Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьняволілі. Але не зламалі


У рэгіёнах родныя затрыманых і асуджаных за ўдзел у акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасьці ў Менску зьбіраюць перадачы з рэчаў і прадуктаў, каб перадаць зьняволеным. Многія людзі з рэгіёнаў наведваюць турмы на Акрэсьціна і ў Жодзіна, дзе ўтрымліваюцца іх блізкія. Сытуацыю ўдакладняюць рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".


ГОМЕЛЬШЧЫНА


У ізалятары ня кажуць пра стан здароўя галадоўнікаў

Гомельскія актывісты наведалі сёньня ізалятар часовага ўтрыманьня ў Гомелі, дзе адбываюць пакараньне арыштамі давераныя асобы кандыдатаў у прэзыдэнты Юры Клімовіч, Валер Сьляпухін і Юрась Захаранка.

Гаворыць рэгіянальны прадстаўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Віктар Казлоў:

“Мы зараз купілі для тых, хто сядзіць у ізалятары, мінэральную ваду, сок, газэты — “Наша Ніва”, “Беларусы і рынак” — і цыгарэты Юрасю Захаранку. Ён паліць, таму й купілі яму цыгарэты. Як яны пачуваюцца, невядома — ніякай інфармацыі няма. Сядзяць яны ў розных камэрах”.

Ахоўнікі ізалятару перадачы прынялі, але ніякай інфармацыі пра галадоўку арыштаваных актывістаў выбарчай кампаніі не далі. Патлумачылі, што нічога ня ведаюць.

Клімовіча, Сьляпухіна й Захаранку міліцыянты затрымалі ў дзень галасаваньня ў розных месцах гораду нібыта за лаянку і адвезьлі ў ізалятар. А ўжо 20 сьнежня таемна прывезьлі ў суд і пакаралі на 12-15 сутак.

Грамадзкая актывістка спадарыня Кацярына, якая наведвала сёньня палітычных арыштантаў у ізалятары, так камэнтуе ўсе гэтыя арышты ў сталіцы й рэгіёнах:

“Давераныя асобы сядзяць у турме. Кандыдаты ў прэзыдэнты сядзяць у турме. Гэта свабодныя выбары? Гэта што ўвогуле такое? Гэта страшэнна! Гэтыя выбары сфальшаваныя. Лукашэнка на іх не перамог. Ён спалохаўся! Ён баіцца грамадзянскага супраціву, ён баіцца народу”.



ГАРАДЗЕНШЧЫНА


“Мне муж стаў яшчэ даражэйшым"

Родныя і блізкія затрыманых на Плошчы, што прыехалі з Гарадзеншчыны, смуткуюць, але спадзяюцца на зьмены ў грамадзтве.

Слонімскі актывіст БХД Барыс Кучынскі асуджаны на 15 сутак і адбывае пакараньне ў турме на Акрэсьціна. Ён ужо ў пэнсійным веку — жонка, спадарыня Людміла, баялася адпускаць яго ў Менск. Муж яе супакойваў: маўляў, усё будзе добра.

Спадарыня Людміла распавядае, што адразу пасьля падзей пачалі тэлефанаваць дзеці. Іх сын у Маскве, усе родныя вельмі хвалююцца. Спадарыня кажа, што асабліва самотна становіцца, калі ўвечары яна застаецца адна ў пустой хаце.

Спадарыня: “Дзякуй усім на працы — мяне падтрымліваюць, ведаюць пра ўсё. І радня падтрымлівае, і тэлефануюць, часам сяброўка заходзіць. Сяджу ўвечары каля тэлефона, але калі па праўдзе, то вельмі самотна”.
Я спадзяюся ўсё ж, што і Расея, і на Захадзе людзі нам дапамогуць ...

Спадарыня Людміла распавядае, што кожны дзень сочыць у інтэрнэце за падзеямі, увогуле ганарыцца сваім мужам, тым, што ён варты чалавек з гуманістычнай грамадзкай пазыцыяй.

Спадарыня: “Ой, цяжка пра ўсё гэта казаць, цяжка… Ну, ня ведаю, там жа людзей шмат, людзі ўсе розныя і па-рознаму настроеныя. Я спадзяюся ўсё ж, што і Расея, і на Захадзе людзі нам дапамогуць. А што далей будзе? Павінна быць усё нармалёва…”.

Мінаюць шостыя суткі ад першага арышту

Кірыл Семянчук, актывіст з штабу Ўладзімера Някляева, быў затрыманы на выезьдзе з Горадні, яго літаральна зь цягніка забралі людзі ў цывільным яшчэ 17-га ўвечары. 18-га яго асудзілі на 6 сутак за ўдзел у агітацыйным пікеце.

Жонка, спадарыня Тацяна, была папросту ў шоку, паколькі амаль паўдня не магла дамагчыся ў гарадзенскіх міліцыянтаў інфармацыі аб тым, дзе знаходзіцца яе муж. Распавядае, што ў хаце ўсе сумуюць, асабліва 5-гадовая дачушка.
Дзіця і спаць ляжа, то плача і пытаецца: чаму тата так доўга на працы? ...

Спадарыня: “Дзіця і спаць ляжа, то плача і пытаецца: чаму тата так доўга на працы? І ўстае раніцай ізноў пачынае пытацца: чаму таты няма так доўга? Дзіця вельмі глыбока гэта ўспрымае, тым больш, яна ўжо вялікая дзяўчынка”.

Ці падтрымліваў яе нехта ўвесь гэты час?

Спадарыня:
“Толькі Алег Калянкоў і адразу патэлефанаваў, і дапамагаў мне, і ўчора таксама патэлефанаваў і сказаў, што ўсё будзе добра. А так за гэтыя шэсьць дзён ніхто на мяне не зьвярнуў увагу. Маральна вельмі цяжка…”.


“Адстойвалі сваю пазыцыю і нарваліся на дубінкі”


У турме ў Жодзіне сёньня знаходзіцца Зьміцер Бандарчук з Горадні, сябра АГП, быў даверанай асобай Уладзіміра Някляева на прэзыдэнцкіх выбарах. Родны дзядзька Зьмітра Бандарчука Юры ведае, што здарылася з пляменьнікам:

“Канечне, шкадуем, кожны будзе шкадаваць у такой сытуацыі, і сытуацыя незразумелая. Бацька — у Расеі, а мама памерла. Спакойны хлопец, нікуды ён асабліва ніколі ня ўлазіў, проста мае свой пункт гледжаньня да гэтага жыцьця, і ён яго прытрымліваўся. Мама памерла, калі ён яшчэ ў школе вучыўся, і з таго часу ніколі ў яго ніколі не было канфліктаў ні з уладамі, ні з міліцыяй, ні з кім. Ну, а тут атрымалася такая сытуацыя: адстойвалі сваю пазыцыю, і нарваліся на дубінкі”.

Сяброўка Зьмітра Бандарчука па партыі Аляксандра Васілевіч вазіла яму перадачу ў турму, вярнулася сёньня ўначы, яна распавядае:

“Мы ўчора езьдзілі ў жодзінскую турму, дзе затрыманых — 480 чалавек. Як сказалі міліцыянты, у іх столькі людзей, затрыманых на Плошчы. Мы павезьлі перадачы пяці гарадзенцам, што знаходзяцца там. Артура Раманчука, калі прывезьлі перадачы, выпусьцілі без тлумачэньня з ізалятару. Яшчэ Даніла і Андрэй, якія па нашых зьвестках дакладна знаходзяцца там”.

Прозьвішчы двух апошніх Аляксандра Васілевіч не называе. Яна працягвае:
Kалі чалавека затрымалі а трэцяй гадзіне ночы, то так і выпусьцяць — ідзі куды хочаш ...

“Там вельмі вялікая чарга, паколькі перадачаў шмат. І стаяць трэба па тры з паловай гадзіны. Там праваабаронцы вядуць сьпісы — каго на колькі асудзілі, і каб забраць людзей. Міліцыянты патлумачылі, што калі чалавека затрымалі а трэцяй гадзіне ночы, то так і выпусьцяць — ідзі куды хочаш. А я думаю, што сувязі зь Менскам там ноччу няма”.

Аляксандра Васілевіч разважае:

“Калі там 480 чалавек, то колькі на Акрэсьціна? І яшчэ ж дадаўся трэці ізалятар у Менску, дзе таксама знаходзяцца затрыманыя. Мне здаецца, што тады павінна быць затрыманых не шэсьцьсот зь нечым, а нашмат болей”.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Былы начальнік Івацэвіцкага СІЗа асуджаны на 15 сутак

Зь Івацэвічаў некалькі сямей зьбіраюць цёплыя рэчы для сваіх родных.

Станіслаў Халадовіч з Івацэвічаў пэнсіянэр МУС. Былы міліцыянт быў начальнікам Івацэвіцкага СІЗА. Яго затрымалі на Плошчы і асудзілі на 15 сутак арышту, якія ён адбывае ў Жодзіна. Яго жонка Надзея Васільеўна надзвычай перажывае з гэтай прычыны. Але, як кажа жанчына, калі раней яна была катэгарычна супраць палітычнай дзейнасьці мужа, то цяпер наадварот, стала на яго бок:
цяпер я ў душы цалкам на яго баку ...

"Я ўсё жыцьцё была супраць яго палітычнай дзейнасьці. Я пастаянна казала яму: ня лезь, не ўмешвайся. Нават варагавалі з-за гэтага. І мне непрыемна, і людзі кажуць шмат нядобрых рэчаў. Але вось зараз, як яго асудзілі, то мне падаецца, што ён жа за праўду змагаўся. Таму цяпер я ў душы цалкам на яго баку".

Жонка Станіслава Халадовіча Надзея кажа, што на працы даводзіцца чуць шмат негатыўных водгукаў. Яна адзначае, што нават паспрачалася з калегамі, што якраз гэтае затрыманьне можа стаць ня чорнай плямай, а наадварот. Толькі час расставіць ўсе на свае месцы:

"Людзі проста замбаваныя гэтым БТ. На працы перагаворваюцца, што на Плошчы былі бандзюкі. А мне вельмі непрыемна. Слухаеш гэты бруд — і робіцца не па сабе ад хлусьні, бруду, хамства".

Падзеі на Плошчы зьмянілі сьветапогляд жанчыны карэнным чынам. Цяпер, кажа Надзея, яна па-іншаму глядзіць і на палітыку, і на палітыкаў, і на дзейнасьць мужа:

"Ніколі раней не цікавілася асабліва палітыкай. Але ў тую ноч мы з сынам сядзелі ледзь не да раніцы перад спадарожнікавым тэлебачаньнем. Станіслаў патэлефанаваў апоўначы і паведаміў, што яго затрымалі. Я тады нават ўздыхнула, добра што жывы, бо бачыла, колькі было крыві. Пасьля гэтага званку я сказала сыну, што пойдзем спакойна спаць, абы жывы! Галоўнае каб быў жывы і здаровы".

"У камэры практычна няма паветра…"


Віктар Чайкоўскі, даверная асоба Мікалая Статкевіча, якога арыштавалі 19 сьнежня, адзначае, што ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары часовага ўтрыманьня жудасныя:

"У камэры практычна няма паветра, сыстэма вэнтыляцыі не паддаецца крытыцы. Электрычнае сьвятло такое, што немагчыма заняцца чытаньнем. Прагулка прадугледжваецца ў невялікі дворыку на працягу дня толькі 15-20 хвілін. Але якая прагулка, калі навокал толькі краты".

ВІЦЕБШЧЫНА


"Прарочыя радкі Някляева: "Адпусьціце паэта!"


Кастусь Севярынец, бацька Паўла Севярынца, якога ўжо афіцыйна абвясьцілі падазраваным па справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня, камэнтуе навіну так:
Якія там масавыя беспарадкі? Пакажыце мне! Я бачу: паўсюль людзей малоціць АМАП, і так малаціў, што сваіх памалаціў… ...

"Цяпер яны робяць выгляд, што вядуць сьледзтва. Якое сьледзтва? Зараз жа не XIX стагодзьдзе! Усё зьнята і запісана! І выдатна бачна, хто ўсе ўтварыў. Якія там масавыя беспарадкі? Пакажыце мне! Я бачу: паўсюль людзей малоціць АМАП, і так малаціў, што сваіх памалаціў… Хаця не, радасьць адна ў мяне ёсьць: я цяпер ведаю, хто за Паўла адказны, да якой установы ён “прыпісаны”. У нас жа бывае так: наляцелі людзі ў цывільным ці ў чорным — і няма чалавека! Вунь Някляева, пабітага, зьнявечанага, знайсьці ня могуць, і ўсё!"

Зьбіцьцё і зьдзек над Уладзімерам Някляевым паэт Кастусь Севярынец гэтаксама ўспрымае, як асабісты боль:

"Выдатнага, цудоўнага паэта скралі, і тры дні ня кажуць, дзе ён! Божа барані! Я зараз дастаў томік вершаў Уладзімера Някляева, чытаю — і некаторыя радкі нават прарочымі падаюцца… Еўтушэнка крычма крычыць “Адпусьціце паэта!” А яны ня слухаюць, яны ня чуюць! Усё робіць гэтая гайня, якая ў школе, пэўна, вершаў і не чытала!"

У такіх умовах бацька арыштаванага Паўла Севярынца ўскладае надзею толькі на салідарнасьць беларусаў, на падтрымку, якую адчувае штодня:

"Я так удзячны людзям, якія мяне падтрымліваюць! Тэлефануюць — тэлефон не змаўкае, па інтэрнэце пішуць… Ніводнага дрэннага слова ў адрас Паўла я не пачуў! І гэта мяне натхняе і падтрымлівае. Я ўдзячны ўсім! Калі пачаць пералічваць, то атрымаецца вялізны сьпіс — куды больш за 600 чалавек, якіх пасадзілі!"

У турме трымалі непаўналетнюю дзяўчыну"

Зь Менску ў Віцебск прыйшла сёньня яшчэ адна навіна: на волі 17-гадовая Марыя Вайнова, якую затрымалі 19 сьнежня. Як высьветлілася, непаўналетнюю дзяўчыну амаль што адразу адпусьцілі, і ў Віцебск яна не вярнулася па ўласнай волі: засталася, каб падтрымаць сваіх сяброў-аднадумцаў.

"Учора я яе бачыла. Выглядае яна нармальна. Паколькі яна непаўналетняя, то яе адпусьцілі пад нейкую падпіску", — паведаміла віцебская актывістка кампаніі “Наш дом” Тацяна Якаўлева.

Марыя Вайнова — адна з распаўсюдніц газэты “Наш дом”. Яе затрымалі разам з магілёўскай актывісткай кампаніі “Наш дом” Хрысьцінай Шацікавай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG