Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 25 – 26 сьнежня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

СЬПЯРША ДОЖДЖ, ТАДЫ СЬНЕГ...


У суботу ад нуля да пяці градусаў, у нядзелю нуль – мінус пяць.

НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:


Каля ізалятару часовага ўтрыманьня на вуліцы Скарыны, 20 у Менску – сьпевы хрысьціянскіх гімнаў і калядак у падтрымку зьмешчаных у ізалятар жанчын (25 сьнежня, 19.00).

Навагодні фэстываль “З ног на галаву” (25 – 26 сьнежня, Менск, галерэя сучаснага мастацтва “Ў”, праспэкт Незалежнасьці, 37а).

Калядная мэтал-ёлка ў “Рэактары” (25 сьнежня, Менск, клюб “Рэактар”, вул. Харужай, 29, 17.00).

Рок-фэстываль “Rock in the Castle” (25 сьнежня, гістарычна-культурны цэнтар “Рытэрбург” пад Менскам, 18.30).

ТАМ, ДЗЕ НАС НЯМА:


25 сьнежня

У Ватыкане папа рымскі Бэнэдыкт XVI выступіць з традыцыйным пасланьнем “гораду і сьвету”.

26 сьнежня

У Лёндане чакаецца правядзеньне страйку машыністаў мэтро.

ЁСЬЦЬ НАГОДА:


У вернікаў-хрысьціянаў, якія прытрымліваюцца грыгарыянскага календара, – сьвята Божага Нараджэньня.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:


25 сьнежня 1979 году ў цэнтры Менску міліцыя разагнала першую калядную працэсію, наладжаную студэнтамі зь “Беларускай майстроўні” – арганізацыі, што стала пачаткам усяго арганізаванага адраджэнскага руху ў паваеннай Беларусі.

25 сьнежня 1991 году незалежная Беларусь была прызнаная найбуйнейшымі краінамі сьвету на чале з ЗША.

25 сьнежня 1891 году ў Вішневе на Валожыншчыне нарадзілася Ўладзіслава Луцэвіч, жонка Янкі Купалы. 25 сьнежня прыйшлі на сьвет дзьве народныя артысткі Беларусі: у 1918-м нарадзілася Зінаіда Канапелька, а ў 1936-м – Лілія Давідовіч.

26 сьнежня 1926 году выйшаў на экраны першы беларускі мастацкі фільм “Лясная быль”. Зьняў яго кінарэжысэр Юры Тарыч паводле аповесьці Міхася Чарота “Сьвінапас”. Цікава, што рабіліся першыя беларускія фільмы ў Расеі, у тагачасным Ленінградзе – па-беларуску. Калі ж кінастудыя перабралася ў Беларусь, у Менск, фільмы пачалі здымаць і цяпер здымаюць пераважна па-расейску.

26 сьнежня 1937 году ў Менску НКВД расстраляла двух дзеячоў беларускага адраджэньня: актора Антона Ждановіча, які з 1917 году граў у вандроўных тэатральных трупах, а пасьля ў Белдзяржтэатры-1 пад псэўданімам Антук Крыніца, і этнографа і мовазнаўцу Мікалая Касьпяровіча, які быў адным з галоўных завадатараў краязнаўчага руху ў БССР 1920-х гадоў.

26 сьнежня ў розныя гады прыйшлі на сьвет кампазытар, народны артыст Беларусі Яўген Цікоцкі – заснавальнік жанраў опэры і сымфоніі ў беларускай савецкай музыцы – і кітайскі камуністычны кіраўнік Мао Цзэдун.

МІНУС 365:


Год таму на сайце “Свабоды”: “Савецкая акупацыя Аўганістану: змарнаваныя гады і загубленыя жыцьці”.

КАЛЯДКА НА ПАМЯЦЬ:


Учора зь вячора засьвяціла зора.
Зора засьвяціла, сьвет узьвесяліла.
Сьвет узьвесяліўся, Хрыстос нарадзіўся.
Хрыстова Раджэньне людзям на збаўленьне.
Людзі прыбягайце, Хрыста прывітайце.
Здаровы бывайце, нам каляду дайце.
Здаровы сьвяткуйце, дайце, не шкадуйце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG