Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Пушкін гатовы выконваць рашэньні чацьвёртага Ўсебеларускага сходу


Алесь Пушкін
Алесь Пушкін
Сёньня скончыўся тэрмін зьняволеньня мастака Алеся Пушкіна. 9 сьнежня яго затрымалі і пасадзілі на 13 сутак за нібыта бойку з аднавяскоўцам. Пасьля вызваленьня ён з прыгодамі выбіраўся з раённага цэнтру Крупкі ў пасёлак Бобр, дзе жыве сям’я мастака.

На думку Алеся Пушкіна, напярэдадні выбараў улады зноў знайшлі нагоду, каб засадзіць яго ў пастарунак. У знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку. У нядзелю галасаваць за кратамі адмовіўся. У аўторак днём яго вызвалілі. Супрацоўнік Крупскага РАУС капітан міліцыі Макараў распавёў:

«Мы яго вызвалілі, як мае быць, і павезьлі ў шпіталь для аказаньня мэдычнай дапамогі».

Карэспандэнтка: «А што зь ім было, чаму яму спатрэбілася дапамога?»

«Таму што ён 13 сутак не ўжываў ежу. Таму мы і завезьлі яго. Сам ён адмовіўся ісьці, таму мы яго заносілі. Можа, у яго ногі аслаблі, можа, сам не хацеў ісьці. Таму мы завезьлі яго ў прыёмны пакой і пакінулі там. А потым нам паведамілі, што з прыёмнага пакою ён сышоў сваімі нагамі».

У прыёмным пакоі Крупскай раённай бальніцы таксама пацьвердзілі, што Пушкін сам сышоў адтуль. Як ён дабіраўся да хаты, распавядае сам Алесь Пушкін:

«Я кажу: „Капітан Макараў (дарэчы, харошы хлопец, харошы афіцэр, дастойны), ну вы ж мяне ўзялі з хаты, ад жонкі, туды і занясіце, пакладзіце — сам пяшком хадзіць ня буду, бо не па сваёй волі вы мяне сюды прыцягнулі“. Ён кажа: „Добра, Аляксандар Мікалаевіч, усё будзе ў ажуры“. Паклалі мяне ў машыну і завезьлі чамусьці не дамоў, а ў шпіталь. Маўляў, вы аслаблены галадоўкай, вы тут паляжыце, вас абсьледуюць. Памахаў рукой і пайшоў… Я паляжаў у калідорчыку, да мяне ніхто не падыходзіць — я і пайшоў на шашу. Прагаласаваў. Пад’ехала чамусьці машына з КДБ, маўклівыя хлопцы кажуць: „Мы ведаем, куды вас давезьці“. Я кажу: „Не хачу адразу дамоў, высадзіце мяне каля могілак, зайду на магілу да мамы“. Пастаялі, паглядзелі. Пайшоў Пушкін далей — другая машына адсачыла, што каля школы прайшоў. Даклалі, напэўна, па інстанцыях, што Пушкін дастаўлены дамоў».

Карэспандэнтка: «А як вы сябе адчуваеце пасьля галадоўкі?»

«Вельмі лёгка. Цудоўна. У раду нашым бабуля пехам у Кіеў хадзіла, яна мне казала, што можна галадаць нават і 20 дзён, але трэба ляжаць і піць ваду, і нічога не рабіць. Дарэчы, ідзе зараз пост. Так што ня так страшна 13 дзён бязь ежы. Жонка сустрэла героя, дзеткі рады. Самае галоўнае, што жоначка закахалася ў мяне па другім разе. Нават паабяцала падарыць сына. Трэба ж выконваць рашэньні чацьвёртага Ўсебеларускага сходу, праўда ж?»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG