Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пецярбурскі журналіст: Баязьліўцу застаецца толькі пакаяньне


Аляксандар Астаф’еў, фотакарэспандэнт з Санкт-Пецярбургу, правёў у спэцпрыёмніку у Менску тры дні — ад 19 да 22 сьнежня. Пасьля трохдзённай адсідкі ён быў нечакана выпушчаны на волю. А пазьней напісаў пакаянны ліст да беларусаў.

У дасланым на пошту сайту "Беларускі партызан" лісьце ён піша:

"Свабодныя грамадзяне Рэспублікі Беларусь!

Ад усяго сэрца прашу вас прыняць маё пакаяньне.

Я не схлусіў ў доме ісьціны, але ў адзін цяжкі для мяне момант — які апынуўся мне не пад сілу — я зрабіў грэх.

Я збаяўся і змушаны быў сказаць тое, што я сказаў пад відэазапіс супрацоўнікам МУС, а баязьлівасць — адзін з найцяжэйшых грахоў.

Мяне неаднаразова дапытвалі розныя людзі ў цывільным, і ў нейкі момант мне далі зразумець, што МУС чытае ўсе мае SМS-паведамленьні і жадае прачытаць па магчымасьці ўсё, што ў мяне ёсьць на тэлефоне — гэта азначала б, што яны даведаюцца пра ўсе мае кантакты ў Беларусі.

На шчасьце, акумулятар сеў, што азначала толькі некаторую адтэрміноўку ў часе. І я зразумеў, што не вытрымаю сур’ёзных допытаў — я б заблытаўся ў хлусьні, і яны ў выніку выцягнулі б з мяне ўсё аб трэціх асобах у Беларусі, з кім я меў кантакты. Гэта магло прывесьці да пагаршэньня становішча ўжо арыштаваных, а таксама да арыштаў тых, хто застаўся на волі. І я збаяўся — збаяўся, што не змагу ім процістаяць — больш за тое, я выразна гэта ўсьведамляю, — я ня змог бы схаваць ад іх нічога, калі б яны гэтага пажадалі. Яны выявіліся мацнейшымі за мяне.

Таму, пасьля чарговай "гутаркі", калі мне прапанавалі заявіць пад відэазапіс пра раней ужо мною абвешчаную галадоўку і даць адначасова камэнтар пра падзеі 19 сьнежня ў Менску, сьведкам якіх я зьяўляюся, я пагадзіўся.

Я пагадзіўся, разумеючы, што мне прыйдзецца хлусіць аб падзеях, інакш яны выцягнуць з мяне праўду аб людзях.

Я сказаў прыкладна наступнае:

— АМАП дзейнічаў прафэсійна.
— У цэлым апэрацыя на плошчы была арганізаваная гуманна.

Кажучы, што АМАП дзейнічаў прафэсійна, я меў на ўвазе, што іх прафэсія — Ланцуговыя Сабакі, і ў гэтым сэнсе яны дзейнічалі на залімітавым узроўні прафэсіяналізму.

Ацэньваючы ў цэлым апэрацыю на плошчы, як гуманную, я меў на ўвазе, што ў дадзенай сытуацыі МУС магло адкрыць агонь па прысутных і лёгка апраўдацца, ахарактарызаваўшы тое, што адбылося, як спробу дзяржаўнага перавароту, але абмежавалася масавымі арыштамі.

Таксама я ганебна агульна апісаў астатняе, што бачыў. Я сказаў, што некаторыя супрацоўнікі АМАПу дзейнічалі вельмі жорстка. А павінен я быў сказаць, што асобныя прадстаўнікі МУС паводзілі сябе па-рознаму — хто па-зверску, а хто па-скоцку, што, зрэшты, не выключае верагоднасьці, што сярод супрацоўнікаў МУС былі і тыя "хто не страляў". Калі такія былі — дзякую ім за тое, што яны змаглі захаваць свой чалавечы твар у гэтым брудзе, і заклікаю неадкладна падаваць у адстаўку — чыстым людзям няма месца ў такой клаацы.

Верагодна, я нагаварыў там нечага яшчэ, што не запомніў у той момант памутненьня сьвядомасьці.

Я ведаў што МУС РБ мае намер паказаць гэты відэазапіс па цэнтральным тэлебачаньні Беларусі. І я разумею, што я гэтым нарабіў. І ня маю права апраўдвацца. Адзінае што мне застаецца — пакаяньне".

P. S. : Як толькі я апынуўся ў Пецярбургу, я выбачыўся ў радыёэфіры за гэтае "інтэрвію", але я усьвядоміў, што выбачыцца можна толькі за памылку. Такі ж учынак — не памылка. Гэта грэх. І грэх найцяжэйшы".

Аляксандар Астаф'еў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG