паводле маладога чалавека, большасьць затрыманых за кратамі трымаліся мужна і казалі, што будуць зноў пратэставаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG